Меркаванні

Віктар Марціновіч: Калі ўсё забаронена

Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра сённяшнюю сітуацыю ў нашай краіне.

Я сапраўды не памятаю такіх часоў.

Хаця, здаецца, прайшоў поўны цыкл, быў відавочцам таго, як усё пачыналася.

І вось чаму ўсе няпэўныя трывалі:

Заўсёды была нейкая адтуліна.

Калі «бяруць» за мітынгі ў Курапатах — можаш пайсці на канцэрт Міхалка ў парку Горкага. Калі ўжо і Міхалка з Кулінковічам забаранілі (а былі такія часы) — збоч да мастацкай выставы, якая нагадае табе, што такіх як ты, якія думаюць упоперак, — да халеры.

Я выдатна памятаю сваё здзіўленне, калі наведнікі маёй сустрэчы з чытачамі ў Нямеччыне асцярожна пыталіся, ці дазволена нам, жыхарам краіны шчасця, вольна выязджаць за жалезную заслону. Мне тады падавалася, што немцы пераціскаюць.

Не ўсё так дрэнна.

І я, памятаю, даводзіў, што кнігу, напрыклад, немагчыма канчаткова забараніць у XXI стагоддзі, што таленавіты тэкст разумнейшы за забароны.

І вось мы тут.

У сусвеце тэкстаў, што прызнаныя экстрэмісцкімі.

У сусвеце мастацкіх выстаў на тэмы, далёкія ад палітыкі (медыцына і дактары, камон!), якія закрытыя — не, не камісіяй па супрацьдзеянні парнаграфіі — бо гэта было б артам, а МНС.

Год таму любы тэатральны рэжысёр, любы арганізатар культурніцкай імпрэзы, любы пісьменнік перад аўтограф-сесіяй хваляваліся: «Толькі б прыйшлі, толькі б прыйшлі, толькі б прыйшлі».

Бо гледачы, наведнікі, чытачы, перасычаныя разнастайнасцю культурніцкага жыцця, мелі нораў і хадзілі не да ўсіх.

Цяпер таксама хвалююцца.

Але не так.

А вось як: «Толькі б не прыйшлі, толькі б не прыйшлі».

І размова, зразумела, не пра гледачоў, наведнікаў і чытачоў.

Амаль не засталося мастацкіх дзеянняў, якія не заканчваліся б сінім бусам з таніраваным шклом.

І, галоўнае, абсалютна немагчыма прадказаць, дзе, у якім месцы, «паступіць сігнал».

Вось, здавалася б, ты мастак. Ці ўладальнік арт-прасторы. Дзе тут падстава для затрымання? Для крымінальнай справы?

Але ж, дзядзька! Але ж!

Усё як у той формуле: калі яны прыйшлі па камуністаў, я маўчаў, бо я не быў камуністам; калі яны прыйшлі па сяброў прафсаюза, я маўчаў, бо не быў сябрам прафсаюза. Калі яны прыйшлі па мяне, гаварыць за мяне ўжо не было каму.

Упершыню адтулін не засталося.

Чым бы ты ні займаўся, твая бяспека не гарантаваная. І так, калі ты проста зладзіў Масленіцу ў Крэве, ёсць шанец, што пасля, разабраўшыся, на цябе нават не завядуць крымінальнай справы.

Праблема ў тым, што тых, хто хоча рызыкнуць і праверыць, больш няма.

Усе найбольш актыўныя з’ехалі. Іх настолькі шмат, што не так даўно я заўважыў, што за мяжой цяпер абсалютна ўсе беларускія музыкі, якіх я гадамі стала слухаў у машыне (Nizkiz тады не было, sorry). Астатнія яшчэ спрабавалі рухацца так, быццам новай сітуацыі не ўзнікла. Але хутка ўперліся ў столь.

І невінаватых не засталося.

Вы ж глядзіце: яны «выпальваюць гарачым жалезам» цэлыя напрамкі дзейнасці. І ты можаш гандляваць чэшскімі машынамі ці крэмам «Нівея», але гэтая сітуацыя агульнай забароны дойдзе і да цябе. Рана ці позна.

Пасля чарговай гучнай нарады. Ад якой халадзеюць нават тыя, каму належыць быць выканаўцамі.Вінаватыя музыкі, бо не тое спяваюць.

Вінаватыя спартоўцы, бо не да таго заклікалі.

Вінаватыя рэкламадаўцы, бо не тым даюць рэкламу.

Вінаватыя гандляры, бо нібыта не гандлявалі беларускім (хіба гэта праўда)?

Вінаватыя журналісты, бо яны ў гэтай краіне заўсёды вінаватыя.

Вінаватыя нават тэатралы! Тэатралы, вы чуеце? Тэатралы паўсюдна, ва ўсім свеце, з шэкспіраўскіх часоў, ніколі ні за што не адказваюць. Хіба за тое, што ніхто не смяецца, калі яны жартуюць.

А тут — вінаватыя ў нелаяльнасці.

І падлягаюць выкараненню.

Цябе, вольнага, самаўпэўненага, прагнага хіба што добрай кавы з лаймам, ад вільгаці закратаванага скляпення аддзяляе толькі не так сказанае слова.

Адзін учынак, які б год таму нават не заўважылі.

Жыццё тут робіцца танцам над безданню.

І вымагае шмат мужнасці.

Кожны світанак — невялічкі іспыт. Ці застаўся чалавекам? Ці застаўся вольным?

Забаронена ўсё, уключаючы вядзенне рэпартажаў з вулічных акцый.

Забаронена хадзіць па вуліцах не ў тыя дні.

Бібікнуў, пабачыўшы аднадумцаў? Маеш рэальную перспектыву страціць правы.

І я вось што думаю.

Тыя адтуліны.

Што былі раней.

Яны ж браліся не з літасці.

Бо літасці савецкая сістэма не ведала. А гэтыя… Яны проста пераносілі ўсё з ранейшых, больш таталітарных, але і нашмат больш прадуманых часоў.

І тыя ранейшыя дзядзечкі ў рагавых акулярах з азызлымі тварамі чамусь зыходзілі з таго, што быдлу — то бок нам з вамі — усё ж патрэбныя нейкія свісткі для выхаду эстэтычнай пары. Яны не вялі вайны, яны збіраліся ўладарыць вечна. І рабілі так, каб тое ўладаранне было магчымым.

Менавіта таму ў СССР былі «шасцідзясятнікі». Вазнясенскі, Высоцкі, тэатр на Таганцы, Марк Захараў, Андрэй Таркоўскі, і Сахараў, і Адамовіч, і Караткевіч.

Тое, што адбываецца цяпер, — эксперымент па забароне дыхання.

На такі эксперымент не наважваліся нават вялікія стомленыя папярэднікі, якія запачаткавалі той страх, які зноўку пакліканы тут усім кіраваць.

Хіба яны былі дурнямі?

Каментары

Цяпер чытаюць

Маладую беларуску пратрымалі ў расійскім СІЗА амаль 4 гады і апраўдалі. А кампенсацыю далі такую, нібыта ў твар плюнулі6

Маладую беларуску пратрымалі ў расійскім СІЗА амаль 4 гады і апраўдалі. А кампенсацыю далі такую, нібыта ў твар плюнулі

Усе навіны →
Усе навіны

У Баранавіцкім раёне трапіў у ДТЗ аўтамабіль з клубніцамі. Ягады заслалі дарогу ФОТА2

Тры нажы, чатыры гадзіны і 35 літраў. Беларусы актыўна збіраюць першыя лісічкі4

Міністр замежных спраў Літвы сустрэўся з прадстаўнікамі беларусаў і запэўніў іх у нязменнасці палітыкі10

18‑гадовы сын Рамзана Кадырава Адам атрымаў званне Героя Чачні. Другі раз8

Купалаўскі тэатр прэзентуе спектакль «Чорны замак Альшанскі»1

Індыя закупіла беларускія ўдарныя дроны-камікадзэ4

Камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе заявіў, што Пуцін не шукае вайны з НАТА4

«Павісла на гэтых жалязяках». Мінчанцы турнікетам зламала нагу ў метро26

41‑гадовую жанчыну з Бабруйска асудзілі па палітычнай справе. Да яе чапляліся яшчэ ў 2020‑м

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маладую беларуску пратрымалі ў расійскім СІЗА амаль 4 гады і апраўдалі. А кампенсацыю далі такую, нібыта ў твар плюнулі6

Маладую беларуску пратрымалі ў расійскім СІЗА амаль 4 гады і апраўдалі. А кампенсацыю далі такую, нібыта ў твар плюнулі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць