Грамадства2626

Ігар Карней: Што немагчыма дараваць крыважэрнай сістэме

Журналіст і экс-палітвязень разважае ў сваім фэйсбуку пра балючую праблему новых беларускіх эмігрантаў: немагчымасць сустрэцца са старэнькімі бацькамі. Дзеці не могуць вярнуцца, а бацькі ў сілу ўзросту не могуць выехаць за мяжу.

Фота з фэйсбука Ігара Карнея

«Ужо толькі тое немагчыма дараваць крыважэрнай сістэме, што без усялякіх згрызотаў сумлення паразлучала самых блізкіх людзей. Праз беспадстаўныя зняволенні, праз цынічныя выдварэнні, праз вымушаную эміграцыю. Асабліва калі гаворка пра тых, для каго ў сілу ўзросту кожны пражыты дзень — як падарунак лёсу.

Нараджэнне маці, свякрухі, бабулі Люсі для нашай сям’і — падзея знакавая. Найлепшая нагода сабрацца ўсім разам у Залессі — сынам, нявесткам, пяцёрцы ўнукаў. Зрэшты, з агаворкай, што менавіта так было ў лепшыя часы. Цяперашні адрэзак назваць «лепшым» не паварочваецца язык.

Свой 85‑гадовы юбілей 5 верасня мама адзначае ў поўнай адзіноце. Мужа, нашага бацькі, на гэтым свеце няма ўжо 40 гадоў; два сыны са сваімі паловамі ў замежжах, як і любімыя ўнукі. І ніякай магчымасці штосьці перакруціць у іншы бок.

Папярэднюю круглую дату яшчэ паспелі адсвяткаваць на фоне трывожных чаканняў у 2021-м. Зараз жа — толькі праз відэамост, дзякуй тэхнічнаму прагрэсу і за гэткую ласку.

Пад такую аказію да нас на [Азорскія] выспы прылятае малодшы брат Зміцер, павіншуем хоць так. Бо выцягнуць маці нават кудысьці па-суседству (ад Смаргоні да літоўскай мяжы — 50 км) — справа амаль безнадзейная. Як і для большасці сталых вяскоўцаў, кожная вандроўка параўнальная са стрэсам. Ды і, на жаль, даюць знаць сумныя прыкметы ўвядання — правалы ў памяці, добра, што кароткачасовыя. У астатнім сябе даглядае самастойна, што вялікая палёгка для ўсіх.

Мама ўсё жыццё адпрацавала аграномам — пачынала пад Крэвам, потым было шмат пераездаў пад калгаснае ўзбуйненне, урэшце асела ў Залессі (так-так, таго самага Міхала Клеафаса Агінскага).

Заўсёдная перадавіца, двойчы ардэнаноска, у першую прэзідэнцкую кампанію 1994 года актыўнічала ў ініцыятыўнай групе кандыдата Зянона Пазняка.

А ў маладосці — зайздросная прыгажуня). Выбар бацькі цалкам зразумелы, хоць часцяком ён і трапляў пад гарачую руку дзесьці залішняй прынцыповасці. Калі таты не стала ў выніку пакутлівага змагання з анкалогіяй, маме давялося ўзваліць на сябе ўсё — ад працоўных абавязкаў да немалой хатняй гаспадаркі. Не кажучы пра тое, каб скіраваць у правільным кірунку сыноў — я акурат скончыў школу, брат толькі пачынаў.

Хоць мела толькі крыху за 40, ніколі не чулі нават размоваў, каб у нашым доме пасяліўся хтосьці яшчэ. Так і засталася адналюбкай, не здрадзіўшы мужу і ахвяраваўшы ўсім дзеля дзяцей. Адвучыла, ажаніла, дадала ўпэўненасці ўласным жыццёвым прыкладам. І вось такая сумная развязка — не мець магчымасці прытуліць роднага чалавека.

Па злой іроніі, год таму мяне на ўсіх парах пракацілі зусім побач з домам, калі з мяхом на галаве выкідвалі ў Літву. А да таго, увосень 2024-га, здзекаваліся, не даючы павіншаваць са шклоўскай катавальні.

Мала таго, што па-беларуску, дык яшчэ ў вершаванай форме — яўна зашыфраваныя сігналы за калючы дрот. Асмелюся паказаць невялікі фрагмент, бо атрымалася цэлая паэма — у кніжку вырашылі таксама ўставіць як прыклад турэмнай самадзейнасці). Падводка — адтуль жа…

…Згадаўшы выбітных беларускіх класікаў, якія за сваё іншадумства прайшлі царскія засценкі, натхніўся іх прыкладам ды зрыфмаваў віншаванне галоўнаму чалавеку ў фармаванні майго светапогляду. Назваў двухсэнсоўна, як дагэтуль клічуць яе аднавяскоўцы — «Расці-слаўна». Натуральна, і ў думках не было замахвацца на лаўры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Якуба Коласа, Каруся Каганца ці Алеся Гаруна. І што парадаксальна, наўрад ці даспеў бы да гэткага эксперыменту на волі. А ў турме чаго толькі не прыдумаеш. Так, у тэксце шмат асабістага, але гэта пра ўсіх, хто вымушаны чакаць дзяцей з няволі.

Зрэшты, даўно мінула нараджэнне, а ніякіх намёкаў на атрыманае віншаванне. Праз пару тыдняў яшчэ заход, гэтым разам — з суправаджальнай цыдулкай цэнзару: не пазбаўляйце адзінай магчымасці аддзячыць маці, калі ў вас яшчэ засталіся хоць нейкія пачуцці да сваёй! На дзіва, недзе ў глыбіні заскарузлых бюракратычных спружын тужліва цокнула — і праз месяц пасля нагоды верш усё ж дайшоў.

МАМА. РАСЦІ-СЛАЎНА 

Мне даўно за палціннік, узроставы дзядзька,
Адказны як муж і дасведчаны бацька. 
Але як з далёкіх ляціць Палестын 
У эфіры настойліва: «Як ты, мой сын?» —

І быццам табе не пад шэсцьдзясят, а дзесяць:
«Ты сыты? Мужчына павінен шмат есці! 
Пальчаткі і шалік не ігнаруй. 
Нікуды не ўлазь, сябе пашкадуй». 

Ну вось, у тых месцах, куды завёў трафік, 
Без шапак не ходзяць, а каша — у графік.
Ды толькі навіны ў трывожных лістах 
Прасякнуты скрухай: «Чаму ж усё так?»

Каб маціна гора саскірдаваць,
Сівой з маладосці ўжо мусіла стаць… 
Дзіцёнак вайны, з лучынамі ў хатах, 
У Прусіі бацька палёг ў сорак пятым.

У мястэчку спустошаным стогнаў навала — 
Дзядзькоў на этап Варкута забірала. 
Катэгарычная ў сіле танальнасць 
Пытальнік выводзіла слову «лаяльнасць».

Пазней яе маці, мая баба Зіна, 
У шлюбе другім атрымала руціну. 
Трагічна загінуў у Люсі айчым,
Сіроткай застаўся малы яшчэ сын. 

І любаму брату адмерана мала: 
У трыццаць адчайнага Лёнькі не стала.
Дачасна ўзнёсся ў нябёсы муж Пеця,
Ужо сорак год ён для нас на партрэце…

Ёсць картачкі іншыя: мама і тата —
На фоне студэнцкага інтэрната. 
Прыгожыя, модныя ў стылі і класе, 
Подых адлігі няспынны ў часе. 

Дыплом аграномаў не быў сінекурай.
Адказнасць за ўсё — уласнаю скурай. 
«Ненармаваны» — вось графік на вёсцы
І вынік па працы — ардэнаносцы! 

Козлік рухавы з Пятром і Людмілай 
Глытаў бездарожжа дзясяткамі міляў. 
Туды, дзе аруць, прыбіраюць ці сеюць, 
Трэба даехаць. І ўсюды паспеюць! 

Бачачы шчыры імпэт маладых,
Ментарства знікла і у старых. 
І, як адзнака, што ўсё ідзе спраўна, 
Вокліч здалёк: «Добры дзень, Расціслаўна!»

Урэшце дайшло і да крыкаў душы: 
«Люська, разумніца, дапамажы!»
Цягае параненых, як з поля бою:
Каго ад каханак, кагосьці з запою…

Усё абнуліў страшны восемдзесят пяты:
Хвароба забрала нашага тату. 
Мне толькі сямнаццаць, Дзмітрыю — дзесяць. 
Чорная дзірка ў сямейным сусвеце.

…Нам з братам на двух — больш за сотню гадоў,
Але ўсё такая ж матулі любоў.
Не маюць узросту ад сэрца пачуцці.
Як хочацца зноўку ў абдымках адчуць іх! 

Любячы сын Ігар, 5 верасня 2024. Шклоў, ПКТ

Былы журналіст Радыё Свабода Ігар Карней быў затрыманы ўлетку 2023 года і асуджаны на тры гады зняволення. 21 чэрвеня 2025 года ён быў вызвалены ў ліку 14 палітвязняў і вывезены ў Вільню. Цяпер жыве з жонкай і дачкой на Азорскіх выспах у Партугаліі.

Пару тыдняў таму выйшла яго кніга «Інкамунікада. Катаванне адзінотай». Набыць кнігу можна тут.

Каментары26

  • Катаванне хлуснёй
    05.09.2026
    Чаго ты!? Жонка, дачка, Партугалія! Чаго? Я не разумею гэтых людзей! Як табе не сорамна. Гэта чытаюць людзі ў поўнай невылазнай галечы без шанцаў хоть кропельку атрымаць з таго жыцця, якое ты п'еш поўным келіхам! Людзі, якім з канцтабару не выбрацца ўжо ніколі. Людзі, якія прырэчаны гніць жыўцом у поўнай самоце. І ім не 85 гадоў! Гэта маладыя людзі. Як табе не сорамна?
  • Чаму?
    05.09.2026
    Ну, я магу патлумачыць таеое толькі нежаданем маці самой ехаць у Літву… Можна атрымаць візу, наняць перавозчыка, які заберыць з дому, перавязе ппаз мяжу і давязе па адрасе, няма тут нічога складанага. Калі не сына без дакументаў, так усіх астатніх бабачыць магла бы.
  • Ну
    05.09.2026
    Ааа, адсядзі некалькі гадоў, як ён, а потым ляці на тыя, меняйся.

Цяпер чытаюць

«На караблі кожны дзень — панядзелак». Беларуска расказала пра сваю працу на круізным лайнеры6

«На караблі кожны дзень — панядзелак». Беларуска расказала пра сваю працу на круізным лайнеры

Усе навіны →
Усе навіны

У Гомелі за палітыку асудзілі кіраўніка аб'яднання, якое шукае парэшткі ахвяраў вайны і сталінскіх рэпрэсій, і яго жонку-медсястру8

Кухараў: Будаўніцтва трэцяй лініі метро не пераносіцца1

Новая мадэль Claude за 44 хвіліны ўзламала шыфр, які не маглі разгадаць 373 гады4

«У сезон можна зарабляць на рыбе больш за 10 000 на месяц». Беларуска пра жыццё на Камчатцы11

У Крыме ў выніку ўдару УСУ загінуў кіраўнік расійскага фонду «Народны фронт. Усё для Перамогі!»5

Чэхія рыхтуецца да магчымай вайны ў Еўропе ў выпадку нападу Расіі5

Іран не хоча пагаднення з ЗША і рыхтуецца працягваць вайну7

Маладая мінчанка вырашыла праехаць у метро — цяпер тры тыдні ходзіць на мыліцах2

У кавярню ў Мінску нясуць кабачкі ў абмен на каву4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На караблі кожны дзень — панядзелак». Беларуска расказала пра сваю працу на круізным лайнеры6

«На караблі кожны дзень — панядзелак». Беларуска расказала пра сваю працу на круізным лайнеры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць