5 верасня падчас маштабнага авіяшоу ў раёне грэцкага горада Танагра непадалёк ад Афінаў пацярпеў катастрофу вайсковы знішчальнік F-4 Phantom. Самалёт рэзка страціў вышыню і ўпаў на зямлю на вачах у тысяч гледачоў усяго праз некалькі хвілін пасля пачатку выступу, паведамляе ERT News.

Пасля падзення адбыўся моцны выбух. Паводле папярэдняй інфармацыі, самалёт разбіўся на часткі, а на месцы катастрофы ўспыхнуў вялікі пажар. Для тушэння агню задзейнічалі спецыяльныя пажарныя верталёты, аднак працу ратавальнікаў ускладняў густы чорны дым, які накрыў тэрыторыю каля ўзлётна-пасадачнай паласы.

Пасля аварыі арганізатары спынілі авіяшоу Athens Flying Week дзеля бяспекі гледачоў і ўдзельнікаў. Астатнія самалёты, якія ўдзельнічалі ў праграме, пакінулі паветраную прастору над Танаграй і вярнуліся на свае базы.
Экстранныя службы працягваюць ліквідаваць наступствы катастрофы і праводзяць пошукавыя работы.
Каментары