Падчас раскопак Глінскага археалагічнага комплексу ва Украіне даследчыкі выявілі дэнарый вялікага князя Вітаўта і жаночыя ўпрыгажэнні, ідэнтычныя знаходкам з ранніх хрысціянскіх могільнікаў Кернава і Вільні.

Паводле інфармацыі выдання «Апошні бастыён», галоўнай знаходкай шаснаццатага сезона даследаванняў Глінскага комплексу на рацэ Ворскла стала сярэбраная манета дыяметрам 13 міліметраў. На адным баку адчаканены Калюмны (асабісты знак Вітаўта), на іншым — вастрыё дзіды з крыжам.
Артэфакт папярэдне ідэнтыфікаваны як позні дэнарый Вітаўта, выпуск якога нумізматы датуюць прыкладна 1411—1430 гадамі.
Як адзначаў у сваім даследаванні нумізмат Васіль Зайцаў, чаканка падобных манет ВКЛ на ўсходніх межах мела пракламацыйную мэту: яны выкарыстоўваліся цэнтральнай уладай не толькі для гандлю, але і для дэманстрацыі свайго палітычнага ўплыву на памежных тэрыторыях.
У каталогу «Манеты Вялікага Княства Літоўскага» аўтарства Дзмітрыя Гулецкага пазначана, што манеты тыпу «Калюмны / Крыж на галоўцы дзіды» дагэтуль застаюцца слаба даследаванымі, а навука не мае апублікаваных скарбаў з дакладнымі метралагічнымі характарыстыкамі для іх жорсткай даціроўкі. Даследчык падкрэслівае, што ў XIV і амаль усім XV стагоддзі грашовае абарачэнне ВКЛ не было агульнадзяржаўным. Існаваў выразны падзел на паўночны і паўднёвы арэалы, дзе адзіным агульным плацежным сродкам выступаў пражскі грош і, магчыма, злітак-рубель.
Напрыклад, віленскія манеты з выявай Пагоні практычна не пранікалі на поўдзень. У сваю чаргу знаходкі дэнарыяў з дзідай і крыжам яўна імкнуцца да захаду дзяржавы.
Украінскі нумізмат Расціслаў Саваў развіў гэтую думку і прапанаваў гіпотэзу, што гэтая эмісія Вітаўта ажыццяўлялася выключна на Валыні, імаверна, у Луцку. Паводле слоў Саввава, базавым прынцыпам пабудовы манетнага тыпу ў той час стала змяшчэнне на адзін бок асабістага знака кіраўніка ў выглядзе Калюмнаў, а на другі — зямельнай эмблемы.
Дзмітрый Гулецкі ўдакладняе, што на манеце прысутнічае сумешчаны сімвал дзвюх найважнейшых частак заходняга крыла ВКЛ: крыж з'яўляўся агульнавядомым сімвалам Валыні, а дзіда выступала асноўным элементам герба Троцкага княства.
Манета на Глінскім комплексе знойдзена ў шырокім нумізматычным кантэксце. Побач з ёй археолагі выявілі пражскія грошы, сярэбраныя дангі і скарб са 118 медных пулаў Залатой Арды, а таксама крымскія акчэ. Такі набор дэманструе статус паселішча як буйнога эканамічнага цэнтра на мяжы лесастэпу і стэпу, дзе непасрэдна перасякаліся гандлёвыя інтарэсы Вялікага Княства Літоўскага і Залатой Арды.

Акрамя манет, археолагі знайшлі бляшкі з меднага сплаву, аздобленыя геаметрычным, раслінным і зааморфным арнаментам. Яны выкарыстоўваліся як нашыўныя элементы для жаночых галаўных убораў (ачолляў).
Такія вырабы маюць дакладныя аналагі на тэрыторыі сучаснай Літвы: ідэнтычныя бляшкі былі знойдзены ў пахаваннях могільніка Крывейкішкі каля Кернава, а таксама на хрысціянскім некропалі Civitas Rutenica («Рускае места») на вуліцы Бакшта ў Вільні.
Доўгі час у навуцы ішла дыскусія наконт таго, ці належалі гэтыя ўпрыгажэнні славянам, або іх насілі асіміляваныя балты, якія перанялі ўсходнехрысціянскую моду. Як мы пісалі раней, расшыфроўка ДНК пахаваных на віленскім могільніку паказала абсалютнае дамінаванне тыпова славянскай Y-храмасомнай гаплагрупы I2a1 і практычную адсутнасць тыпова балцкай гаплагрупы N сярод ранніх гараджан. Гэта навукова пацвярджае славянскі характар насельніцтва, якое выкарыстоўвала такія ўпрыгажэнні ў цэнтральных гарадах ВКЛ.
Гістарычны Глінск і наступствы бітвы на Ворскле
Глінскі археалагічны комплекс гісторыкі звязваюць з летапісным горадам Глінскам, які, згодна з радаводамі, заснаваў татарскі мурза Мансур-Кіят. Яго нашчадкі пазней сталі князямі Глінскімі і перашлі на службу да Вітаўта. Маштаб паселішча пацвярджаецца даследаваннямі: падчас раскопак 2015 года тут былі знойдзеныя рэшткі кузні з захаванай цеплатэхнічнай спарудай і разнастайныя вырабы з жалеза.
Вайсковая прысутнасць ВКЛ у гэтым рэгіёне фіксавалася і пазней. У 2016 годзе ва ўрочышчы Леваднюкова гара навукоўцы знайшлі пахаванні пяці ўзброеных вершнікаў, якія, імаверна, уваходзілі ў склад войска Вітаўта і загінулі падчас бітвы з сіламі Залатой Арды на Ворскле ў 1399 годзе.
Што тычыцца новага артэфакта, то, як адзначае аўтар даследавання ўкраінскі археолаг Юрый Пугаловак, адна манета не даказвае таго, што Глінскае знаходзілася пад непасрэдным кіраваннем Вялікага Княства Літоўскага. Аднак знаходка пазнейшага дэнарыя Вітаўта паказвае, што рэгіён Паворскля працягваў знаходзіцца ў супольнай палітычнай і эканамічнай прасторы паміж ВКЛ і Залатой Ардой. Наяўнасць манет і ўпрыгажэнняў з розных рэгіёнаў сведчыць пра тое, што нават пасля паражэння 1399 года мясцовая супольнасць, якая знаходзілася на франтыры, захоўвала кантакты на шырокім абсягу і была знаёмая з культурнымі традыцыямі, распаўсюджанымі за сотні кіламетраў ад яе.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары