Памёр былы прэзідэнт Румыніі, які адыграў ключавую ролю пры звяржэнні Чаўшэску
5 жніўня памёр былы прэзідэнт Румыніі Іон Іліеску. Ён знаходзіўся на лячэнні ў клінічнай бальніцы хуткай дапамогі з 9 чэрвеня, яму двойчы рабілі аперацыі з-за раку лёгкіх. Палітыку было 95 гадоў.

Іліеску ў апошнія гады жыцця амаль не з'яўляўся на публіцы, абмяжоўваючыся публікацыямі ў сваім блогу — звычайна гэта былі віншаванні ці памятныя словы, адрасаваныя розным асобам або ўстановам.
За некалькі дзён да смерці медыкі паведамілі, што стан Іліеску быў крытычны: назіралася шматорганная недастатковасць, цяжкія праблемы з дыханнем і моцна паніжаны вентыляцыйны рэзерв.
Іон Іліеску адыграў ключавую ролю ў гісторыі Румыніі пасля падзення камунізму. Ён нарадзіўся 3 сакавіка 1930 года, быў высокапастаўленым функцыянерам Румынскай камуністычнай партыі, сярод іншага ўзначальваў румынскі камсамол і быў міністрам па справах моладзі.
Меў добрыя адносіны з румынскім дыктатарам Нікалае Чаўшэску, але пасля паступова аддаліўся ад яго і трапіў у апалу: спачатку быў пераведзены на другасныя пасады, а ў 1984 годзе ўвогуле зняты адусюль і выведзены са складу ЦК.
У снежні 1989 года, пасля рэвалюцыі і крывавага звяржэння Чаўшэску, Іліеску стаў фактычным кіраўніком краіны. Ён узначаліў Фронт нацыянальнага выратавання, а пасля два разы абіраўся прэзідэнтам Румыніі (1990—1996, 2000—2004).
Падчас кіравання Іліеску праводзіліся важныя рэформы, адбываўся пераход да дэмакратыі і рынкавай эканомікі, хоць яго і крытыкавалі за павольнасць зменаў і захаванне ўплываў былых камуністаў.
Яго палітычная спадчына дагэтуль выклікае ў Румыніі спрэчкі: адныя лічаць Іона Іліеску стабілізуючай фігурай у няпросты час, іншыя ж — перашкодай для хуткіх дэмакратычных пераўтварэнняў.
Хрыста Грозеў: ад рамантыка-радыёаматара да чалавека, які выкрыў самыя змрочныя таямніцы ГРУ і ФСБ. Як яго вербавала спецслужба Люксембурга і як ён вымушаны хавацца цяпер

Каментары