Пахавальная палітыка Рурыкавічаў. Дзе спачылі беларускія князі часоў Старажытнай Русі?
Як выбіралі месцы для княжацкіх некропаляў дынастыі Рурыкавічаў, чым унікальныя пахаванні ў Полацку і чаму менскага князя ў Кіеве пахавалі асобна ад усіх іншых — пра гэта ў новым выпуску падкаста «Так склалася гістарычна» расказаў беларускі гісторык Юрый Кежа.

Кежа даследуе пахаванні Рурыкавічаў канца X — першай паловы XIII стагоддзя ў кантэксце дынастычных стратэгій і сімвалічнай рэпрэзентацыі ўлады гэтага княжацкага роду. У першую чаргу даследчыка цікавіць, як месца пахавання было звязана з асобай пахаванага князя і наколькі выбар месца быў свядомым.
Адзіная дынастыя Усходняй Еўропы
Станаўленне роду Рурыкавічаў звязана з пранікненнем у IX стагоддзі на землі ўсходніх славян, балтаў, фіна-уграў, шматлікіх скандынаўскіх груповак ваяроў, гандляроў, рамеснікаў. Адна з такіх груповак — «русь» — на працягу другой паловы IX і ўсяго X стагоддзя распаўсюджвае сваё палітычнае панаванне на большую частку Усходняй Еўропы.
Ужо да канца X стагоддзя можна казаць пра паўнавартасную княжацкую дынастыю, якая вядзе свой род ад легендарнага Рурыка і складаецца з вялікай колькасці князёў-сваякоў. На працягу XI-XII стагоддзяў велізарны княжацкі род падзяляецца на асобныя княжацкія лініі, названыя па імёнах найбольш вядомых родапачынальнікаў: Манамашычы, Ольгавічы і полацкіх князёў Рагвалодавічаў — нашчадкаў першага вядомага полацкага ўладара Рагвалода, што вельмі важна, па мацярынскай лініі.
Паводле слоў Кежы, вялікае значэнне ў панаванні дынастыі меў культ княжацкіх продкаў, які ў першую чаргу праявіўся ў асаблівым іменаслове дынастыі, пэўным наборы імёнаў, характэрных толькі для прадстаўнікоў княжацкага роду, а таксама з пазначэннем прасторы праз будаўніцтва хрысціянскіх храмаў, якія павінны былі стаць своеасаблівымі цэнтрамі прыцягнення для пэўных прадстаўнікоў дынастыі.
У адрозненне ад сённяшняга часу, само паняцце дзяржавы ў разуменні чалавека сярэднявечча хутчэй за ўсё атаясамлялася з кіруючай дынастыяй.
Пахавальні Рурыкавічаў
Каб забяспечыць уладарам найбольш частыя і клапатлівыя памінанні, іх астанкі, як правіла, хавалі ў храмах ці манастырах, якія былі заснаваны або самімі князямі, або з'яўляліся магільнымі склепамі прадстаўнікоў пэўнай дынастычнай лініі, адной з адгалінаванняў Рурыкавічаў.
Праз гэта ў дамангольскай Русі адсутнічае адзінае месца пахавання, дзе была б сканцэнтраваная большасць парэшткаў памерлых прадстаўнікоў дынастыі.

Кожная асобная княжацкая лінія стварае ўласныя храмы ці манастыры, дзе хаваюць яе прадстаўнікоў. Найбольш вядомымі і ўплывовымі князямі ў XII стагоддзі былі Манамашычы, якія часцей за астатніх Рурыкавічаў кіравалі ў Кіеве. Адзін з найбольш магутных князёў гэтай дынастычнай галіны Мсціслаў Уладзіміравіч, сын Уладзіміра Манамаха, у 1129 годзе заклаў манастыр у гонар свайго нябеснага заступніка святога Фёдара Тырана. У гэтым Фёдараўскім манастыры, апроч самога заснавальніка Мсціслава, былі пахаваны яго дзеці, унукі і два праўнукі — тут, на думку Кежы, праяўляецца выразнае самаатаясамленне князя са сваёй дынастычнай лініяй.
Даследчык лічыць паказальным выпадак, калі пры смерці быў смаленскі і кіеўскі князь Расціслаў Мсціславіч, і паўстала пытанне пра яго пахаванне. Сястра раіла яму прыбыць у Смаленск, якім ён кіраваў 40 гадоў, і знайсці апошні спачын у заснаваным ім жа храме Барыса і Глеба, але той выбраў быць пахаваным менавіта ў Фёдараўскім манастыры Кіева, аргументуючы гэта тым, што тое месца з'яўляецца яго радавым магільным склепам.
Яшчэ адзін падобны прыклад — кіеўскі манастыр Архангела Міхаіла, заснаваны Святаполкам Ізяславічам у гонар свайго нябеснага апекуна. У ім 1113 годзе быў пахаваны ён сам, а пасля таксама праўнук і прапраўнук — тураўскі князь Глеб Юр'евіч.
У час феадальнай раздробленасці на Русі з'яўляецца шэраг асобных зямель-княстваў і з’яўляюцца лакальныя радавыя месцы пахаванняў у розных гарадах: у Чарнігаве, Пераяслаўлі, Смаленску, Разані, Уладзіміры-Валынскім.
Наўгародскія асаблівасці

У Ноўгарадзе была асаблівая сітуацыя, бо на працягу XI-XII стагоддзя ў ім не зацвердзілася ні адна з галін Рурыкавічаў, сумесна кіравалі запрошаны князь і мясцовы пасаднік. У горадзе было пахавана восем князёў Рурыкавічаў, чацвёра знайшлі спачын у Сафійскім саборы, трое — у Георгіеўскім саборы Юр'ева манастыра. У адрозненне ад іншых гарадоў Русі, у наўгародскіх некропалях часта хавалі і ноўгарадскіх епіскапаў, пасля архіепіскапаў, а таксама пасаднікаў.
Прадстаўніка дынастыі Рурыкавічаў, які не кіраваў у Ноўгарадзе, курскага князя Ізяслава Уладзіміравіча, аднаго з малодшых сыноў Уладзіміра Манамаха, перапахавалі ў Сафійскім саборы, але асобна ад астатніх князёў. Наўгародскіх князёў звычайна хавалі ў асобным прыдзеле, але Ізяслава ж пахавалі ў паўночна-заходнім куце паўночнай галерэі, у спецыяльна збудаваным аркасоліі.
Пахаванні полацкай дынастыі
На землях беларускага Падзвіння ў другой палове X стагоддзя быў створаны прэцэдэнт прыходу да ўлады Рагвалода, які не быў звязаны з родам Рурыкавічаў. Паводле летапісу, прыйшоў з-за мора і, хутчэй за ўсё, быў скандынавам. Улада яго ў Полацку пратрымалася некалькі дзесяцігоддзяў, але, як адзначае Кежа, гэта стала ідэйнай асновай для фарміравання ў першай палове XI стагоддзя асобнай галіны полацкіх князёў. У сэнсе генеалогіі яны былі Рурыкавічамі, бо Рагнеда, дачка Рагвалода, нарадзіла сына ад князя Уладзіміра Святаславіча. Але ў другой палове XI — XII стагоддзі полацкія князі былі адасоблены ад астатніх Рурыкавічаў і набылі фактычна манапольную ўладу над Полаччынай.

Летапісных апісанняў некропаляў полацкіх князёў з галіны Рагвалодавічаў не захавалася.
«Натуральна, што такія некропалі былі, — тлумачыць Кежа, — да пачатку XII стагоддзя гэта быў Сафійскі сабор у Полацку. І потым нам дакладна вядома, што некаторыя полацкія князі былі пахаваныя ў Бельчыцкім манастыры.

Адносна нядаўна, некалькі гадоў таму, археалагічныя раскопкі ў Спаса-Праабражэнскай царкве пацвердзілі, што існавала падземная крыпта, дзе таксама, магчыма, быў пахаваны адзін з прадстаўнікоў полацкай княжацкай дынастыі, хутчэй за ўсё, гэта быў сын Усяслава Святаслаў — Георгій. Толькі археалагічнымі даследаваннямі мы можам зрабіць нейкія высновы наконт княжацкіх некропаляў у Полацку».
Звычайна Рурыкавічаў хавалі ў храмах у саркафагах, якія маглі размяшчацца ці ў аркасоліях у спецыяльных памяшканнях, ці ва ўнутранай прасторы храма. Але прыклад пахавання ў крыпце Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, якая знаходзілася непасрэдна пад храмам, унікальны — падобных пахаванняў, паводле слоў Кежы, больш не знойдзена нідзе ва Усходняй Еўропе.

Што тычыцца Сафійскага сабора ў Полацку, то даследчык мяркуе, што там быў пахаваны Усяслаў Брачыславіч, больш вядомы як Усяслаў Чарадзей. Але пахаванні ў саборы так і не былі выяўлены археалагічна.
Менскі князь, якога пахавалі ў Кіеве як ворага
У пісьмовых крыніцах, праўда, захавалася інфармацыя пра пахаванне аднаго з прадстаўнікоў полацкага княжацкага сямейства ў Кіеве. У Іпацьеўскім летапісе пад 1158 годам згадваецца пра смерць жонкі менскага князя Глеба Усяславіча і яе пахаванне разам з мужам у Кіева-Пячэрскім манастыры, а таксама аб вялікім ахвяраванні менскага князя і княгіні на патрэбы манастыра.

«У гэтай згадцы звяртае на сябе ўвагу тое, што Глеб Усяславіч быў адзіным са свецкіх уладароў дамангольскай Русі, хто быў пахаваны ў Кіева-Пячэрскім манастыры. На мой погляд, галоўная прычына апошняга месца спачыну Глеба была звязана менавіта з яго дынастычным, родавым паходжаннем, а таксама ваеннай палітыкай, якую праводзіў ён і яго бацька, знакаміты полацкі князь Усяслаў Брачыславіч».
Вядома пра канфлікт менскага князя Глеба ў часы кіравання з Уладзімірам Манамахам, які хадзіў паходамі на Менск. За 40 гадоў да гэтых падзей, у 1070-1080-я гады ўсё той жа Уладзімір Манамах выступаў адным з галоўных супернікаў Усяслава Брачыславіча, бацькі Глеба. У першы паход у 1116 годзе Глебу ўдалося дамовіцца з кіеўскім князем, але ў наступны паход Манамаха, які адбыўся 1119 годзе, менскі князь быў адпраўлены ў зняволенне ў Кіеў, дзе і памёр у тым жа годзе.
«Захоплены пасля паходу Глеб памёр менавіта ў перыяд кіравання ў Кіеве Уладзіміра Манамаха, свайго галоўнага суперніка, а таксама аднаго з галоўных супернікаў Усяслава, Усяслава Брачыславіча.
І паколькі Глеб памёр удалечыні ад родавых земляў, ён не мог быць пахаваны ні ў адным з храмаў Полацка. Таксама не знайшлося месца для пахавання Глеба ні ў адным з княжых манастыроў ці храмаў Кіева», — тлумачыць даследчык.
Ёсць яшчэ два падобныя з пахаваннем Глеба выпадкі: валынскі князь Давыд Ігаравіч пахаваны ў Клоўскім манастыры Кіева і ноўгарад-северскі князь Ігар Ольгавіч пахаваны ў Сімяонаўскім манастыры. Давыд быў пазбаўлены спадчыны і стаў ізгоем, а таксама праславіўся нечуваным злачынствам — асляпленнем церабоўльскага князя. Ігар — забіты ў час знакамітага Кіеўскага паўстання.
«Тры князя — наш Глеб, таксама Давыд, Ігар — былі адзінымі са старажытнарускіх князёў, якія былі пахаваныя ў Кіева-Пячэрскім, Клоўскім і Сімяонаўскім манастырах», — заўважае Кежа.
На яго думку, выбар месцаў для пахавання гэтых трох князёў могуць аб'ядноўваць наступныя абставіны. Па-першае, усе тры князі не належалі да княжых ліній, родавыя некропалі якіх знаходзіліся ў Кіеве. Па-другое, кожны з трох князёў у перыяд сваёй ваенна-палітычнай актыўнасці так ці інакш варагаваў, канфліктаваў з князямі, якія кіравалі ў Кіеве, або — як Давыд Ігаравіч — з'яўляўся парушальнікам прынцыпаў міжкняжацкіх адносін унутры роду Рурыкавічаў.

«Глеб Усяславіч належаў, як вядома, да асобнага ад Яраславічаў полацкага княжацкага дому Рагвалодавічаў. Адпаведна, для яго пахавання не знайшлося месца ні ў адным з родавых манастыроў Кіева. І сам гэты манастыр — Кіева-Пячэрскі — мае свае адметныя асаблівасці на фоне астатніх манастыроў Кіева. Да пачатку 12 стагоддзя ён набыў значны аўтарытэт, што вызначыла незалежную пазіцыю духавенства манастырскага ў адносінах да кіеўскіх князёў.
Вядомыя канфлікты манастыра з некаторымі кіеўскімі князямі, і дадзеныя акалічнасці маглі стаць непасрэднымі прычынамі ігнаравання Рурыкавічамі Кіева-Пячэрскага манастыра як месца княжых пахаванняў. То-бок Глеб Усяславіч — асобны ад Яраславічаў, ад іншых Рурыкавічаў, князь. Давайце яго пахаваем там, дзе мы нікога не хавалі», — тлумачыць даследчык.
Юрый Кежа лічыць, што тое, што Кіева-Пячэрскі манастыр выбралі як адзінае прымальнае месца пахавання менскага князя, гаворыць пра дынастычную адасобленасць і дыстанцыяванне асноўных княжых ліній, якія кіравалі ў Кіеве — Манамашычаў і іншых князёў, — ад полацкіх князёў Рагвалодавічаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
предпринимать
1) (начинать) пачынаць, распачынаць (браться за что-либо) брацца (за што) (организовать) арганізоўваць
предпринимать издание журнала — пачынаць (распачынаць) выданне часопіса, брацца за выданне часопіса
2) (делать) рабіць нужно что-либо предпринимать — трэба што-небудзь рабіць, трэба рабіць нейкія захады
предпринимать шаги — рабіць захады
>То-бок Глеб
То есть
то есть (сокращённо: т.е.) гэта значыць (сокращённо: г.зн.)
інакш кажучы
КАЛІ СЛОВА "то есть/то бишь" пачало перакладацца НОВЫМ СЛОВАМ ПАРАЗІТАМ "то-бок"?!
"В наших летописцах упоминается, что Рурик с Родом своим пришёл из Немец, а инде пишется, что из Пруссии… Между реками Вислою и Двиною впадает в Варяжское море от восточно-южной стороны река, которая вверху, около города Гродна, называется Немень, а к устью своему слывёт Руса. Здесь явствует, что варяги-русь жили в восточно-южном берегу Варяжского моря, при реке Русе…"
Па вашаму значыцца, Рурык як ёсць белорусс.