Чэхія плануе рыхтаваць армію да «працяглага канфлікту высокай інтэнсіўнасці з тэхналагічна развітым праціўнікам».

Чэхія рыхтуецца да магчымага буйнога ваеннага канфлікту ў Еўропе і называе Расію галоўнай пагрозай сваёй бяспецы. Пра гэта гаворыцца ў праекце стратэгіі Міністэрства абароны «Доўгатэрміновая перспектыва абароны да 2045 года», з якім азнаёмілася газета iRozhlas. Дакумент ужо ўхваліла Рада дзяржаўнай бяспекі, восенню яго павінен разгледзець урад, піша Bild.
У стратэгіі гаворыцца, што цяпер расце верагоднасць «складаных крызісаў бяспекі, уключаючы напад на дзяржавы НАТА і ЕС без папярэджання». У Празе таксама чакаюць, што адказнасць за звычайную абарону Еўропы ўсё больш будзе пераходзіць ад ЗША да еўрапейскіх саюзнікаў.
Чэхія плануе рыхтаваць армію да «працяглага канфлікту высокай інтэнсіўнасці з тэхналагічна развітым праціўнікам». Да 2030 года павінна з'явіцца новая сістэма падрыхтоўкі насельніцтва да крызісаў, да 2032 года — уласныя дадатковыя магчымасці касмічнай разведкі, а да 2038 года — новае ўзбраенне і тэхніка. Таксама краіна закупляе 24 знішчальнікі F-35 і мадэрнізуе дзве брыгады.
У мірны час ваенная служба павінна заставацца добраахвотнай, аднак дакумент дапускае больш шырокае прыцягненне грамадзян у выпадку неабходнасці. Паводле звестак журналістаў, гаворка можа ісці, напрыклад, пра людзей з тэхнічнымі, медыцынскімі або IT-навыкамі, якіх змогуць хутка падрыхтаваць для патрэб абароны.
Цяпер чытаюць
«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі
Каментары
Ну гэта як на пажары пачынаць капаць калодзеж. Гэта ўсё павінна было быць зроблена ўжо 5 гадоў таму, калі не раней. А яны ўсё на 30-я базавую падрыхтоўку да абароны адкладваюць. Дагуляюцца да ўласнай Бучы пад Прагаю.