Мова77

Як ніжнік крыў кральку. Забытая мова беларускіх картачных гульняў

У беларусаў была свая адметная картачная тэрміналогія, якая часта разыходзіцца з расейскай. У жывых гаворках захаваўся ўнікальны, самабытны свет, дзе карты не тасуюць, а габлююць, і дзе валетаў і дам называлі ніжнікамі ды кралькамі.

Карціна Поля Сезана «Гульцы ў карты» (1892—1893 гады) выдатна перадае напружаную атмасферу мыслення за картачным сталом. Фота: Wikimedia Commons

Вярнуць з нябыту гэты пласт лексікі вырашыла суполка «RэЗервацыЯ» — група перакладчыкаў, якіх яднае супольная мэта стварэння якасных беларускіх лакалізацый гульняў. Яны сабралі і сістэматызавалі картачную лексіку ў невялікі, але надзвычай змястоўны слоўнік.

Масці і маскі

Для нас сёння звыклымі з’яўляюцца французскія назвы картачных масцей, але беларуская народная традыцыя захавала і іншыя найменні. Чорныя пікі часцей за ўсё называліся «віна» (націск на першы склад). Прыметнік: віновы. Або віноўкі: «Я табе дам віноўку, і ты знімеш».

Трэфы практычна паўсюдна называліся жалуды, ці скарочана жлуды, а ў некаторых рэгіёнах мелі альтэрнатыўную назву — хрэсці, прыметнік: храстовыя. Масць, вядомая нам як бубна, мела таксама мілагучную назву — звонкі. Напрыклад, фіксуецца такі выраз: «Кідай звонку».

Чырву называлі таксама чарвонкамі, або чырвенямі.

Многія з гэтых назваў засталіся ад старажытнай еўрапейскай сістэмы сімвалаў старой нямецкай калоды, якая была вядомая на беларускіх землях раней за французскую.

Ніжнікі, вышнікі і шапяркі

Звыклыя нам ігральныя карцінкі таксама мелі ўласную іерархію. Тое, што мы сёння называем валетам, у беларусаў раней было ніжнікам. Гэтая назва лагічна паходзіць ад нямецкага «Unter». Адпаведна, дама фігуравала ў гаворках як вышнік (ад нямецкага «Ober») або краля і кралька. Апошняе слова пайшло ад польскага «krala» — каралева. 

Самі ж дробныя карты мелі зборную назву малодкі. Дасведчаныя жанчыны пры варажбе абавязкова адкідалі іх убок, каб яны не псавалі сур'ёзны расклад: «Мая бабуля адкідае ўсе младкі, калі гадае на даму».

Кожная лічба мела сваё азначэнне. Васьмёрку маглі назваць асьмаком ці восемкай: «А я твайго карыля казырнай восемкай пабіў». Сямёрку — сямак ці сёмка, семка, а шасцёрку — словам шапёрка, шыпёрка.

Агулам калоду карт называлі таліяй.

Габляваць і пускаць буслікаў

Карціна Мікеланджэла Караваджа «Шулеры» (каля 1594 г.), на якой адзін з мужчын пускае буслікаў у чужую калоду, а яго напарнік звычайны калтыга — мяняе карту за спінай. Фота: Wikimedia Commons

Калі людзі садзіліся за стол, карты тасавалі. У гэтага слова былі і сінонімы — іх габлявалі, тусавалі ці мітусілі.

«Не люблю я іграць, калі банк трымае Андрэй Нагнётка. Як пачне габляваць карты, як стане выкладаць іх! Проста як бы жылы выцягвае з цябе». (З дзённіка пана Жылака — Якуб Колас)

«Нашто ты іх [карты] мітусіш? Не матусі».

Каб сказаць, што нехта даў у масць, гэта значыць пахадзіў або адказаў картай той самай масці, казалі ўлісціўся: «Во як лоўка ў цябе ўлісціліся!»

Не прынята было пускаць буслікаў у чужыя карты, гэта значыць спрабаваць падгледзець чужы расклад: «Што ты буслікаў пускаеш у мае карты?».

Калі ж гулец разумеў, што яму няма чым адбівацца, ён замест пас мог сказаць годзе

Узятка са стала абазначалася словам бітка. Прайграўшы партыю ў дурня, або, як яго называлі беларусы, у кепікі, гулец атрымліваў кеп, гэта значыць пройгрыш, а для поўнага і знішчальнага пройгрыша было слова кікс.

«З вялікага абрання ды выйшаў кікс. Гулялі мы ў карты, дык я выйграў, а ўсе засталіся з кіксам».

Тых жа, хто свядома спрабаваў змахляваць, называлі калтыгамі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Синдбад
    24.05.2026
    Цікава, былі й трэфы/крэсьці, разам з вінямі. І так, і гэтак называлі, адначасова, як каму.
  • Зміцер
    24.05.2026
    Я памятаю яшчэ гэтыя назвы
  • у нас
    24.05.2026
    Хрэсці, габляваць - так і казалі. Слова "трэфы" ніхто не ўжываў, нават па-расейску.

Цяпер чытаюць

Беларуска ўладкавалася ў кандытарскую краму. Але высветлілася, што за наведванне туалета ёй трэба плаціць1

Беларуска ўладкавалася ў кандытарскую краму. Але высветлілася, што за наведванне туалета ёй трэба плаціць

Усе навіны →
Усе навіны

Жанчына кінула кацянят у пераносках на спякоце каля гандлёвага цэнтра ў Мінску4

У чацвер можа быць +40, а сіноптыкі выпісалі адразу два ўзроўні небяспекі: чырвоны і аранжавы2

У Магілёве мужчына разграміў кафэ праз песню Газманава20

Што на могілках павінны прыбіраць камунальнікі, а што сваякі5

У мінскім грамадскім транспарце адключылі кнопкі адкрыцця дзвярэй6

Гэта больш падобна на загарадны дом. Як выглядае кватэра на 200 квадратаў з тэрасай у ЖK каля Dana Mall1

Еўрапейскія краіны раскрылі сетку, якая вярбуе падлеткаў-кілераў1

На свабоду выйшаў асуджаны па справе канала «Армія з народам» Сяргей Ярашэвіч, муж Антаніны Канавалавай

Віртуальныя нумары ў аб'явах. Абарона ад махляроў ці дапамога для перакупаў?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска ўладкавалася ў кандытарскую краму. Але высветлілася, што за наведванне туалета ёй трэба плаціць1

Беларуска ўладкавалася ў кандытарскую краму. Але высветлілася, што за наведванне туалета ёй трэба плаціць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць