Кім Ё Чжон заявіла, што Японія паскарае ператварэнне ў «ваенную дзяржаву» і пераходзіць да практычнай рэалізацыі стратэгіі нанясення прэвентыўных удараў, піша Паўночнакарэйскае інфармацыйнае агенцтва.

У якасці прыкладаў яна прывяла нядаўнія выпрабаванні крылатых ракет Tomahawk, удзел японскіх сіл самаабароны ў сумесных вучэннях са Злучанымі Штатамі на Філіпінах, а таксама разгортванне новых ракетных сістэм.
«Трэба зрабіць так, каб Японія раскаялася ў сваіх учынках. Мы ні ў якім разе не будзем дапускаць працэс ваеннай эвалюцыі Японіі, якая можа стаць сур’ёзнай пагрозай для бяспекі КНДР. Паводле даручэння заяўляю, што ўзброеныя сілы і ваеннае кіраўніцтва КНДР будуць рабіць ясны дадатковы ваенны выбар у сувязі з сённяшнімі зменамі ў Японіі», — паведаміла Кім Ё Чжон.
Малодшая сястра кіраўніка КНДР заявіла, што зараз стала яшчэ больш відавочным, што паводзіны Японіі, якая да гэтага моманту, называючы меры суседніх краін па ўмацаванні абараназдольнасці «пагрозай» і «правакацыяй», выдавала сябе за «мірную дзяржаву» на міжнароднай арэне, былі ўсяго толькі хітрасцю для ўтойвання імкнення ператварыць сваю краіну ў ваенную дзяржаву.
Па яе словах, за спінай Японіі стаяць ЗША.
«Менавіта ЗША перадалі Японіі дальнабойныя крылатыя ракеты «Тамагаўк», пераабсталявалі карабель для іх размяшчэння, стварылі ўсе ўмовы і абстаноўку для выпрабавальнага запуску, у тым ліку вызначылі месца запуску — гэта не сакрэт. ЗША пагражаюць стратэгічнай прасторы Расіі і парушаюць мір і бяспеку на Блізкім Усходзе з дапамогай НАТА ў Еўропе, а таксама сур’ёзна парушаюць інтарэсы бяспекі антыімперыялістычных і самастойных краін у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, выкарыстоўваючы ў якасці ўдарнага атрада сваіх прыхільнікаў, у тым ліку Японію і Рэспубліку Карэя», — заявіла Кім Ё Чжон.
Кім Ё Чжон — малодшая сястра Кім Чэн Ына, ёй 38 гадоў, зараз яна дырэктар аддзела прапаганды і агітацыі Цэнтральнага камітэта Працоўнай партыі Карэі. З 2015 па 2021 год займала пасаду першай намесніцы дырэктара гэтага аддзела.
Раней таксама паведамлялася, што яна можа стаць пераемніцай Кім Чэн Ына, як і дачка Кіма-трэцяга 15‑гадовая Кім Чжу Э.
Цяпер чытаюць
DDoS-атака ідзе на сайты адразу некалькіх беларускіх СМІ. Магчыма, яна звязаная з шостай гадавінай народнага ўздыму 2020‑га і канферэнцыяй «Новая Беларусь», што адкрылася сёння
Каментары