Культура11

У Заслаўі над руінамі брамы XVI стагоддзя пабудуюць навес. Што вядома пра ўнікальны аб'ект і чаму прапанаваны праект — бессэнсоўны і шкодны

Праект кансервацыі і музеефікацыі нядаўна адкапанай Вялікай уязной брамы Заслаўскага замка прадугледжвае ўзвядзенне навеса і стварэнне шматузроўневай агляднай пляцоўкі. Прызначаны зберагаць аб разбуральных ападкаў навес не здольны выканаць гэтую задачу, а лес металічных апор толькі шкодзіць гістарычнаму помніку.

Раскоп заходняй часткі брамы. Фота: Белрэстаўрацыя / з праектнай дакументацыі 

На сайце дзяржзакупак з'явіўся тэндар на кансервацыю і музеефікацыю брамы Заслаўскага замка. Дзякуючы прыкладзенай дакументацыі можна ўбачыць не толькі, як менавіта будзе выглядаць гэты аб'ект, але і глыбей даведацца пра яго гісторыю. 

Што прапануе праект «Белрэстаўрацыі»

Праект кансервацыі руін і прыстасавання іх для турыстаў распрацаваў праектны філіял «Белрэстаўрацыі».

Для пачатку гістарычныя муры плануюць расчысціць ад бітай цэглы і апрацаваць адмысловымі саставамі, каб абараніць сцены ад цвілі і не даць ім усмоктваць вільгаць. Моцна пашкоджаныя звонку цагліны збіраюцца «дакампаноўваць» — па сутнасці, імітаваць страчаныя кавалкі спецыяльным растворам у колер цэглы. Больш глыбокія дзіркі абяцаюць закладваць аўтэнтычнай цэглай, якую сабралі падчас археалагічных раскопак.

Над заходняй і ўсходняй часткамі брамы праектуецца ўзвядзенне двух адкрытых шэрых навесаў на металічным каркасе. Дах збіраюцца пакрыць мяккай тэракотавай чарапіцай, а знутры падшыць драўлянымі рэйкамі.

Візуалізацыя праекта кансервацыі з навесам. Выбраны варыянт рэалізацыі не засцерагае ад ападкаў, а канструкцыі перацягваюць на сябе ўвагу з ледзь заўважных гістарычных руін. Фота: з праектнай дакументацыі 

Каб экспанаваць руіны брамы, прыйдзецца часткова зрэзаць земляныя валы вакол яе.

Гэтыя зрэзы ўмацуюць геасеткай і маналітнымі бетоннымі падпорнымі сценамі. У заходняй частцы брамы абсталююць тры ўзроўні для агляду. Каб турысты маглі зазірнуць у выяўлены археолагамі падземны ход, праект прадугледжвае спуск на глыбіню 2,5 метра па бетонных лесвіцах уздоўж гістарычных муроў. Для маламабільных наведвальнікаў праектуецца асобны аб'езд вакол брамы з сістэмай пандусаў.

Што не так з праектам

Ужо аднаго погляду на рэндары дастаткова, каб пабачыць праблему: на іх амаль не відаць саміх гістарычных муроў, дзеля якіх усё гэта нібыта і задумвалася. Прычына не столькі ў тым, што рэшткі брамы захаваліся ніжэй за сучасны ўзровень зямлі, колькі ў саміх праектных рашэннях.

Навес (штрыхавая лінія) ледзь пакрывае ў плане рэшткі муроў замкавай брамы. Фота: з праектнай дакументацыі 

Прапанаваны высокі, адкрыты з усіх бакоў навес папросту не здольны выканаць сваю галоўную задачу — абараніць руіны ад атмасферных ападкаў. У некаторых месцах (асабліва ў зоне праезду на замак, відаць, каб захаваць магчымасць руху буйнагабарытнай тэхнікі) ён абрываецца літаральна па лініі гістарычнага мура. Навес таксама не накрывае зусім пандусы і толькі часткова аглядную пляцоўку вакол раскопу.

На жаль, дажджы і снегапады ніколі не ідуць строга вертыкальна — пры найменшым ветры ападкі становяцца касымі.

Пры вышыні навеса каля 5 метраў і вугле касога дажджу каля 30° вада будзе перыядычна заліваць усё па перыметры на глыбіню да 3 метраў. Гэта робіць такую дарагую канструкцыю абсалютна бессэнсоўнай.

З падобнай праблемай часта сутыкаюцца беларусы і на прыпынках грамадскага транспарту, калі архітэктары ў пагоні за мастацкім вобразам забываюць пра касы дождж, у выніку чаго павільён ні ад чаго не хавае.

Падоўжаны разрэз навеса. Магчыма, яго хацелі зрабіць падобным па форме да зрэзанага вала. Фота: з праектнай дакументацыі 

Але тут і мастацкага вобраза ніякага няма. Канструкцыя быццам бы дэкаратыўная, нешараговая, але абсалютна недарэчная ў сваёй складанасці. Крывалінейная форма даху абапіраецца на нерэгулярную сетку апор, і кожная апора — гэта цэлы пук з некалькіх металічных стрыжняў. Самая разгалінаваная з іх стаіць проста па цэнтры, ва ўнутраным куце раскапанага фрагмента брамы. Праз гэта невысокі руінаваны мур проста немагчыма сфатаграфаваць так, каб гэтая канструкцыя не заняла большую частку кадра. І як на злосць, для каркаса выбраны светлы колер (шэры RAL 7035), які, у адрозненне ад цёмных адценняў, зусім не маскіруе інжынерныя элементы, а наадварот — перацягвае на сябе ўвагу з гістарычных руін.

Унутраны выгляд брамы. На жаль, пры рэалізацыі праекта навесу яе будзе немагчыма зняць праз частыя апоры. Фота: Белрэстаўрацыя / з праектнай дакументацыі 
Паўднёвая сцяна брамы. Фота: Белрэстаўрацыя / з праектнай дакументацыі 
Заходняя сцяна брамы. Фота: Белрэстаўрацыя / з праектнай дакументацыі 

Усё гэта накладваецца на мноства іншых сумнеўных рашэнняў, якія толькі візуальна засмечваюць помнік.

На чарцяжах разрэзаў мы практычна не бачым самі гістарычныя муры, затое бачым апоры навеса, агароджу вакол суседняга ўчастка, агароджу вакол прыўзнятага ўзроўню абходу брамы (невядома навошта створанага), агароджы пандусаў і агароджы лесвіц. Увесь гэты металічны лес — гэта візуальнае смецце, якое не падкрэслівае каштоўнасць аўтэнтычных муроў, а загароджвае іх.

Агулам не пакідае ўражанне, што аўтары зусім не разумелі, што робяць, а галоўнае — навошта. Возьмем, да прыкладу, глыбокі спуск да самага падножжа раскапанай брамы, які запатрабаваў дзвюх шырокіх бетонных лесвіц, што непасрэдна прымыкаюць да гістарычнага мура. Для чаго ён увогуле патрэбны?

Паўднёва-заходні вугал брамы. На месцы раскопу будзе спуск да ўзроўню загадкавага хода. Фота: Белрэстаўрацыя / з праектнай дакументацыі 

Так, там адкапалі арачны праём з каванай рашоткай, але гэта знаходка зусім не таго ўзроўню, каб арганізоўваць туды доступ турыстаў з такім манументальным архітэктурным размахам, быццам там ляжыць найменш нацыянальная святыня.

Гэта проста цагляная сцяна XVI стагоддзя, і не больш за тое. У нас ёсць і іншыя сцены гэтага перыяду, у самой муроўцы тут нічога ўнікальнага, але столькі высілкаў і бетону, каб проста паказаць цагляны мур зблізку. Абсурд!

Ніжнюю частку брамы выдатна відаць і з верхняй агляднай пляцоўкі, а доступ уніз патрэбны выключна тэхнічным спецыялістам, якім цалкам хапіла б і звычайных вертыкальных драбін.

За тым лесам металічных агароджаў, што нагарадзілі праекціроўшчыкі вакол рэшткаў брамы, цяжка разгледзець самі рэшткі. Фота: з праектнай дакументацыі 
Фрагмент усходняй часткі брамы з ахоўнай шыльдай. Яго накрыюць асобным навесам. Фота: Белрэстаўрацыя / з праектнай дакументацыі 
Фрагмент усходняй часткі брамы. Яго накрыюць асобным навесам. Фота: Белрэстаўрацыя / з праектнай дакументацыі 

Спраектавана ўсё літаральна «брудна». Замест таго каб разагнаць рэльеф для абыходу вакол руіны і яе агляду, праекціроўшчыкі дзвюма лесвіцамі спускаюць наведвальнікаў з нулявога ўзроўню зямлі на адзнаку -0,960 м — гэта ўзровень большай часткі абыходу, з якога можна спусціцца яшчэ ніжэй, да самага падножжа. Лесвіцы дублюе пандус. Пасля павароту за вугал руіны абыход зноў падымае наведвальнікаў па пандусе, але чамусьці не на першапачатковы ўзровень, а толькі да адзнакі -0,480 м.

І калі вы перасоўваецеся на інвалідным вазку і раптам спакусіліся наяўнасцю пандуса для кругавога агляду брамы, то вы трапілі ў пастку. Далей пандуса няма, і на ўзровень зямлі вядуць тры звычайныя прыступкі. Выйсце адно: каціцеся назад або прасіце, каб вас перанеслі на руках. Вось такі рэальны ўзровень праектавання.

Таямніцы брамы

Праектная дакументацыя змяшчае таксама падрабязную гісторыю Заслаўскага замка і яго даследавання, якая грунтуецца ў тым ліку на архіўных звестках і матэрыялах Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Земляное ўмацаванне «Вал». Від з паўночна-ўсходняга боку. 1926‑1928 гг. Фота: гістарычная даведка праекта / Ляўданскі. Архэолёгічныя раскопкі ў м. Заслаўі Менскай акругі. 1928
План умацавання «Вал» (па матэрыялах А. Ляўданскага). Фота: гістарычная даведка праекта

Згодна з дакументацыяй, самыя старыя ўмацаванні гарадзішча «Вал» датуюцца рубяжом XI-XII стагоддзяў. У канцы XVI — пачатку XVII стагоддзя ўладальнік горада Ян Глябовіч узвёў тут адзін з першых на тэрыторыі сучаснай Беларусі бастыённых замкаў стараітальянскага тыпу.

План дзяцінца «Вал» па матэрыялах Г. Штыхава. Фота: гістарычная даведка праекта
План замка з абазначэннем даследаваных участкаў (па матэрыялах Ю. Зайца). Фота: гістарычная даведка праекта

На паўднёвым вале знаходзілася масіўная двухпавярховая ўязная брама. Таўшчыня яе муроў дасягала 2,4 метра. Брама выконвала адразу некалькі функцый: абарончую, для чаго мела падвойныя вароты і добра фланкіравалася з суседніх бастыёнаў, адміністрацыйна-мытную, а на другім ярусе, імаверна, размяшчалася капліца.

Замак адносіўся да ўмацаванняў астраўнога тыпу: ён быў абкружаны ровам, які абвадняўся праз сістэму плацін і сажалак на рэках Свіслач і Чарніца. З самім горадам замак злучаў драўляны мост, апошні пралёт якога быў пад'ёмным.

Схематычны план руін брамы 1972 года. Лічбамі: 1. месца выяўлення бярвення ў падножжы вала; 2. месца знаходкі чэрапа дзіцяці і шкілета каня; 3. рашотка ў «ходзе»; 4. лаз; 5. месца знаходкі кафлі ў абломках. Фота: гістарычная даведка праекта
Усходняя частка руін брамы. Раскопкі Г. Штыхава ў 1972 г. Фота: гістарычная даведка праекта
Заходняя частка руін брамы. Раскопкі Г. Штыхава ў 1972 г. Фота: гістарычная даведка праекта

Першыя маштабныя даследаванні брамы правёў археолаг Георгій Штыхаў яшчэ ў 1972 годзе. Менавіта тады падмуркамі быў выяўлены тунэль, які атрымаў умоўную назву «падземны ход». Яго часткова расчысцілі і даследавалі. Аднак з-за пашкоджання адной са сцен далейшыя працы тады прыпынілі, а сам уваход у 1990‑я ў мэтах бяспекі закансервавалі пяском.

