Грамадства66

«Ужо сіл няма глядзець на гэтыя цэны». Беларусы скардзяцца на кошт аўтобусных білетаў у Літву

У адным з памежных чатаў разгарэлася спрэчка праз цэны на аўтобусныя білеты з Беларусі ў Літву. Некаторыя звярнулі ўвагу, што яны выраслі з пачатку лета, хаця перавозчыкі абяцалі іх не падымаць. Ім адказалі тыя, хто лічыць, што з цэнамі ўсё ў парадку. Не падабаецца — сядзі дома. Таксама людзі заклікаюць звяртацца ў МАРГ, каб ведамства звярнула ўвагу на праблему. Але высветлілася, што яно бяссільнае. BGmedia распавядае пра гэтую праблему.

Чаму беларусаў не задавальняюць цэны на білеты ў Літву

Спрэчка паміж беларусамі разгарэлася пасля публікацыі справаздачы аб паездцы з Гродна ў Вільню. Беларус папрасіў зрабіць цэны на білеты чалавечымі. Ён адзначыў, што дабрацца з Гродна ў Вільню на аўтобусе, калі купляць білет загадзя, каштуе 230 рублёў.

Журналісты BGmedia паглядзелі цэны на аўтобусы з Гродна ў Вільню на сераду, 29 кастрычніка, на сайтах перавозчыкаў і агрэгатараў па продажы білетаў.

Самы танны білет сапраўды каштуе 230 рублёў. Ёсць білеты па 256 рублёў, а самы дарагі каштуе 316. На 9 кастрычніка білеты за 230 рублёў можна знайсці толькі на «Атласе». У іншых агрэгатараў і перавозчыкаў цэны стартуюць з 256 рублёў.

Беларусы звярнулі ўвагу, што некаторыя перавозчыкі абяцалі не падымаць цэны, але абяцання не стрымалі:

«Калі ездзіш праз Літву пастаянна, то ў тваім інфаполі шмат навін на гэты конт. І ў адной з іх бос транспартнай кампаніі на пачатку лета 2025 года распавядаў, што няма ніякіх падстаў для павышэння цэн. Аднак, калі на мяжы РБ — РП была чарга 100+ аўтобусаў, цана вырасла на 20 рублёў. Калі закрылі мяжу [Польшчы і Беларусі] — на 10 рублёў. Але надыдзе момант, калі Гродна перастане быць ізаляваным ад мяжы, тады мы ўбачым, як гэтыя спрытныя хлапчукі будуць катаць нас за 150 рублёў, а калі ў абодва бакі квіток купіць, то можна і за 200».

«Я купляў білет на пачатку чэрвеня за 180 рублёў, а ў сярэдзіне верасня — за 230 рублёў. Відаць, у гэты перыяд часу ўсе перавозчыкі адразу адкрылі ІП, атрымалі дазвол і г.д.? Пацешце нас разумнай думкай на гэты конт».

«Калі дзяржава абмяжоўвае рэйсы, то гэта ўжо не капіталізм і свабодны рынак. Тады яна павінна патрабаваць ад перавозчыкаў, якім дае дазволы, пэўныя ўмовы, у тым ліку і цэны. А перасячэнне мяжы для аўтобуса не падымае сабекошт настолькі, каб білеты даражэлі ў два разы. Я да Вільні, па Літве, еду за 15 еўра, а потым такую ж адлегласць па Беларусі — за 65 еўра. Пры тым, што паліва там у два разы таннейшае».

«Я лічу цану неабгрунтаванай, як, дарэчы, вельмі многія. Тое, што ў людзей няма выйсця хутка перасекчы мяжу, не значыць, што яны павінны мірыцца з цэнавым самавольствам. На жаль, па розных прычынах многія не могуць адмовіцца ад паездак праз Літву. Але ўпэўнены: пры першай жа магчымасці 80% падарожнікаў пяройдуць на іншыя маршруты».

«Гэта такая логіка, напэўна, і ў перавозчыкаў. Тыпу, а куды яны падзенуцца, будуць плаціць, колькі скажам. Пешшу — закрыта, на роварах — закрыта, чэргі, можна падымаць цэны».

Аргументы тых, каго задавальняе цяперашняя сітуацыя з білетамі ў Вільню, былі рознымі. Хтосьці лічыць, што 200 ці 230 рублёў — гэта нядорага:

«А чым вам цана ў 200 рублёў не падабаецца? Норм цана. У адрозненне ад усялякіх «Экалайнсаў», яны не падымалі цэны падчас закрыцця Польшчы. Ці вы хочаце бясплатна ездзіць? Калі вам і гэта дорага, то навошта вам Еўропа?»

«Ну, 230 (крыху больш, чым 200), якая розніца? Каму гэта дорага, хай сядзіць дома. Вось і ўсё».

Некаторыя нагадалі пра капіталізм. Маўляў, «рынак вырашыць»:

«Улічыце праходжанне мяжы і тое, што рэйсы літоўцы паскарачалі. Вось і цана адсюль. Ці фірмы павінны ў страту працаваць? Капіталізм усе хацелі? Вось і атрымалі. Чаго цяпер плачацеся, што дорага?»

«Цэны дыктуе рынак, не хочаце плаціць 65 еўра — шукайце каго-небудзь іншага танней. Але яго няма. Вось і ўсё. Капіталізм у чыстым выглядзе».

«Калі вас нешта не задавальняе, ездзіце на сваім аўто. І адразу палічыце, у колькі вам гэты камфорт абыдзецца! Ну і час перасячэння мяжы памножце на пяць».

Некаторыя беларусы лічаць, што ў павышэнні цэн на аўтобусныя білеты вінаватая Літва, якая скараціла колькасць аўтобусных рэйсаў Вільня — Мінск:

«Вывучыце пытанне, колькі было перавозчыкаў у чэрвені і колькі стала потым, як літоўцы абрэзалі і пачалі правяраць дазволы і квоты. Плюс да ўсяго дадайце яшчэ сюды попыт з-за тых, каго літоўцы выкінулі за борт. Стала мала перавозчыкаў, павысіўся попыт, вось і цана пайшла ўверх крыху.

Далей спрачацца і тлумачыць, чаму такія цэны, не бачу сэнсу, раю перасесці на свой легкавы аўтамабіль і ездзіць. Ці ж адкрыць ІП і вазіць людзей за капейкі, а вашыя скаргі лепш накіроўвайце ў Вільню, каб дазволілі, як раней, турыстычным аўтобусам ехаць без дазволу, а таксама дадалі квоты на колькасць праездаў тым, хто ездзіць цяпер. І будзе шчасце вам, як раней, усе пытанні накіроўвайце ў Вільню.

І так, адкрыю сакрэт, ходзяць чуткі, што пасля новага года літоўцы яшчэ ў 2,5 разы знізяць колькасць дазволаў і квот, так што ў новы год з новымі цэнамі.

З беларускіх перавозчыкаў, хто раней ездзіў ці ж яшчэ зараз ездзіць у Літву, ужо практычна 95% не хочуць туды ездзіць і, хутчэй за ўсё, не будуць. Тыя, хто цяпер яшчэ ездзіць, адкатаюць дазволы і квоты, потым пяройдуць на Польшчу, як і ўсе».

Беларусы прапануюць скардзіцца ў МАРГ, але ведамства не дапаможа

Падчас абмеркавання цэн на білеты некаторыя беларусы прапаноўвалі звяртацца ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ). На іх думку, калі зваротаў будзе дзясяткі, то ведамства зверне ўвагу на гэтую праблему:

«Гэтае пытанне падымаецца не ў першы раз. У РБ ёсць такое ведамства МАРГ, у іх ёсць тэлефон, калі зваротаў будзе хоць бы больш за 10, ёсць верагоднасць, што на гэта будзе звернута ўвага. Усё ў нашых руках».

Ім адказалі, што звяртацца ў МАРГ няма сэнсу:

«Ужо ў некім з чатаў кідалі адказ МАРГ. Тыпу цэны на міжнародныя маршруты — не іх справа і займацца імі яны не будуць».

І гэта сапраўды так. 23 верасня ў МАРГ прайшла сустрэча з прадстаўнікамі перавозчыкаў «Мінсктранс» і «Баертранс». Падстава — публікацыі ў інтэрнэце пра рост цэн на білеты па маршруце Мінск — Вільня і закрыццё мяжы з Польшчай.

Перавозчыкі падчас сустрэчы з чыноўнікамі запэўнівалі, што з прычыны закрыцця мяжы Польшчы з Беларуссю «тарыфы па маршруце Мінск — Вільня не павялічваліся».

У МАРГ адказалі, што «паслугі па перавозцы пасажыраў у рэгулярным міжнародным паведамленні не падлягаюць дзяржаўнаму цэнаваму рэгуляванню».

Каментары6

  • Ганьба канешне
    08.10.2025
    Дзiкасць i рабства.
  • Слышал звон, да не знает, где он
    08.10.2025
    Это не капитализм, конечно это не капитализм и соответсвенно не рыночные цены. Вот только обвиняете вы в этом режим Лукашенко, а не режим бывшего коммуниста товарища Науседы. Довожу до ваше сведения, что именно Литва, а не Беларусь ввела ограничения на количество рейсов между странами! Тем самым цены регулируются уже не рыночными методами, а административными. Конкуренция на этом направлении из-за введенных Литвой ограничений отсутствует, потому перевозчики и ломят цены.
  • Какая глупость
    08.10.2025
    Если автобус стоит на границе вместо 2часов 2 суток,то кто-то должен оплатить это время. Поэтому цена и вырастает. Да автобус никуда не едет,но и выручки у него в это время нет,а по кредитам платить нужно,за водителю и налоги. Снижение цены приведет к тому,что не будет просто нормальных автобусов. И рейсов будет меньше.

Цяпер чытаюць

Колькі каштуе паесці ў элітным французскім рэстаране Віктара Лукашэнкі?10

Колькі каштуе паесці ў элітным французскім рэстаране Віктара Лукашэнкі?

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускія дальнабойшчыкі ўсё часцей выбіраюць для працы Германію замест Польшчы і Літвы. Расказваюць пра заробкі8

Колькі сяброў можа быць у чалавека ў эпоху сацсетак? Навуковец падлічыў4

«Раней Марзалюк выступаў у калоніі, што экстрэмісты — ворагі народу. А апошні раз — што трэба ўмець дараваць»10

11‑гадовую школьніцу з Брэста збілі за парушэнне правілаў гульні2

Ізраіль і ХАМАС падпісалі дамоўленасці ў межах першага этапу мірнага плана

Былы палітвязень Шафарэнка: Не чапаць нашых родных — адна з умоў угоды з амерыканцамі5

Ва Узбекістане больш за 2000 чыноўнікаў замяняюць штучным інтэлектам5

У Стоўбцах паставілі помнік танку 1973 года для ўшанавання «подзвігу Вялікай Айчыннай»8

Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі51

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі каштуе паесці ў элітным французскім рэстаране Віктара Лукашэнкі?10

Колькі каштуе паесці ў элітным французскім рэстаране Віктара Лукашэнкі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць