Спартсмены носяць пластыр на носе, каб лепш дыхаць. Ці сапраўды гэта дапамагае?
На пераноссях прафесійных спартсменаў і аматараў бегу ўсё часцей можна ўбачыць спецыяльныя палоскі, якія нібыта паляпшаюць дыханне і дапамагаюць арганізму атрымліваць больш кіслароду.

Пластыры-палоскі для носа перажываюць новую хвалю папулярнасці. Іх рэкламуюць як просты спосаб палегчыць насавое дыханне, а часам ім прыпісваюць і здольнасць павышаць спартыўныя вынікі. Але спецыялісты, з якімі пагаварылі журналісты Tagesspiegel, кажуць, што разлічваць на дадатковы кісларод дзякуючы такой палосцы не варта.
Пры звычайным дыханні ў стане спакою насычэнне крыві кіслародам у здаровага чалавека і так складае каля 95-100%. Таму істотна павялічыць колькасць кіслароду, які атрымлівае арганізм, пры дапамозе пластыру фактычна няма як.
Пэўны эфект, аднак, ёсць. Палоска памяншае супраціў пры ўдыху праз нос, таму чалавеку сапраўды можа здавацца, што дыхаць стала лягчэй. Для бегуна гэта можа мець і невялікі псіхалагічны эфект, асабліва на пачатку дыстанцыі. Але пры сур'ёзнай фізічнай нагрузцы сітуацыя мяняецца.
Як тлумачаць спецыялісты, у звычайных умовах чалавек прапускае праз лёгкія прыкладна 35 літраў паветра за хвіліну. Падчас інтэнсіўнага бегу або спаборніцтваў гэты паказчык можа вырасці да 150 літраў. Пры такой нагрузцы чалавек усё больш пачынае дыхаць ротам — незалежна ад таго, наклееная ў яго на носе палоска ці не.
Навуковыя даследаванні таксама не паказваюць прыкметнага ўплыву такіх пластыраў на спартыўныя вынікі. У метааналізе 19 даследаванняў, апублікаваным у 2020 годзе, аўтары не выявілі ўплыву палосак ні на максімальнае спажыванне кіслароду, ні на частату сардэчных скарачэнняў. Істотна не змянялася і суб'ектыўнае адчуванне нагрузкі.
Як працуе пластыр
Прынцып дзеяння насавых палосак даволі просты. У іх убудаваныя пругкія элементы, якія імкнуцца вярнуцца ў першапачатковую форму і таму крыху расцягваюць крылы носа ў бакі.
Такім чынам пашыраецца так званы насавы клапан — самае вузкае месца ў носе. Менавіта на яго можа прыпадаць ад паловы да дзвюх трацін усяго супраціву паветра пры насавым дыханні.
Таму ЛОР-спецыялісты лічаць, што сама ідэя ўздзеяння на гэты ўчастак у прынцыпе слушная. Але гэтым магчымасці пластыру і абмяжоўваюцца.
Калі чалавеку цяжка дыхаць носам праз ацёк насавых ракавін, скрыўленай насавой перагародкі, паліпаў або хранічнага запалення пазух, палоска не ліквідуе прычыны праблемы.
Праверыць, ці можа яна хаця б крыху дапамагчы, можна простым спосабам: пальцамі злёгку пацягнуць шчокі ў бакі. Калі пасля гэтага дыхаць носам становіцца прыкметна лягчэй, механічнае пашырэнне насавога клапана сапраўды можа даць пэўны эфект.
Але пры частых праблемах з дыханнем спецыялісты раяць не спадзявацца на пластыры, а звярнуцца да доктара і высветліць прычыну.

Ці ёсць пабочныя эфекты
Паводле экспертаў, клей, якім палоска трымаецца на носе, у некаторых людзей можа выклікаць кантактную экзэму. Пры здыманні пластыру таксама можна пашкодзіць паверхневы слой скуры.
Аднак больш істотнай праблемай медыкі лічаць падманлівае адчуванне, што праблема ўжо вырашаная. Калі чалавеку пасля наклейвання палоскі становіцца крыху лягчэй дыхаць, ён можа вырашыць, што лячэнне яму больш не патрэбнае.
Ёсць, праўда, група людзей, якім такія палоскі сапраўды могуць спатрэбіцца не дзеля спорту. Гэта цяжарныя жанчыны, у якіх узнікаюць цяжкасці з насавым дыханнем. Для іх механічная палоска ў некаторых выпадках можа быць найлепшым першым варыянтам, чым назальны спрэй.
А папулярнасць пластыраў сярод бегуноў спецыялісты шмат у чым тлумачаць псіхалогіяй і рытуалам. Для кагосьці такая палоска становіцца часткай спартыўнага вобразу і дае адчуванне, што ён лепш падрыхтаваны да старту.
І, магчыма, менавіта ў гэтым яе галоўны эфект.
Каментары
В Европах это продаётся как средство от храпа. Иногда пользуюсь, когда могу храпеть из-за алкоголя. Также они точно помогают против гипервентиляции во время сна. Соответственно, лучше высыпаешься. Короче, я из своего опыта могу рекомендовать к употреблению.
Когда наклеиваешь на нос, то сразу чувствуешь как будто более свежий воздух.