Меркаванні1010

«Мне казалі: ты гаворыш як канадскі эмігрант». Сяргей Шупа расказаў пра Вільню 90-х, параўнанне літоўскай літаратуры з беларускай і адрозненні паміж народамі

Перакладчык і рэдактар пражскага выдавецтва «Вясна» Сяргей Шупа расказаў у інтэрв’ю budzma.org, як вывучыў літоўскую мову, чым адметная падрыхтаваная ім літоўская серыя кніг і як аўтарка Silva Rerum Крысціна Сабаляўкайце ўспрыняла беларускую мову.

Siarhiej Šupa
Сяргей Шупа. Фота са старонкі Сяргея Шупы ў фэйсбуку

— У канцы лютага — пачатку сакавіка пасля ўдзелу ў Міжнароднай кніжнай выставе ў Вільні вы асобна прэзентавалі пераклады чатырох тамоў віленскай сагі Silva Rerum — з яе аўтаркай Крысцінай Сабаляўкайце. Якія ў вас засталіся ўражанні ад прэзентацыі?

— Так, галоўная маса чытачоў прыйшла на асобную прэзентацыю, якая адбылася ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Уся зала была запоўненая: сабралася чалавек 60-70.

Вельмі нам дапамагло, фактычна ўратавала, што мы адразу дамовіліся пра нестандартны моўны фармат. Для парадку я запытаўся, ці ёсць людзі, якія не разумеюць па-літоўску: іх было нямала. Тады я спытаў, ці ёсць людзі, якія не разумеюць па-польску (сама Сабаляўскайце вельмі добра гаворыць па-польску): падняліся адна-дзве нясмелыя рукі. Так мы дамовіліся: Крысціна будзе гаварыць па-польску, а мы будзем задаваць пытанні па-беларуску.

Гэта нам зэканоміла процьму часу і сіл, не разбіла дынаміку размовы. Крысціна пасля прэзентацыі прызналася, што да гэтага з беларускай мовай фактычна не сутыкалася, але адзначыла, што амаль усё разумела.

Siarhiej Šupa i Kryscinaj Sabalaŭkajcie
Сяргей Шупа і Крысцінай Сабаляўкайце на прэзентацыі беларускага перакладу Silva Rerum у Вільні

— Як вы прыйшлі да ідэі выдаць Silva Rerum па-беларуску?

— Я даўно прыглядаўся да раману: першая кніжка выйшла ў 2008-м. Твор вельмі яскравы і вяртае нас да нашай супольнай гісторыі. У беларусаў няма гістарычных раманаў пра XVIII стагоддзе, а Сабаляўскайце ўзяла жыццё паланізаванай шляхты і напісала пра яго вялікі раман.

Як выявілася, Silva Rerum — самая папулярная кніга ў Літве ў гэтым стагоддзі. Гэтым разам на кірмашы ў Вільні я спытаўся ў Крысціны, колькі складае супольны наклад усіх чатырох тамоў па-літоўску (трэба сказаць, што першы том я перакладаў ужо з 22‑га выдання). Яна адказала, што наклад усіх выданняў — 300 тысяч асобнікаў.

Biełaruskamoŭnaje vydannie Silva Rerum
Беларускамоўнае выданне Silva Rerum. Фота: «Радыё Свабода»

Нагадаю, што ў Літве жыве менш за 3 мільёны чалавек. Атрымліваецца, кожная другая ці трэцяя сям’я мела гэтую кнігу.

Раман не проста папулярны. Як адзначаюць крытыкі, ён — рэдкае спалучэнне папулярнасці і літаратурнай якасці. Гэта ні ў якім разе не танны бестселер, які моцна прагучыць пасля выхаду, але пра які праз месяц забудуць — такіх гісторый у свеце было даволі шмат.

Так што ў тым, што мы выбралі гэтую кнігу для перакладу, нічога дзіўнага няма. Трошкі раней мы ў выдавецтве «Вясна» распачалі літоўскую калекцыю. У 2018‑м газета Lietuvos Rytas надрукавала на стагоддзе аднаўлення літоўскай дзяржавы рэйтынг 100 літоўскіх кніг. Там было два спісы: літаратурных крытыкаў і чытачоў. У спісе крытыкаў першае месца заняла кніга эміграцыйнага пісьменніка Антанаса Шкемы «Белы саван». Другое — «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса. Трэцяе — «Туўла» Юргіса Кунчынаса.

