Грамадства2828

Чаму індыйскія лекі забілі 9 беларусаў? Магчыма, чыноўнікі эканомяць, а дактары баяцца пакаранняў

Прынамсі дзевяць чалавек памерлі ў Беларусі пасля ўвядзення на аперацыі нестэрыльнага індыйскага прэпарату «Кардыўрэкс». Як такое магло здарыцца ў краіне строгага кантролю і чаму не варта адмаўляцца ад індыйскіх лекаў, тэлеканалу «Белсат» растлумачыў доктар Станіслаў Салавей.

Станіслаў Салавей
Станіслаў Салавей. Фота: з асабістага архіву суразмоўцы

Выданне «Люстэрка» і арганізацыя Belpol даведаліся, што са студзеня да траўня 2026 года ў Беларусі памерлі як мінімум дзевяць пацыентаў, якім падчас аперацый на сэрцы ўводзілі адзін і той жа індыйскі адэназін — прэпарат «Кардыўрэкс» (Cardiurex) кампаніі Welcure Remedies. У ім пазней знайшлі рэшткі бактэрый. Чаму бракаваны прэпарат трапіў у аперацыйныя, у «Студыі» на «Белсаце» расказаў намеснік прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету па сацыяльнай палітыцы па пытаннях аховы здароўя, медык Станіслаў Салавей.

Суразмоўца падкрэсліў, што без усіх дакументаў цяжка сказаць, было гэта выпадковым збегам абставін ці заканамерным вынікам працы сістэмы. Патрэбна паўнавартаснае разбіральніцтва.

«У любым выпадку, такія сітуацыі, на жаль, здараюцца. Яны здараюцца нават у краінах з вельмі жорсткай рэгуляцыяй па тыпу ЗША», — падкрэсліў ён.

Кампанія, якая вырабіла прэпарат, не мае сертыфікатаў у ЗША і большасці краін Еўропы, адзначыў Салавей. Яна мае толькі лакальныя сертыфікаты. Іх быццам бы павінна хапаць, яны быццам бы адпавядаюць стандартам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ). 

Але, працягвае Салавей, вядома, што атрыманне мясцовага сертыфікату больш простае: у Беларусь не прыязджаюць эксперты са Штатаў, не праводзяць жорсткую праверку ўсяго ланцужку паставак. І трэба зразумець, як менавіта прэпарат трапіў у Беларусь:

«У Беларусі даволі жорсткі фармакантроль, як бы дзіўна гэта ні гучала, і тэарэтычна ўсе партыі даследуюцца. І тут узнікае лагічнае пытанне: была ўся партыя бракаваная — ці ў ёй быў нейкі 1 % [бракаваны], і выбарачны кантроль проста яго прапусціў у сілу статыстыкі? Альбо ён ішоў паводле паскоранай працэдуры, якая дазваляе пазбегнуць [кантролю], абапіраючыся на паперы, прадстаўленыя заводам-вытворцам?»

Адно з найважнейшых адрозненняў кантролю лекаў у Еўрасаюзе і Злучаных Штатах — немагчымасць падрабіць дакументацыю і вынікі ўжо ўзятых тэстаў, заўважыў Салавей. Індыйскае ж заканадаўства не настолькі жорсткае, мяркуючы па частаце адклікання лекаў. На штосьці маглі заплюшчыць вочы яшчэ ў Індыі на заводзе вытворцы, бо адклікаць партыю дорага. Маглі выпадкова прапусціць брак на этапе кантролю партыі. Але бяду выявілі на тым этапе, калі прэпарат ужо забіў пацыентаў.

Праблема не толькі ў смерцях людзей, а і ў рэакцыі сістэмы

З аднаго боку, прэпарат выкарыстоўваўся падчас аперацый на сэрцы, калі пацыенты максімальна ўразлівыя. У Брэсцкай абласной бальніцы прэпарат уводзілі 13 пацыентам — памерлі 8. У пацыентаў, як вынікае з уцеклых дакументаў, развіўся стэрнамедыястыніт — інфекцыйны працэс, калі запаляецца і нагнойваецца грудзіна і тканкі ўнутры грудной клеткі. У трох пачаўся сепсіс, у двух была генералізаваныя інфекцыя. У менскім РНПЦ «Кардыялогія» прэпарат атрымалі 9 пацыентаў — васьмярых выратавалі, адзін памёр. Ува ўсіх выявілі высокарэзістэнтныя бактэрыі, а таксама дыягнаставалі сепсіс.

«Запаленне пасля аперацыі можа быць! Але калі яно рэзкае і шмат, гэта нешта не тое», — падкрэсліў Салавей.

З другога боку, адзначыў ён, гэта прэпарат адносна вузкага ўжывання, што мінімізавала наступствы: бальніцы, дзе робяць такія аперацыі, можна пералічыць па пальцах адной рукі. Быў бы то прэпарат шырэйшага ўжывання, ахвяраў магло быць больш.

Бяда ў тым, што Брэсцкая бальніца не паведаміла пра выяўленне ў крыві пацыентаў бактэрый ні ў гарадскі, ні ў абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, падкрэсліў Салавей. Мінская «Кардыялогія» паведаміла — магчыма, дапускае Салавей, таму, што гэты РНПЦ «на асаблівым рахунку», яму больш даруюць, бо ён працуе з самымі цяжкімі пацыентамі і мае бліжэйшыя сувязі з Міністэрствам аховы здароўя.

На думку Салаўя, прычынай магла стаць такая «асаблівасць» Беларусі: тут крыміналізаваныя памылкі дактароў, нават ускладненні ў пацыентаў. Адпаведна, нават калі вінаваты не доктар, а незалежны ад яго збег абставін, пакараюць доктара. Вышэйшых чыноўнікаў за такое звычайна не караюць, бо разбор вядуць тыя самыя чыноўнікі.

«Адпаведна, першая натуральная рэакцыя клінікі — паспрабаваць гэта вырашыць сваімі сіламі, не выносіць смецця з хаты», — лічыць Салавей.

Ён згадаў пра гісторыю, калі доктар-інтэрн атрымаў стандартнае ўскладненне, якое ў любым разе будзе ў 1—2 пацыентаў з тысячы, «цягаўся па пракуратурах». Нават калі такое сканчаецца не турмой, а толькі пагрозай крымінальнай справы, гэта вялізны стрэс, якога дактары імкнуцца пазбягаць. 

Салавей дапускае, што ў Брэсце дактары ўсё рабілі правільна на аперацыйным стале, але вырашылі не рызыкаваць судамі і таму не спынялі аперацыі з небяспечным прэпаратам. І ў выніку адбылося найгоршае: не толькі загінулі людзі, але і быў падарваны давер да сістэмы, і так сапсаваны ў часы кавіду. Пра смерці не паведамілі адразу — і пайшлі чуткі. Салавей дзякуе Belpol і «Люстэрку» за тое, што гэта было выкрыта, але пытае:

«Колькі зараз пацыентаў пабаяцца ісці на планавую аперацыю, якая ім жыццёва неабходная, і праз паўгода іхняе жыццё абарвецца, бо ім не была зробленая планавая аперацыя?»

Чаму выбралі менавіта гэты індыйскі прэпарат?

Беларусь шмат што згубіла праз санкцыі і палітычныя рэпрэсіі. Але, падкрэсліў Салавей, санкцыі не распаўсюджваюцца на лекі, хоць прапаганда любіць гэтым маніпуляваць.

«У глабальным сэнсе тут вырашае цана», — патлумачыў Салавей.

Ёсць арыгінальныя прэпараты, а ёсць так званыя джэнэрыкі — прэпараты з тым жа галоўным актыўным фармацэўтычным інгрэдыентам, але пэўнымі іншымі інгрэдыентамі. Джэнэрыкі пачынаюць вырабляць, калі сканчаецца патэнт на арыгінальны прэпарат. Напрыклад, ёсць венгерская «Но-шпа», а ёсць аналагічныя «Дротаверын» розных варыяцый і вытворцаў (у тым ліку беларускіх), «Нотаспазм», «Спазмол» і іншыя, у якіх асноўнае дзейнае рэчыва тое самае — дротаверын. Джэнэрыкі, патлумачыў Салавей, звычайна таннейшыя. Але нават калі іх вырабляюць еўрапейскія кампаніі, да іх крыху больш падазрэнняў, чым да арыгінальных прэпаратаў.

Розніца ёсць таксама ў рэгуляцыі, працягнуў суразмоўца. Лакальная ліцэнзія каштуе некалькі дзясяткаў тысяч даляраў, атрымаць яе можна за месяцы. Еўрапейская ці амерыканская сертыфікацыя — справа на мільёны і гады. Тая ж «Но-шпа» і яе джэнэрыкі не ўхваленая ні ў Штатах, ні ў Еўрасаюзе, але легальна ўжываецца ў паўсотні краін свету, у тым ліку ў Беларусі.

«То-бок гэта не так, што нейкая там падпольная індыйская кантора купіла нейкія там палёныя лекі, — падкрэсліў Салавей. — Гэта кампанія, якая пастаўляе шмат гэтых лекаў па Азіі, па Афрыцы… Але рызыкі ў гэтай прадукцыі вышэйшыя ў сілу менш жорсткага кантролю».

Любыя лекі нясуць рызыкі, дадаў суразмоўца. І еўрапейскія, і амерыканскія лекі могуць даць пабочныя эфекты, выклікаць алергіі або мець бракаваныя таблеткі ці ампулы ў партыі. Ад таго, што адбылося ў «Кардыўрэксам», не застрахаваная ніводная сістэма аховы здароўя. Абсалютна бяспечных лекаў няма, але гэта не значыць, што трэба адмаўляцца ад медыцыны. І індыйскія лекі — не значыць «кепскія лекі».

Важная, даводзіў Салавей, хуткасць рэакцыі медыкаў, калі штосьці ідзе не так. У выпадку з «Кардыўрэксам» трэба было як найхутчэй прыпыніць планавыя аперацыі, правесці інфекцыйны кантроль і папярэдзіць іншыя бальніцы: «Ведаем, што ёсць вось гэта, дзейнічайце так і так». Гэта магло б уратаваць жыцці. Але боязь праблемаў з законам прывяла да таго, што мінскаму РНПЦ давялося паўтараць шлях брэсцкай бальніцы і шукаць прычыны трагедыі. І боязь агалошвання прывяла да страты даверу.

«Калі б Мінздароўя адразу сказала, што «ў нас катастрофа, будзем разбірацца, не панікуйце», гэта дало б значна менш доўгатэрміновых праблем», — паўтарыў Салавей.

Разбірацца з гэтым давядзецца яшчэ не пяць і не дзесяць гадоў. Тым больш калі ў Беларусі пацыенты часта пазбаўленыя выбару паміж еўрапейскімі, амерыканскімі і таннейшымі лекамі. Салавей спадзяецца, што будзе высветлена, чаму праблема прайшла міма беларускага кантролю, а трагедыя стане ўрокам.

Каментары28

  • Хмм
    23.08.2026
    "Але, падкрэсліў Салавей, санкцыі не распаўсюджваюцца на лекі, хоць прапаганда любіць гэтым маніпуляваць" - Еще раз. Пусть доктар Станіслаў Салавей попробует заключить свежий договор на оптовую поставку медикаментов из ЕС в РБ. Пусть этот договор у него пройдет через юротдел поставщика. А потом пусть попробует провести оплату по нему из белорусского банка, чтобы она прошла через комплаенс в банке ЕС и не заморозилась моментально. А потом пусть еще раз расскажет про "прапаганда" и про "маніпуляваць". Сказки всех этих "кабинетов" и "офисов" про "еурапейскiя санкцыi - для змены рэжыма" мы знаем наизусть.
  • Бывший политический заключённый
    23.08.2026
    Хмм, тю, секта до сих пор свято верует, что санкции душат прусака и банду мусоров. Тогда как только за 4 года моей отсидки их (мусоров) з/п выросла трижды (суммарно процентов на 20), не говоря о социальных плюшках и, конечно, абсолютной неприкосновенности.
    При том что это, прежде всего, вопрос освобождения одной тысячи человек многим из которых выписали билет в один конец.
    За минусы синего паспорта в ЕС (благодаря санкциям) говорено-пееговорено.
    Пох, секта непрошибаема. Видимо, у некоторых личный финансовый интерес, потому и топят. Иного объяснения не нахожу.

    [Зрэдагавана]
  • Тоня
    23.08.2026
    Моя мама умерла от онкологии. Химия не помогла. Врач сразу сказал, что белорусские заменители основаны на индийском дерьме и не помогают. Покупать надо за границей. Но денег не было, продавать не было чего. Однокомнатной квартиры бы не хватило. За 11 мес мама сгорела.

Цяпер чытаюць

У сям'і Міронцавых за палітыку ўжо асудзілі маці і трох сясцёр. А цяпер арыштавалі і мужа адной з сясцёр3

У сям'і Міронцавых за палітыку ўжо асудзілі маці і трох сясцёр. А цяпер арыштавалі і мужа адной з сясцёр

Усе навіны →
Усе навіны

Ратавальніка з расійскага Салехарда сталі абражаць у чаце. Ён напісаў «Слава Украіне! Жыве Беларусь!» — і выйшаў4

Алесь Бяляцкі: Трэба вучыцца і рыхтавацца да перамен4

«Некаторыя так — хі-хі, ха-ха — успрынялі». Лукашэнка расказаў пра нечаканыя вынікі накіравання нядбайных сельгасработнікаў у армію8

Амерыканка задушыла траіх сваіх дзяцей. Цяпер за судом над ёй сочыць увесь свет, а некаторыя жанчыны сталі ў яе абарону17

Сталі вядомыя аб’екты ракетных удараў у Данецку ўчора: асноўны і запасны камандныя пункты групіроўкі «Цэнтр» расійскіх войскаў

У Пецярбургу ўзарвалі аўтамабіль вайсковага лётчыка. Ён загінуў13

У Крыме загінула пяцігадовая Багдана з Беларусі5

«Кватэру зняць цяпер — без шанцаў». Як студэнты засяляюцца ў мінскія інтэрнаты2

Старонку пасла Украіны па беларускіх пытаннях прызналі «экстрэмісцкай»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У сям'і Міронцавых за палітыку ўжо асудзілі маці і трох сясцёр. А цяпер арыштавалі і мужа адной з сясцёр3

У сям'і Міронцавых за палітыку ўжо асудзілі маці і трох сясцёр. А цяпер арыштавалі і мужа адной з сясцёр

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць