Беларуска Карына Казлоўская заваявала на чэмпіянаце Польшчы па стральбе з лука сем залатых медалёў. Больш проста не было
Беларуская лучніца з польскім грамадзянствам Карына Казлоўская заваявала сем залатых медалёў на чэмпіянаце Польшчы па стральбе з лука, які праходзіў у Беластоку. Яна перамагла на дыстанцыях 30, 50, 60 і 70 метраў, а таксама ў змешаным, камандным і агульным жаночым заліках, піша «Радыё Свабода».

Казлоўская дзякуючы свайму фенаменальнаму поспеху ўвайшла ў гісторыю польскай стральбы з лука. Яна стала першай спартсменкай, якая здолела выйграць усе сем відаў праграмы чэмпіянату, атрымаўшы золата ў 100% спаборніцтваў.
Летась Карына ўжо была чэмпіёнкай Польшчы. Сёлета ж перамог і яе клуб «Лучнік» з горада Жывец, за які яна выступае.
Паводле слоў спартсменкі, летась ёй даводзілася працаваць у папулярнай польскай сетцы крамаў «Жабка», каб зарабляць на жыццё і адначасова працягваць трэніроўкі. Сёлета неабходнасць у дадатковай працы адпала: яе трэніроўкі і выступленні цяпер падтрымлівае кампанія InPost, якая займаецца дастаўкай пасылак.
У верасні 2027 года Казлоўская плануе паехаць у Калумбію на чэмпіянат свету. Там будуць разыгрывацца ліцэнзіі на ўдзел у Алімпійскіх гульнях 2028 года. А яшчэ сёлета яе чакае Кубак Польшчы ў Жэшуве.
Карына Казлоўская — неаднаразовая чэмпіёнка Беларусі па стральбе з лука. На Алімпіядзе ў Токіа ў 2021 годзе яна разам з беларускай камандай заняла чацвёртае месца.
31 мая 2022 года спартсменка паведаміла, што пакінула беларускую зборную і выехала з краіны. Яна тлумачыла сваё рашэнне працяглым стрэсам, звязаным з Алімпіядай, пандэміяй, выбарамі 2020 года, палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі і вайной ва Украіне. Паводле яе слоў, дзеля спорту яна доўгі час маўчала і цярпела прыніжэнні, пагрозы, запалохванне і ўзмацненне кантролю.
У 2020 годзе Казлоўская разам з дзясяткамі іншых беларускіх спартсменаў падпісала ліст за сумленныя выбары. Пасля пераезду ў Польшчу яна пачала выступаць за польскую зборную. У чэрвені 2023 года ў складзе нацыянальнай каманды Польшчы Карына заваявала бронзавы медаль на Кубку Еўропы.
У лютым 2025 года, амаль праз тры гады пасля пераезду з Беларусі, Казлоўская атрымала польскае грамадзянства.
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары