Расія атакуе Чорнае мора, пад ударам украінскія парты і судны. Наколькі гэта крытычна?
Расія узмацніла атакі ракетамі і дронамі на партовую інфраструктуру Адэсы і вобласці. Пад ударам таксама камерцыйныя судны, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Так, 19 ліпеня расійскія войскі атакавалі трыма крылатымі ракетамі тыпу Х-59/Х-69 сухагрузнае судна GOLDEN LEO, якое належыць Турцыі і ішло пад сцягам Гвінеі-Бісау. На момант удару яно рухалася на выхад з зоны баявых дзеянняў з харчовым грузам, на борце знаходзіліся 17 грамадзян Сірыі і Індыі і лоцман — украінец.
Паводле інфармацыі новага прэм'ера Украіны Сяргея Карэцкага, пасля паражэння на судне ўзнік пажар, але праз пагрозу паўторнай атакі ратавальнікі былі вымушаныя адыходзіць у бяспечную зону.
«З вайсковым камандаваннем рыхтуем рашэнні, якія ўзмацняць бяспеку суднаходства і дапамогуць зберагчы цывільныя судны і маракоў ад злачынных расійскіх атак», — паведаміў прэм'ер Украіны.
Ён назваў такія дзеянні Расіі нападам на свабоду мораплавання і прынцыпы Канвенцыі ААН па марскім праве.
Тым часам міністр па аднаўленні, інфраструктуры і транспарце Мікола Калашнік сказаў, што гэта — «ваеннае злачынства Расіі і ўдар па бяспецы міжнароднага суднаходства і глабальнай харчовай бяспецы».
Увогуле за апошні месяц, паводле даных Адэскай абласной пракуратуры, армія Расіі паразіла 28 гандлёвых суднаў у портах Вялікай Адэсы.
Тым часам у Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі падкрэсліваюць: з 13 ліпеня расійская армія запусціла па рэгіёне каля 300 паветраных цэляў, загінула 18 чалавек, яшчэ 69 параненыя. На працягу тыдня Міністэрства абароны Расіі ў сваёй публічнай камунікацыі асабліва падкрэслівае ўдары па Адэскай вобласці і не хавае, што таксама б'е па суднах.
Гуманітарная катастрофа?
Пакуль мясцовыя ўлады Адэшчыны просяць жыхароў і гасцей не ігнараваць сігналы трывогі і дбаць пра бяспеку, украінскія службоўцы заклікаюць сусветную супольнасць звярнуць увагу на цяперашнюю тактыку Расіі, інакш гэта можа абярнуцца гуманітарнай катастрофай.
На фоне атак Расіі ў Чорным моры Украіна звярнулася з запытам пра тэрміновае пасяджэнне Рады Бяспекі ААН і прапануе склікаць яго ў панядзелак, 27 ліпеня.
«Расія трымае глабальную харчовую бяспеку ў закладніках… Сёння праз украінскі марскі калідор у Чорным моры не прайшло ніводнае судна — менавіта ў разгар сезону збору ўраджаю. Гэта свядомы акт эканамічнага і гуманітарнага тэрору… Калі гэты тэрор працягнецца, мільёны сем'яў у Афрыцы, Азіі, на Блізкім Усходзе і ў Лацінскай Амерыцы могуць сутыкнуцца з ростам цэн на харчаванне і голадам», — заявіў кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга.
Міністэрства замежных спраў Індыі 21 ліпеня выклікала часовага паверанага ў справах Расіі Уладзіміра Ладанава і выказала «сур'ёзную занепакоенасць» праз гібель грамадзян краіны ў выніку расійскага ўдару па гандлёвым судне.
«Напады на камерцыйныя судны і, як вынік, гібель ні ў чым не вінаватых цывільных асоб непрымальныя, і іх неабходна пазбягаць», — заявілі ў індыйскім міністэрстве.
У адказ на гэта прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў:
«Нашы Узброеныя сілы наносяць і будуць працягваць наносіць удары па тых суднах, якія задзейнічаныя ў перавозцы амуніцыі, узбраенняў і г.д. для мэтаў кіеўскага рэжыму».
«Найгоршыя ўмовы з 2023 года»
Узмацненне расійскіх удараў па украінскай партовай інфраструктуры ў Адэскай вобласці і суднах, якія заходзяць ва украінскія парты, адзначыў амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). Паводле даных яго аналітыкаў, гэта сітуацыя абвастрылася як мінімум з 10 ліпеня.
Пры гэтым у ISW адзначаюць: такія расійскія ўдары для Расіі — насамрэч не новая тактыка. Цяпер яна, паводле ацэнак, накіраваная на пагаршэнне украінскай эканомікі і змяншэнне экспартных магчымасцяў краіны. Гэтыя ўдары могуць таксама лічыцца адказам на нядаўнюю ўдарную кампанію Украіны па расійскіх суднах у Азоўскім і Чорным морах, дадаюць у ISW.
Адны з найбольш аўтарытэтных крыніц у сусветным суднаходстве Lloyd's List паведамляюць, што праз апошнія расійскія атакі ў Чорным моры суднаўладальнікі ўсё часцей адмаўляюцца заходзіць да украінскіх партоў, бо ўмовы працы сталі «найгоршымі з часу прыпынення збожжавага пагаднення ў 2023 годзе».
Акрамя таго, як дадаюць у Lloyd's List, на фоне гэтых падзей растуць фрахтавыя стаўкі, страхавыя выдаткі і агульны кошт лагістыкі, пры гэтым колькасць даступных суднаў скарачаецца, хоць парты працягваюць працаваць. Цяпер вядома, што адзін з найбольшых перавозчыкаў свету — суднаходная кампанія Maersk — 21 ліпеня прыпыніў абслугоўванне праз Чарнаморскі рыбны порт.
Maersk стала другой ключавой кампаніяй, якая ў ліпені прыпыніла аперацыі ў Чарнаморску. Kernel Holding, найбольшы украінскі экспарцёр збожжа, на мінулым тыдні таксама спыніў працу ў галоўным порце горада праз серыю расійскіх удараў.
Украінскія ўлады тым часам нагадваюць: рашэнне прыняць такія меры ўхвалілі самі суднаўладальнікі, дзяржава ніякіх абмежаванняў на рух не ўводзіла.
«Яшчэ ўчора да партоў захадзілі чатыры-пяць суднаў. Гэта няшмат, але рух быў. Па стане на сёння заход суднаў прыпыніўся. Гэта рашэнне суднаўладальнікаў — дзяржава са свайго боку нічога не абмяжоўвала», — заявіў міністр аграрнай палітыкі Украіны Тарас Высоцкі падчас камунікацыі з журналістамі 23 ліпеня. У той жа час ён падкрэсліў, што «казаць пра поўную блакаду марскога экспарту пакуль рана», і дадаў, што ўрад працуе над рашэннямі, якія мусяць дапамагчы аднавіць суднаходства.
Удары Украіны па Крыме і на моры
Кіеў імкнецца ізаляваць Крымскі паўвостраў, які Расія незаконна акупавала ў 2014 годзе. На працягу 6‑19 ліпеня Сілы беспілотных сістэм УСУ вывелі са строю тры з пяці паромаў, якія забяспечвалі працу Керчанскай пераправы, імаверна зменшыўшы яе прапускныя здольнасці на 75%.
18 ліпеня Сілы беспілотных сістэм таксама паразілі ў Чорным і Азоўскім морах 13 суднаў «ценявога флоту»: восем сухагрузаў, танкер, танкер-газавоз, буксір і два плавучыя краны.
Судны, якія ўдалося паразіць, паводле даных украінскага Генштаба, выкарыстоўваліся для пастаўкі паліўна-змазачных матэрыялаў групоўкам расійскіх войскаў, а таксама для транспартавання нафтапрадуктаў у абыход міжнародных санкцый.
Каментары
адна пустэча
толькі дроны будуць шмыгаць.