«Звольнілася пасля яго прапановы зрабіць пластыку грудзей». Жанчына расказала, як працавала асабістай памочніцай шэйха
«Аднойчы ён папрасіў мяне абрэзаць яму пазногці на нагах».

Ураджэнка Польшчы Ганна Каласінска-Шэмрай паўгода адпрацавала асістэнткай у шэйха. Пра сваю працу яна напісала кнігу «Я была памочніцай шэйха» («Byłam asystentką szejka»). У інтэрв'ю выданню Newsweek жанчына падзялілася некаторымі падрабязнасцямі.
Ганна тры гады працавала сцюардэсай у авіякампаніі Etihad Airways — нацыянальным авіяперавозчыку Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Затым яна вырашыла прыняць удзел у конкурсе на пасаду сцюардэсы прыватнага самалёта шэйха з Дубая.
Па словах Ганны, яна ўжо мела досвед працы на прыватных джэтах, лётала з рознымі багатымі кліентамі, часта з знакамітасцямі, якія арандуюць самалёт толькі для сябе і сваіх блізкіх. Ёй даводзілася абслугоўваць на борце такіх зорак, як Роберт дэ Ніра, Джоні Дэп, Кім Кардашыян.
Яшчэ калі жанчына ляцела ў Лондан на рэкрутынг, то, як і іншыя кандыдаткі, атрымала 500 фунтаў стэрлінгаў на выдаткі — без усялякіх умоў ці абавязальніцтваў. Праз некалькі тыдняў прыйшоў ліст, што яе прынялі на працу.
Праца сцюардэсы на прыватным самалёце шэйха, па словах Ганны, вельмі адрознівалася ад яе папярэдняга досведу:
«У той працы я прынамсі ведала, калі ў мяне выхадны. А ў шэйха я была заўсёды напагатове — і гэта было тое, чаго я зусім не чакала. Бос не мог зрабіць нічога сам — нават памідораў не нарэзаў».
Асабістая памочніца
Папрацаваўшы на прыватным самалёце шэйха Ганна неўзабаве стала яго асабістай памочніцай.
«Часам здараліся абсурдныя сітуацыі… Памятаю, гэта было ў Лондане. Шэйх зняў два паверхі ў люксавым гатэлі. У яго асноўным, самым вялікім апартаменце былі вінтавыя прыступкі, якія вялі наверх. Ён загадаў прывесці дзяўчат для забаў — яны ўжо чакалі наверсе. Але спачатку ён папрасіў мяне пайсці і паглядзець, ці дастаткова яны прывабныя і прыгожыя, каб ён пажадаў да іх далучыцца», — расказвае Ганна.
Іншым разам шэйх загадаў ёй урэгуляваць канфлікт, які ўзнік паміж сэкс-работніцамі. Ён даручыў сваім людзям прывезці дзвюх жанчын з розных агенцтваў. Яны апынуліся на розных паверхах, але неяк даведаліся адна пра адну. І на гэтым праблемы не скончыліся. Адна з іх пачула, што другая атрымлівае больш высокі ганарар — 5000 фунтаў стэрлінгаў за ноч. Узняўся скандал, а Ганна павінна была стаць пасярэдніцай паміж імі.
Па словах жанчыны, яна ніколі не бачыла, каб сэкс-работніцы, якія прыязджалі да шэйха амаль кожную ноч (хоць іслам забараняе такія рэчы), атрымлівалі нейкія падарункі. Яны заўсёды хацелі толькі наяўныя грошы.

Падарункі ад шэйха
Вядома, што ў арабскай культуры падарункі, у тым ліку ў дзелавых стасунках, з’яўляюцца часткай традыцыі. Але, па словах Ганны, адзін з іх яе вельмі здзівіў. Гэта наручны гадзіннік Rolex коштам, па яе словах, як аўтамабіль сярэдняга класа.
«Аднойчы Бос (я заўсёды так называла шэйха) прыслаў мне фота дзвюх мадэляў гадзіннікаў: Rolex і Omega. Спытаў, які мне больш падабаецца. Я ўжо прывыкла да таго, што да яго пастаянна прыходзілі госці. І для кожнага шэйх меў прыгатаваны падарунак. Звычайнай справай было бачыць у ягоных апартаментах дзве-тры прыгожа запакаваных сумкі ад Dior або Chanel.
Я паказала на пэўную мадэль гадзінніка, і неўзабаве Бос павёў мяне ў салон Rolex. Папрасіў, каб я прымерыла гадзіннік.
Я была ўпэўненая, што ён проста хоча паглядзець, як гэтая мадэль глядзіцца на жаночым запясці. Але калі ён заплаціў і сказаў мне ўзяць скрынку, а сам пайшоў у рэстаран, я зразумела, што гэта мой падарунак. Я была ў шоку.
І адразу ўзнікла думка: ці азначае гэта, што ад мяне чакаюць чагосьці новага? Але ягонае стаўленне да мяне не змянілася. Потым я атрымала дарагую сумку і яшчэ некалькі раскошных аксесуараў, і падарункі сталі звычайнай справай. Я зразумела, што гэта проста стыль жыцця шэйха», — згадвае Ганна.

«Шэйху я была патрэбна выключна з-за адчування адзіноты»
«Для шэйха купіць Rolex — гэта як для мяне купіць плітку шакаладу. Але, нягледзячы на ўсе багацці, Бос не выглядаў шчаслівым — і гэта кідалася ў вочы», — гаворыць Ганны і дзеліцца сваёй тэорыяй:
«Шэйху былі патрэбныя я і яшчэ некалькі людзей выключна з-за адчування адзіноты. Увесь гэты натоўп навокал быў прывучаны да таго, што калі ты прыходзіш да шэйха — нешта атрымаеш. Людзі, якія яго наведвалі, заўсёды мелі нейкія чаканні, просьбы, жаданні. Я не заўважала, каб побач з Босам былі члены яго сям’і або сапраўдныя сябры… Нібыта шмат людзей вакол, але ўсе — за грошы».
Як адзначае былая памочніца шэйха, рэдактара яе кнігі шакавала тое, што яе Бос меў патрэбу часам проста паглядзець з ёю фільм вечарам у пакоі.
«Вядома, было класна паляцець у Парыж і забраніраваць увесь рэстаран на Елісейскіх палях на некалькі гадзін толькі для шэйха і некалькіх яго гасцей. Да таго ж, ён быў добра вядомы ў гэтай установе. У той час я думала: «Ого, грошы могуць зрабіць усё!».
Бос паходзіць з Саудаўскай Аравіі, і, як шмат хто з тых краёў, нарадзіўся ўжо неверагодна багатым. Ён, напэўна, прывык, што грошы могуць даць яму амаль усё, што ён пажадае. Але вось пазбавіць пачуцця самотнасці — не», — даводзіць Ганна.
«Падчас сняданку шэйх загадаў мне паказаць грудзі хірургу»
Аднак, як расказвае Ганна, сумесны прагляд фільма не азначаў таго, што ёй было камфортна працаваць:
«Шэйх быў вельмі неўраўнаважаным эмацыйна. З аднаго боку, мы маглі жартаваць, весці лёгкія размовы, а з другога — дастаткова было, каб нешта пайшло не так, і ён адразу злаваўся, станавіўся непрыемным. Я старалася трымаць дыстанцыю, наколькі магла. Нават калі часам ён паводзіў сябе, нібы хацеў стаць «сябрам», я памятала: я на працы. І перадусім ён — мой начальнік».
Па словах Ганны, у жыцці яе Боса, бывалі перыяды, калі ён хацеў падарожнічаць літаральна без перапынку:
«У панядзелак зранку мог сказаць: «А сёння мне хочацца ў Барселону, праз тры гадзіны ты мусіш быць гатовая да вылету». Потым, замест таго каб вярнуцца дадому, яму раптам хацелася яшчэ злятаць у Лондан і Марока».
Аднойчы, як згадвае жанчына, калі яна нібыта мела некалькі вольных гадзін у Парыжы, пакуль яе шэйх займаўся сваімі справамі, прайшло толькі 20 хвілін, як прыйшло СМС-паведамленне. Ён напісаў, што мае патрэбу ў яе дапамозе, і яна вымушана была тэрмінова вярнуцца.
«Праца на шэйха азначала пастаяннае знаходжанне ў стане гатоўнасці», — даводзіць Ганна і дадае:
«Упершыню я хацела звольніцца, калі Бос папрасіў мяне абрэзаць яму пазногці на нагах. Для мяне гэта ўжо было за межамі прымальнага».

Па словах Ганны канчаткова яна зразумела, што больш не зможа працаваць на шэйха, калі ён прапанаваў ёй зрабіць пластыку грудзей:
«Мы былі ў Парыжы. Бос запрасіў мяне на прыватны сняданак, на які таксама прыйшоў знакаміты пластычны хірург — ягоны добры знаёмы. І падчас сняданку шэйх загадаў мне паказаць грудзі хірургу, каб той ацаніў, якую пластычную аперацыю мне б варта зрабіць.
У той момант я зразумела, што сапраўды больш не магу гэтага цярпець. Я паляцела ў Польшчу, паразмаўляла з партнёрам, з мамай, з блізкімі — і вырашыла: вяртання не будзе».
На яе паведамленне шэйх нічога не адказаў, бо, як заўважае Ганна, «ён — з тых людзей, у каго вельмі раздзьмутае эга».
Загадкавая смерць сяброўкі
У кнізе Ганна Каласінска-Шэмрай апісвае таксама загадкавую і драматычную смерць сваёй сяброўкі Селены — сцюардэсы, якой было крыху за дваццаць. Яе цела знайшлі ў пустыні.
«Я перакананая, што Селену забілі, хоць злачынцу так і не знайшлі. Толькі калі пісала кнігу, зразумела, што ўсё яшчэ захоўваю нашы паведамленні ў Messenger. Яе смерць была для мяне балючай і трагічнай, тым больш што ў Эміратах вельмі цяжка пабудаваць блізкія, чыстыя адносіны.
Я кажу не толькі пра рамантычныя стасункі, але і сяброўскія. Амаль усе там «праездам», усе спяшаюцца. Толькі дзякуючы напісанню кнігі я змагла ўшанаваць памяць сваёй сяброўкі і нарэшце перажыць страту», — заўважае Ганна.
Цяпер жанчына замужам, жыве ў Польшчы, гадуе дачку, якой тры гады, і вядзе падкаст, які на ютубе мае больш за 315 тысяч падпісчыкаў.
Каментары