Падземны тунэль. Раскопкі Г. Штыхова ў 1972 г. Фота: гістарычная даведка праекта 
Жалезная рашотка з паўднёвага боку тунэля. Раскопкі Г. Штыхава ў 1972 г. Фота: гістарычная даведка праекта 

Даследаванні аднавіліся толькі летам 2025 года напярэдадні абласнога фестывалю «Дажынкі». Раскопкі праводзіў Інстытут гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам Івана Спірына. Галоўнай задачай было расчысціць праезд у браму і даследаваць «падземны ход» для яго далейшай кансервацыі.

Падчас прац археолагам удалося знайсці манеты розных стагоддзяў, фрагменты ўпрыгажэнняў, пярсцёнак з выявай галавы льва і ўнікальную абутковую шпору конніка XIV стагоддзя. Знаходкі планавалася перадаць у Заслаўскі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Адначасова з археолагамі тэхнічны стан руін вывучалі спецыялісты кампаніі «Будрэканструкцыя». Згодна з іх тэхнічнай справаздачай, агульная даўжыня бачных сёння частак сцен брамы складае 24,3 метра. Максімальная вышыня надземнай часткі дасягае каля 2 метраў. Вымураваны сцены з паўнацелай цэглы ручной фармоўкі на вапнавым растворы.

Унутраны выгляд падземнага хода. Цаглянае скляпенне выканана таўшчынёй у «паўтара цэглы». Фота: Белрэстаўрацыя / з праектнай дакументацыі 
Каваная рашотка ў падземным ходзе, якую праекціроўшчыкі плануюць дэманстраваць турыстам. Фота: Белрэстаўрацыя / з праектнай дакументацыі 

Спецыялісты дэталёва абследавалі і сам падземны ход. Яго шырыня пераменная — вагаецца ад 68 да 91 сантыметра. Вышыня тунэлю складае 1,26—1,28 метра. Перакрыцце выканана ў выглядзе паўцыркульнага скляпення таўшчынёй у «паўтара цэглы» (каля 44‑46 см). Падчас абследавання былі зафіксаваныя два праломы ў цагляным скляпенні, адзін з якіх, імаверна, утварыўся ў выніку пракладкі больш позніх інжынерных камунікацый. Падлога ходу выканана выкладкай цэглы плазам.

Як адзначаюць самі археолагі, дакладнае функцыянальнае прызначэнне гэтага тунэлю дагэтуль застаецца прадметам навуковых дыскусій. Ён мог выкарыстоўвацца як непасрэдна падземны калідор, так і як элемент дрэнажнай сістэмы замка ці сакрэтны лаз.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • што за людзі
    02.09.2026
    Зносяць нейкія панскія стайні - ім дрэнна.
    Кансервуюць браму - зноў дрэнна.
    Аднаўляюць палац у ружанах - не тая фарба.

Цяпер чытаюць

У Калінкавічах у каналізацыі загінулі трое работнікаў «Водаканала»

У Калінкавічах у каналізацыі загінулі трое работнікаў «Водаканала»

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка запрасіў кіраўніка Лаоса ў Беларусь. Той прапанаваў разам здабываць золата2

«Прывет, дарагая, гэта Аляксей Хлястоў». Нехта стварыў фэйкавы акаўнт спевака

Архітэктара Шабунеўскага рэпрэсавалі за «злачыннае будаўніцтва моста» цераз Сож. Там і цяпер праблемы з пераправай

«Каб увесь свет гаварыў па-руску, вывучайце аўтамат Калашнікава». У Расіі ўдзельнік вайны даў наказ школьнікамі 1 верасня21

Праз 30 гадоў суд назваў вінаватага ў забойстве Тупака Шакура — аднаго з самых уплывовых рэпераў у гісторыі1

Расія масіравана атакавала Украіну: 12 загінулых, сярод іх грамадзянін Індыі

Латвія з 1 верасня забараніла адусюль увоз беларускіх кніг, адзення і цацак8

Памёр грэка-каталіцкі святар Ігар Кандрацьеў. Падчас пратэстаў у Брэсце ён патрабаваў ад уладаў выпусціць вязняў2

Цім Кук развітаўся з пасадай генеральнага дырэктара Apple пасля 15 гадоў кіраўніцтва

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Калінкавічах у каналізацыі загінулі трое работнікаў «Водаканала»

У Калінкавічах у каналізацыі загінулі трое работнікаў «Водаканала»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць