Навукоўцы вырасцілі вымерлае біблейскае дрэва з семені, якое праляжала тысячу гадоў
Насенне старажытнага дрэва адшукалі ў пячоры ў Іўдзейскай пустыні яшчэ ў 1980-я гады.

Навукоўцы выказалі здагадку, што гэтая расліна роду Каміфора (Commiphora) згадваецца ў біблейскіх тэкстах. Гісторыя насення, якое праляжала ў зямлі амаль тысячу гадоў, не толькі ўражвае, але і адкрывае новыя магчымасці для вывучэння старажытнай флоры засушлівага рэгіёну. Пра гэта паведамляе партал Naked Science.
У даследаванні, апублікаваным у часопісе Communications Biology, міжнародная даследчая група апісала ўвесь шлях знаходкі — ад археалагічных раскопак і першых парасткаў да развіцця расліны.

Радыевугляродны аналіз насення, знойдзенага ў пячоры ў паўночнай частцы Іўдзейскай пустыні, паказаў, што яно датуецца 993—1202 гадамі нашай эры. Знаходку перадалі ў Цэнтр устойлівай сельскай гаспадаркі (Ізраіль), дзе даследчыкі здолелі яго прарасціць.
Спачатку насенне падрыхтавалі да пасадкі, апрацаваўшы спецыяльнымі растворамі для стымуляцыі росту, пасля чаго пасадзілі ў стэрыльную глебу. Праз пяць тыдняў з'явіўся першы парастак, што само па сабе стала значнай падзеяй.

Прыналежнасць расліны да роду Каміфора — сямейства Бурзэравых, вядомых сваімі смалістымі выдзяленнямі, — вызначылі з дапамогай секвенавання ДНК і філагенетычнага аналізу. Хоць расліна не супадае ні з адным з вядомых навуцы відам, яе найбліжэйшымі сваякамі аказаліся тры віды таго ж роду з далёкай Паўднёвай Афрыкі.
Гэтая сувязь здзіўляе, паколькі Каміфора звычайна асацыюецца з рэгіёнамі Афрыкі, Мадагаскара і Аравійскага паўвострава.
Аўтары навуковай працы выказалі здагадку, што расліна звязана з «цоры» — смалой, згаданай у Бібліі і вядомай сваімі гаючымі ўласцівасцямі. У адрозненне ад іншых відаў роду Каміфора, якія цэняцца за іх араматычныя смолы, новая расліна мае мала араматычных злучэнняў. Аднак наяўнасць у ёй раней невядомай серыі глікаліпідаў, якія могуць валодаць фармакалагічнай актыўнасцю, дазваляе меркаваць, што расліну выкарыстоўвалі ў лячэбных мэтах.

Дрэва, якое каманда назвала Шыба, дасягае трох метраў у вышыню і дае навукоўцам унікальную магчымасць вывучыць вымерлую расліну.
Даследчыкі высунулі некалькі гіпотэз пра тое, як насенне апынулася ў пячоры. Яго маглі прынесці птушкі або жывёлы, але не выключаны і ўдзел людзей, якія захоўвалі насенне для наступнага выкарыстання. Каманда плануе працягнуць даследаванні, каб дакладна вызначыць від расліны і вывучыць яго ўласцівасці.
-
Амерыканскія ўлады хочуць выпрабаваць на мяжы нябачны «цеплавы прамень», ад якога чалавеку здаецца, што ён гарыць
-
Нобелеўскі лаўрэат чакае з'яўлення штучнага інтэлекту чалавечага ўзроўню ўжо праз два-тры гады. Што зможа разумная тэхніка?
-
У РНР знайшлі крытычныя дзіркі. Пад пагрозай 70 працэнтаў сайтаў
Цяпер чытаюць
«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім
Каментары