Kniha

«Віленскі покер» выдавецтва «Логвінаў» выдала яшчэ ў 2018 годзе. А мы пачалі сваю літоўскую серыю выданнем кніг №1 і №3 («Белы саван» і «Туўла»). Таму сёння беларускі чытач мае магчымасць прачытаць тры самыя папулярныя сярод крытыкаў творы літоўскай літаратуры за апошнія 100 гадоў. «Белы саван» і «Туўла», як і Silva Rerum, усё яшчэ даступныя на «Кнігаўцы».

— А чаму вы вырашылі, што беларускім чытачам будуць цікавыя раманы з літоўскай літаратуры?

— Дзіўна было б не мець ніякага ўяўлення пра кнігі краіны і народа, з якімі беларусаў звязваюць стагоддзі супольнай гісторыі. Фактычна да гэтых выданняў (а з літоўскай на беларускую выйшла перакладаў ужо, мабыць, з дзясятак — таксама ў выдавецтве «Пфляўмбаўм») беларусы фактычна нічога не ведалі пра тое, што адбываецца ў літаратуры Літвы, што было абсалютна ненармальнай сітуацыяй. Таму мы вырашылі яе пачаць выпраўляць.

— Да перакладу «Туўлы» Кунчынаса вы дадалі мапу з мясцінамі, дзе адбываюцца падзеі раману. Дзякуючы гэтай мапе я адкрыў для сябе зусім невядомыя куткі Вільні. Як вы змаглі стварыць гэтую мапу?

— У 1990‑х мы жылі ў Вільні напачатку Антокаля каля касцёла Пятра і Паўла — там ёсць вуліца Vasaros («Летняя»). Калі вы скажыце літоўцу «я жыву на вуліцы Vasaros», вы пабачыце забаўную рэакцыю.

— Таму што там знаходзіцца псіхіятрычны шпіталь, так?

— Так. Гэта тое ж самае, што сказаць у Менску «я жыву ў Навінках»… Мы жылі проста за плотам псіхіятрычнага шпіталя. А герой рамана «Туўла», у якім вельмі шмат аўтабіяграфічных рысаў Кунчынаса (ён быў інтэлектуалам, германістам, перакладчыкам, паэтам), якраз лячыўся ў шпіталі. Побач з ім знаходзіўся гастраном Rytas. Алкашы хадзілі туды дагнацца ў кафетэрый на другім паверсе. Памятаю тыя таблічкі: «Асобы ў шпітальных халатах не абслугоўваюцца».

Мяне гэтае апісанне маёй Вільні страшна ўразіла. Не той турыстычнай, дзе Вострая Брама, гара Гедзіміна і г.д., а той, дзе я жыву. Кніга выйшла ў 1993 годзе. У ёй расказваецца пра шчымлівую і трагічную гісторыю кахання аўтара да дзяўчыны, якую ён страціў.

Раман неардынарны і вельмі тапаграфічны, ён дакладна апісвае мясціны, дзе з героем нешта адбываецца. Але ні ў водным літоўскім выданні «Туўлы» і ў ніводным перакладным ніякай мапы не было. Таму я падумаў, што было б вельмі добра яе зрабіць, каб чытачы маглі дыхаць паветрам з рамана і спрабаваць уявіць, як выглядала тое ці іншае месца ў канцы 1980-х.

Я застаў тыя мясціны напачатку 1990‑х (Сяргей Шупа мае літоўскае грамадзянства — budzma.org), там тады яшчэ мала што змянілася. А вось ужо з сярэдзіны 1990‑х пачаліся імклівыя змены з укладаннем кучы грошай. А на той час, калі я пераехаў у Вільню, Зарэчча было закінутым завуголлем, дзе, мабыць, з 1950‑х нічога не рамантавалася.

— У «Туўле» ёсць згадкі і пра беларускія мясціны: Мінск, Баранавічы…

— У пэўны момант герой па перапісцы знаёміцца з беларускай паэткай, з якой едзе адпачываць у Крым. Так узнікае беларуская тэма. Наша краіна таксама ўсплывае ў паэзіі Кунчынаса. Беларусь як краіна не была яму далёкай і чужой.

— У чым асаблівасці літоўскай літаратуры, калі рабіць параўнанне з беларускай?

— Літоўская літаратура вельмі багатая і разнастайная: яна няспынна развівалася ад канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, у тым ліку ў часы незалежнасці міжваеннай Літоўскай Рэспублікі. Пасля 1944 года, другой савецкай акупацыі, Саюз пісьменнікаў выехаў на эміграцыю амаль у поўным складзе (у тым ліку і Антанас Шкема). Там літаратурныя працэсы працягваліся значна больш актыўна, чым, скажам, у беларускай эміграцыі. Нават цяжка сказаць, колькі раманаў выйшла з-пад пяра беларускіх эміграцыйных пісьменнікаў — адзінкі. У Беларусі пакаленне тых творцаў было знішчана падчас рэпрэсій 1930-х. А ў Літве яны змаглі выехаць на Захад.

Пад канец 1950‑х пачалі ўзнікаць новыя імёны і ў літаратуры Савецкай Літвы. Беларусь у гэты час сутыкнулася з татальнай русіфікацыяй, таму літаратура збольшага была адарваная ад рэальнага жыцця. Пісалі пра вёску, дзе яшчэ жыла беларуская мова, але калі пісалі пра горад, дзе ўжо ўсё было па-руску, то літаратура выглядала не зусім натуральнай.

Так што беларуская літаратура адрозніваецца перш за ўсё тым, што яна стваралася ва ўмовах татальнай русіфікацыі чытачоў. У Літве чытачы фактычна не русіфікаваліся, таму развіваліся свая мова і літаратура — няхай пры ідэалагічным кантролі.

— Сёння ў Літве нямала беларусаў вывучае літоўскую мову. А як яе вывучылі вы?

— Я пабываў у Вільні яшчэ ў школьныя часы — напэўна, яшчэ раней за наведванне беларускіх абласных цэнтраў (Вільня, як вядома, ад Менску бліжэй за іх). Прыязджаеш — а там іншыя мовы: і літоўская, і польская, і мясцовая-тутэйшая беларуская, і руская, і я нават заспеў ідыш.

А калі паехаць далей, у Коўна, там усё па-літоўску. Я з дзяцінства быў заядлым лінгвістам, дзесьці, напэўна, у класе 7‑м пры наведанні Коўна купіў падручнік літоўскай мовы і паціху сам сабе вывучыў.

Структурна літоўская мова не такая далёкая ад беларускай і славянскіх моў. Нам яна значна больш блізкая, чым любая з заходніх моў. Я вялікіх цяжкасцяў у вывучэнні не адчуваў. А калі пераехаў у Вільню жыць, то ўжо і гаварыў па-літоўску. Праўда, мне казалі: ты гаворыш, як нейкі канадскі эмігрант.

— То-бок гэта стэрэатып, калі кажуць, што літоўская мова вельмі складаная для вывучэння?

— Паспрабуйце эстонскую вывучыць… Не, літоўская мова — няцяжкая.

— У чым беларусы і літоўцы падобныя, а ў чым адрозныя?

— Падобнасць хаваецца ў мінулым, якое зрабіла адбітак на нацыянальныя характары.

Беларусы, як і літоўцы, больш індывідуалісты, пры гэтым стрыманыя, не эмацыйныя — калі параўноўваць з украінцамі і рускімі. Калі браць этнаграфію і фальклор, то паміж літоўцамі і беларусамі няма выразнай мяжы — апрача моўнай. Скажам, пры параўнанні музеяў народнага побыту спецыялістам было б вельмі цяжка правесці мяжу.

Увогуле ад пачатку Вялікага Княства Літоўскага і аж да 1991 года паміж беларусамі і літоўцамі ніколі не было мяжы. І мы, і яны траплялі пад розныя акупацыі — расійскую, польскую, савецкую. Але там, дзе праходзіць моўная мяжа, рэальнай мяжы ўсе гэтыя часы не было. Яна з’явілася толькі ў 1991 годзе і, на жаль, гэты мур робіцца ўсё вышэйшы і вышэйшы.

Ясна, што на беларусаў вельмі моцны адбітак зрабіла русіфікацыя. Беларусы значна больш саветызаваны народ, чым літоўцы. Я нават паспрачаўся б з тэарэтыкамі нацыябудаўніцтва: напэўна, беларуская нацыя яшчэ не да канца сфармавалася. Альбо ёсць, прынамсі, некалькі канкурэнтных мадэляў, што такое беларуская нацыя. Ёсць наш нацыянальны наратыў, а ёсць наратыў, умоўна кажучы, Марзалюка — прарасійскіх беларусаў антыеўрапейскай арыентацыі.

А нельга чалавеку, які лічыць сябе беларусам, сказаць, што ён не беларус. Тое самае, калі на Віленшчыне людзі гавораць на беларускім дыялекце, але лічаць сябе палякамі: ніхто не мае права сказаць ім «ніякія вы не палякі, вы беларусы». Выбар прыналежнасці да нацыі — гэта справа самасвядомасці і прыватная справа кожнага чалавека, а не нейкага старонняга назіральніка, які замярае чэрап, генетыку, зробіць аналіз крыві.

Што датычыць розніцы, то варта мець на ўвазе, што і Літва ў значнай ступені саветызаваная — калі параўноўваць літоўцаў з латышамі і тым больш з эстонцамі. Рэцыдывы часам і на выбарах праяўляюцца: на апошніх прэзідэнцкіх выбарах прасавецкі і прарасійскі палітык Вайткус набраў 7% галасоў — што нямала.

— У чым асалода працы перакладчыкам мастацкай літаратуры?

— Па-першае, прыемна, што робіш замежную літаратуру даступнай для беларускага чытача. І вельмі цікава рабіць тэст беларускай мове: ці можаш ты, беларуская мова, выказаць пачуцці і думкі іншага творцы, які пісаў на іншай мове?

Ведаю, што некаторыя перакладаюць так, як перакладаецца, а затым пачынаюцца складаныя і цяжкія працэсы самарэдагавання — чарнавік даводзяць да ладу. Я працую інакш. Тую ж працу я раблю на прасторы аднаго сказа ці аднаго абзаца. Пакуль яны не загучаць так, як мне здаецца ідэальна, далей не іду. Гладкая рэдактура адбываецца, калі я чытаю пераклад уголас жонцы, заадно дырэктарцы выдавецтва (ураджэнцы Харватыі Весне Вашко — budzma.org): тады чую ўсе слабыя месцы, якія трэба падшліфаваць. Але такіх месцаў атрымліваецца не так і шмат.

Siarhiej Šupa i Vesna Vaško
Перакладчык і яго выдавец: Сяргей Шупа і Вэсна Вашко. Фота: «Радыё Свабода»
На мой погляд, перакладная літаратура — такі самы факт беларускай літаратуры і культуры, як і арыгінальная. Гэта актуальна для невялікіх народаў. Памятаю, як мяне ўразіла ў кнігарні ў Эстоніі, што 80% прадукцыі складалі пераклады. І чытачы, і пісьменнікі гадуюцца не толькі на сваёй арыгінальнай літаратуры, але і на перакладах. А пераклады ў ідэале маюць тую перавагу, што гэта ўжо правераная літаратура.

— Над чым працуеце зараз, выхаду якой кнігі чакаць неўзабаве?

— Працую паралельна над некалькімі праектамі, але хацеў бы расказаць пра яшчэ адну кніжку літоўскай серыі. Гэтая кніга заняла першае месца ў спісе стагоддзя ў рэйтынгу сярод чытачоў. І думаю, гэта, магчыма, самая значная літоўская кніга на сусветным узроўні. Яе лёс вельмі трагічны, і яна не загучала тады, калі павінна была загучаць і таму засталася незаўважанай у шырокім свеце.

Гэта кніга інтэлектуала і драматурга міжваеннай Літвы Баліса Сруогі «Лес багоў». У 1943 годзе немцы пасля паразы пад Сталінградам пачалі падграбаць на акупаваных тэрыторыях мабілізацыйны рэзерв і ствараць батальёны Вафэн СС — у Літве, Латвіі, Эстоніі і Беларусі. Усюды гэта ўдалося акрамя Літвы (у Беларусі была створана 30‑я грэнадзёрская дывізія СС): там гэтая акцыя была сабатаваная. Небеспадстаўна немцы абвінавацілі ў гэтым прафесуру Віленскага ўніверсітэта. Каля 40 інтэлектуалаў, у тым ліку Баліса Сруогу, разаслалі па канцлагерах. Праўда, яны там сядзелі не як вязні, а хутчэй як закладнікі — маўляў, набяром людзей у СС і тады вас выпусцім. Але немцы нікога так і не набралі, і інтэлектуалы праседзелі ў канцлагерах да канца вайны.

Баліс Сруога — тонкі стыліст і выдатны літаратар — напісаў кнігу пра свой побыт у лагеры Штутгоф пад Гданьскам. Яна вельмі нестандартная на фоне астатніх падобных мемуараў пра выжыванне ў канцлагеры. Кніга напісана з пазіцый сарказму, чорнага гумару — так Сруога спрабаваў выжыць. Пры яе чытанні разяваеш рот: як пра такое можна было так напісаць?

Саветы Сруогу вызвалілі і эвакуявалі, ён размінуўся з жонкай і дачкой, якія ў 1944‑м паспелі ўцячы на Захад. Сруогу з вялікай помпай прывезлі ў Літву: пасля выезду Саюза пісьменнікаў амаль у поўным складзе там заставалася тры з паловай літаратары.

Ён напісаў за пару месяцаў сваю кнігу, здаў у выдавецтва, але партыйная цэнзура сказала, што так пісаць нельга. Сруога змагаўся за рукапіс як толькі мог, але прайграў бой — у 1947‑м памёр. Кніжку паклалі ў шуфляду. Падчас адлігі выдалі, але ў моцна знявечаным, фактычна не ў аўтарскім варыянце. У такім выглядзе як сведчанне нямецка-фашысцкіх злачынстваў кніга стала вядомай, увайшла ў школьныя праграмы.

І вось гэта фактычна самая вялікая літоўская кніжка XX стагоддзя да сёння не выйшла ў аўтарскім варыянце. Сёлета 130 гадоў з дня нараджэння Баліса Сруогі, і восенню выданне ўпершыню выйдзе па-літоўску ў тым выглядзе, у якім яго задумваў аўтар.

А пераклады ўжо некалькі гадоў робяцца з аўтарскага варыянту (рукапісы захаваліся). Першы выйшаў азербайджанскі, цяпер выходзіць карэйскі, рыхтуецца французскі і нідэрландскі — і вось пятым будзе беларускі пераклад.

Каментары10

  • ЎІЎ
    10.03.2026
    Літоўцы нават рускую галоту прымусілі ведаць літоўскую. Беларусы нават новых апазіцыянераў не ў стане прывесці да сітуацыі, каб тыя па-беларуску размаўлялі і далей на расейскай чырыкаюць.
  • Žvir
    10.03.2026
    Cikava.
  • каша ў галаве
    10.03.2026
    Ізноў каша ў галаве пра "савецкую РБ" і г.д.: дасталі ўжо ўсіх беларусы толькі сваім існаваннем, замінаюць?

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?5

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?

Усе навіны →
Усе навіны

Гасцей кавярні просяць выходзіць, калі яны бяруць каву з сабой. А так можна?2

Туалет тыпу дзірка ў падлозе і шалёны холад у зале: беларусы абмяркоўваюць, чаму з дрэс-кодам у тэатры будзе складана10

Наўседа: Калі ў бліжэйшыя некалькі тыдняў не будзе шароў, не будзе нелегальных мігрантаў, магчыма, пачнем дыялог з Беларуссю22

У Расіі аштрафавалі расіяніна за пагрозы беларускаму сілавіку праз СМС1

Ціханоўская: 2 красавіка рэжым адзначае самае цынічнае свята11

Беларуска Аляксандра Борціч, якая здымаецца ў Расіі, змяніла акцёрскую прафесію5

Беларускамоўнага інжынера родам з Хойнікаў асудзілі — хутчэй за ўсё, па справе Гаюна3

Як беларусам адкрыць «шэнген»: ці можна паспець да лета-20265

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?40

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?5

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць