Гісторыя55

У Польшчы пачалі раскопкі на месцы бункера СС, шукаючы Бурштынавы пакой. Там могуць быць і беларускія скарбы?

Пошукі легендарнага твора мастацтва, вывезенага нацыстамі падчас вайны, не спыняюцца ўжо больш за восем дзесяцігоддзяў. Яны працягваюць прыцягваць увагу гісторыкаў, даследчыкаў і аматараў старажытнасці. Пратаптаная імі сцежка можа нечакана прывесці да адказу на пытанне: што ж насамрэч сталася з культурнымі каштоўнасцямі, вывезенымі з Беларусі падчас акупацыі і лёс якіх застаецца загадкай?

Бурштынавы пакой у 1931 годзе. Фота: Брэнсан Дэ Ку / Wikimedia Commons

На поўначы Польшчы, у ціхай кашубскай вёсцы Дзямяны Касцерскага павета, дзе некалі знаходзіліся казармы СС, распачаліся археалагічныя работы, якія ўжо цяпер называюць «пошукамі стагоддзя». Справа ў тым, што мясцовыя ўлады дазволілі доследныя бурэнні ў месцы, дзе, паводле некаторых звестак, можа знаходзіцца адна з найвялікшых таямніц XX стагоддзя — зніклы Бурштынавы пакой.

1 жніўня прэс-сакратар Паморскага ваяводскага ахоўніка помнікаў Марцін Тыміньскі паведаміў, што яго ведамства дало афіцыйны дазвол на правядзенне бурэння і археалагічнага зандажу на тэрыторыі Дзямянаў. Мэта — выяўленне сховішча, імаверна, нямецкага бункера часоў Другой сусветнай вайны.

«На тэрыторыі пошукаў, як мяркуе заяўнік, можа быць схаваны нямецкі схоў. Паводле звестак, апублікаваных, у тым ліку, на аматарскіх ютуб-каналах, гаворка можа ісці нават пра Бурштыновы пакой, які знік у канцы вайны і па сёння распальвае фантазіі даследчыкаў», — паведаміў прэс-сакратар Паморскага ваяводскага ахоўніка помнікаў Марцін Тыміньскі.

Сакрэтная база СС у Дзямянах

Напрыканцы 1943 года, падчас акупацыі, немцы стварылі ў Дзямянах буйны палігон для войскаў СС — SS-Truppen Übungsplatz «Westpreussen». У самім мястэчку размяшчаліся і казармы, куды, між іншым, прыбылі добраахвотнікі з латышскіх часцей Waffen-SS.

Паводле археолагаў, пад зямлёй дагэтуль захоўваюцца незафіксаваныя на картах канструкцыі. Падчас папярэдніх пошукаў ужо быў знойдзены цагляны рэзервуар з атынкаванымі сценамі, засыпаны смеццем камуністычных часоў. І хоць ён не пацвярджае самога існавання бункера, гэта толькі распальвае зацікаўленасць.

Схоў Эрыха Коха

Ключавую ролю ў цяперашніх пошуках адыграў жыхар Памор’я Ян Дэлінгоўскі. Ён сцвярджае, што валодае звесткамі пра месца схову Эрыха Коха — гаўляйтара Усходняй Прусіі і аднаго з самых уплывовых нацысцкіх дзеячаў у рэгіёне.

Гаўляйтар і обер-прэзідэнт Усходняй Прусіі Эрых Кох, з чыёй асобай звязваюць меркаваны схоў у Дзямянах. Фота: Wikimedia Commons

Як распавядае Дэлінгоўскі, гэтыя звесткі яму перадаў былы вязень турмы ў Барчаве, дзе пасля вайны адбываў пакаранне і сам Кох. Паводле яго сведчанняў, частка каштоўнасцей з Кёнігсберга (сённяшняга Калінінграда) была вывезеная немцамі на Захад — па так званай «берлінцы», нямецкім аўтабане, аднак да Берліна скрыні так і не даехалі.

Па словах Дэлінгоўскага, каштоўнасці былі схаваны ў падземным сховішчы, што месціцца на тэрыторыі былога палігона СС — паміж населенымі пунктамі Чэрск і Члухаў, у заходнім кірунку да Одры. Гэтая тэрыторыя маланаселеная, з густымі ляснымі масівамі, што робіць яе ідэальнай для незаўважанага перамяшчэння і маскіроўкі.

«Нямецкі схрон, паводле звестак, змяшчае каштоўнасці, вывезеныя з Кёнігсберга. Бурштынавы пакой — гэта легендарны твор мастацтва, створаны на пачатку XVIII стагоддзя. Гэта была зала з надзвычай багатым аздабленнем: сцены былі пакрыты панэлямі з бурштыну, золата і люстраў. Пакой быў створаны ў Прусіі на заказ Фрыдрыха I, а ў 1716 годзе падораны цару Пятру I Вялікаму як сімвал сяброўства паміж Прусіяй і Расіяй», — тлумачыць Дэлінгоўскі.

Чаму Бурштынавы пакой шукаюць дагэтуль?

У кастрычніку 1941 года Бурштынавы пакой быў дэмантаваны нямецкімі спецыялістамі ў акупаваным Царскім Сяле (сённяшнім Пушкіне) і перавезены спачатку ў Рыгу, а затым — з дазволу Гітлера — у Кёнігсберг, дзе яго часткова сабралі ў адной з залаў замка.

Пасля бамбёжак 1944 года панэлі былі зноў разабраныя і складзеныя ў скрыні ў Ордэнскай зале замка. У студзені 1945 года спроба эвакуацыі не адбылася праз наступленне Чырвонай Арміі.

Бурштынавы пакой у 1917 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Увечары 9 красавіка 1945 года, адразу пасля капітуляцыі кёнігсбергскага гарнізона, замак быў заняты савецкай часцю, а 11 красавіка ў разбураным замку нечакана пачаўся пажар.

Але рэчавыя доказы паказваюць на тое, што пакой не быў знішчаны агнём. Дакладнае месцазнаходжанне пакоя дагэтуль застаецца невядомым.

У тым ліку існуе імавернасць, што Бурштынавы пакой у студзені 1945 года быў усё ж часткова або цалкам эвакуяваны немцамі з Кёнігсберга. Паводле некаторых версій, каштоўнасці маглі быць схаваныя ў бункерах ці падвалах у ваколіцах горада, перавезены ў шахты ці замкі Цюрынгіі або Саксоніі ці нават вывезеныя ў ЗША пасля выяўлення амерыканцамі. Іншыя мяркуюць, што пакой загінуў падчас транспартавання на караблі, які быў патоплены ў моры.

Беларускія каштоўнасці

Падчас нямецкай акупацыі Беларусі ў 1941-1944 гадах беларускія музеі пацярпелі ад масавага рабавання і знішчэння. Частку калекцый удалося эвакуяваць на ўсход, але многія найкаштоўнейшыя экспанаты, у тым ліку Крыж Еўфрасінні Полацкай, зніклі.

Нямецкія ўлады і аператыўны штаб Розэнберга мэтанакіравана займаліся канфіскацыяй і вывазам культурных каштоўнасцей. Пад разбурэнне або разграбленне трапілі дзясяткі тысяч прадметаў з музеяў у Мінску, Гродне, Баранавічах, Пінску, Слоніме ды іншых гарадах. 

Гарматы перад будынкам гістарычнага музея ў Мінску. Фота: wouk.livejournal.com

Асобныя зборы — напрыклад, з Мінскага гістарычнага музея, — былі вывезеныя пад выглядам «эвакуацыі» ў Інстэрбург (цяпер Чарняхоўск) і замак Гёхштат у Германіі. Частку гэтых калекцый пасля вайны вярнулі ў БССР, але шмат якія прадметы былі страчаныя або трапілі ў іншыя савецкія рэспублікі. Тэма лёсу гэтых каштоўнасцяў застаецца часткова недаследаванай і да сёння.

На сёння вядома, што найбольш каштоўныя прадметы з Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР былі перавезеныя немцамі ў Кёнігсберг — 170 твораў расійскага і заходнееўрапейскага жывапісу, 30 беларускіх абразоў XVI—XVIII стагоддзяў, 50 скульптур. У Кёнігсберг, відаць, была вывезеная і калекцыя слуцкіх паясоў, што трапіла ў Мінск пасля 1939 года з нясвіжскага замка Радзівілаў. 

Унутраны двор Кёнігсбергскага замка. Фота: Wikimedia Commons

У канцы жніўня 1941 года з Менскага краёвага гістарычнага музея, як вынікае з публікацый акупацыйнай газеты «Раніца», былі вывезеныя ў Кёнігсберг дагістарычныя «каменныя бабы» ды іншыя каштоўныя прадметы, у тым ліку 19 гармат, з іх — 16 з нясвіжскага збору Радзівілаў.

Насамрэч прынамсі гарматы былі вывезены ў берлінскі цэйхгаўз толькі ў чэрвені 1943 года, дзе яны пацярпелі падчас адной з апошніх бамбардзіровак Берліна, але ацалелі. Пасля вайны іх адправілі ў Пецярбург, праз які праходзілі ўсе трафеі ваеннага характару. І хоць радзівілаўскія гарматы мусілі вярнуцца ў Беларусь, савецкі ўрад аддаў частку з іх у Польшчу, дзе яны дагэтуль захоўваюцца ў Музеі Войска Польскага ў Варшаве, а частку пакінуў у Пецярбургу.

Ці могуць гістарычныя крыніцы гэтак жа, як яны памыляюцца наконт гармат, памыляцца і наконт канцавога пункта прызначэння іншых беларускіх каштоўнасцей, вывезеных немцамі? Мы не ведаем, але нестыковак і белых плямаў вельмі шмат.

Напрыклад, вывезеныя ў 1944 годзе ў Інстэрбург, што ва Усходняй Прусіі, рэшткі збораў мінскага музея, «з палітычных меркаванняў» было забаронена пераводзіць далей у Гёхштат, але ў выніку яны ўсё роўна апынуліся ў гэтым баварскім замку. 

Аднак частка беларускіх каштоўнасцей дакладна трапіла ў Кёнігсберг. Калі вясной 1945 года савецкія войскі знайшлі ў гэты горад, то адтуль у Мінск перадалі частку вывезенай з мастацкай галерэі нясвіжскай калекцыі карцін.

Але што сталася з іншымі беларускімі скарбамі — загадка не меншая, чым знікненне Бурштынавага пакоя. 

Кёнігсбергскі замак пасля штурму горада савецкай арміяй. 

На думку гісторыка і даследчыка гісторыі беларускіх музеяў у час вайны Аляксандра Гужалоўскага, усе беларускія каштоўнасці, у тым ліку гарматы, відаць, загінулі ў Кёнігсбергскім замку ў жніўні 1944 года ў часе авіяналётаў. 

З аднаго боку карціны, мармуровыя скульптуры і слуцкія паясы маглі загінуць без слядоў у агні пажараў, якія бушавалі ў Кёнігсбергу, але з іншага — археалагічныя раскопкі, якія праводзіліся ў Калінінградзе на тэрыторыі замка, дагэтуль не знайшлі ніякіх пераканаўчых сведчанняў наяўнасці сховішчаў каштоўнасцей у замку ў час яго разбурэння. 

Казённая частка гарматы «Хімера», пашкоджаная ў час бамбардзіравання берлінскага цэйхгаўза. Фота з сацсетак Міколы Волкава.

Каштоўнасці, якія былі вывезеныя ў Кёнігсберг, маглі быць загадзя схаваныя немцамі ў бяспечным месцы, якое не знойдзена дагэтуль. Гэтаму ёсць ускосныя сведчанні.

У восені 1944 года, пасля разбурэння часткі Каралеўскага замка ў Кёнігсбергу ў час брытанскага авіяналёту, нямецкае ўпраўленне культурных устаноў звярнулася да графа Аляксандра Дона цу Шлобітэна, аднаго з найбуйнейшых магнатаў Усходняй Прусіі, з просьбай часова размясціць у яго замку ў Шлобітэне музейныя каштоўнасці, якія засталіся ў паўднёвым крыле замка, — сярод іх згадваецца і Бурштынавы пакой. Мемуары графа пацвярджаюць, што да яго сапраўды звярталіся з такой просьбай. 

Але самае цікавае, што ў дакуменце адзначаецца, што большую частку мастацкіх каштоўнасцяў своечасова змясцілі ў бяспечнае месца.

Усё гэта дае надзею спадзявацца, што беларускія каштоўнасці, страчаныя ў час вайны, яшчэ могуць быць знойдзены на тэрыторыі іншых краін — чаму б і не ў схованцы ў Дзямянах? 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • не беларус
    07.08.2025
    Сярод пералічанага ў артыкуле, акрамя дагістарычных каменных баб не знайшоў нічога, што магло б належаць беларусам.
  • Раскіданае гняздо
    07.08.2025
    Лучшы скарб атрымаў Янка Купала, кеды яго НКВДсты (сёньняшняя гэбня) скінулі з парапета
  • ваван
    07.08.2025
    не беларус, они точно беларусам не принадлежали. До сих пор нация ДО КОНЦА не сформирована (как нация по признакам указанным в учебниках). А в те времена точно НИКАКИХ беларусов и близко тут не было...

Цяпер чытаюць

Каспяровіча перад гібеллю дапытвалі ў польскай контрразведцы — распытвалі пра візы для агентаў ААЦ з пашпартамі прыкрыцця і пра Бульбу25

Каспяровіча перад гібеллю дапытвалі ў польскай контрразведцы — распытвалі пра візы для агентаў ААЦ з пашпартамі прыкрыцця і пра Бульбу

Усе навіны →
Усе навіны

Паступіць у Еўропу ўсё яшчэ рэальна. Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт аб'явіў аб працягу прыёмнай кампаніі 20251

Лукашэнка праводзіць нараду з КДБ13

Мінчук на «Лексусе» таямніча прапаў пад Мінскам. Ніхто не ведае, куды ён дзеўся

Гісторыя мужчыны, які ажаніўся з жанчынай з чатырма дзецьмі6

Агент КДБ, чыё імя было на канверце для Ціханоўскай, мае пашпарт прыкрыцця і катаўся за мяжу16

У Магілёве мужчына заснуў на рэйках, трапіў пад цягнік, але застаўся жывы

Пракоп'еў і Лібер напісалі ліст да Макса Каржа14

У МЗС расказалі падрабязнасці гібелі беларускай турысткі ў Бураціі

Рубіа: Ключавым элементам заканчэння вайны РФ супраць Украіны будзе пытанне тэрыторый9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каспяровіча перад гібеллю дапытвалі ў польскай контрразведцы — распытвалі пра візы для агентаў ААЦ з пашпартамі прыкрыцця і пра Бульбу25

Каспяровіча перад гібеллю дапытвалі ў польскай контрразведцы — распытвалі пра візы для агентаў ААЦ з пашпартамі прыкрыцця і пра Бульбу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць