Звычайны скотч аказаўся больш эфектыўным за мяшкі з пяском пры абароне дзвярэй ад паводкі
Праз заклееныя дзверы вады трапляла на 99% менш у параўнанні з неабароненымі дзвярыма.

Падтапленні жылых дамоў — праблема, добра знаёмая беларусам. Яны здараюцца не толькі падчас вясновых паводак, калі рэкі выходзяць з берагоў, але і пасля моцных залеваў.
Калі ўзнікае пагроза затаплення, адна з галоўных задач — не даць вадзе пранікнуць у будынак. Для гэтага выкарыстоўваюць мяшкі з пяском, якімі закладваюць уваходы, часовыя загароды, а часам і спецыяльныя воданепранікальныя бар'еры.
Але традыцыйныя сродкі маюць недахопы. Мяшкі трэба загадзя падрыхтаваць, прывезці і правільна ўкласці, а нават шчыльна складзеныя яны не забяспечваюць поўнай герметычнасці. Таму, як піша аўстрыйскае выданне Der Standard, даследчыкі з брытанскага Універсітэта Хала вырашылі праверыць, ці можна абараніць уваходныя дзверы больш простым спосабам — з дапамогай клейкай стужкі.
Скотч супраць мяшкоў з пяском
Пад кіраўніцтвам прафесара Сцюарта Маклеланда навукоўцы правялі серыю лабараторных эксперыментаў з шасцю тыпамі ўваходных дзвярэй. Перад імі паступова павышалі ўзровень вады — да 60 сантыметраў. Пры гэтым вымяралі, колькі вады пранікае на другі бок.
Спачатку выпрабавалі дзверы без дадатковай абароны, а затым паспрабавалі герметызаваць шчыліны з дапамогай чатырох відаў клейкіх стужак. Навукоўцы выкарысталі шырокі армаваны сантэхнічны скотч на тканкавай аснове, алюмініевы скотч, жоўтую пластыкавую клейкую стужку і спецыяльную герметызавальную стужку на аснове сінтэтычнага каўчуку.

Вынік уражвае. Найлепш справілася спецыяльная каўчукавая стужка, якая меншыла пранікненне вады на 99% у параўнанні з неабароненымі дзвярыма. Амаль такі ж вынік (97-98%) паказаў звычайны армаваны сантэхнічны скотч. Алюмініевы і пластыкавы скотч таксама аказаліся эфектыўнымі, хоць і саступілі першым двум варыянтам. Нават найменш эфектыўная з выпрабаваных стужак скараціла пранікненне вады на 80%.
Даследчыкі таксама заўважылі, што на вынік уплываюць канструкцыя дзвярэй і кірунак, у якім яны адчыняюцца. Дзверы, якія адчыняюцца вонкі, самі па сабе лепш супрацьстаялі пранікненню вады, чым тыя, што адчыняюцца ўнутр. Акрамя таго, заклейванне шчылін з вонкавага боку аказалася больш эфектыўным, чым з унутранага.
Для параўнання навукоўцы выкарысталі мяшкі з пяском. Іх укладвалі перад дзвярыма, выкарыстоўваючы таксама поліэтыленавую плёнку. Аднак нават у найлепшым выпадку такая абарона скараціла пранікненне вады толькі прыкладна на 70%.
Што трэба ўлічваць
Каб скотч сапраўды дапамагаў стрымліваць ваду, важна правільна яго наклеіць. Найлепш ён трымаецца на чыстых і сухіх паверхнях, таму герметызаваць дзверы трэба загадзя, пакуль вада не падышла да дома. Больш эфектыўным аказалася заклейванне шчылін з вонкавага боку дзвярэй, а не з унутранага.
Скотч мае і практычныя перавагі. Ён адносна недарагі, займае мала месца, яго лёгка захоўваць і пры неабходнасці выкарыстоўваць. Мяшкі з пяском, наадварот, цяжкія, патрабуюць больш намаганняў пры падрыхтоўцы і размяшчэнні, а пасля кантакту з забруджанай паводкавай вадой могуць ствараць праблемы з утылізацыяй.
Аднак навукоўцы папярэджваюць, што скотч не гарантуе поўнай абароны ад паводкі. Эксперыменты праводзіліся пры ўзроўні вады не большым за 60 сантыметраў, таму нельга сцвярджаць, што такі спосаб будзе аднолькава добра працаваць пры больш сур'ёзных затапленнях.
Да таго ж вада можа пранікаць у дом не толькі праз дзвярныя шчыліны, але і праз сцены, падлогу, падвальныя вокны або каналізацыю. Таму скотч варта разглядаць як дадатковы сродак абароны, а не замену спецыяльным супрацьпаводкавым прыстасаванням.
Цяпер чытаюць
«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек
Каментары