Японія запатрабавала змяніць новую карту свету, за якую прагаласавала ААН
Японія запатрабавала змяніць новую карту свету ў праекцыі Equal Earth, за выкарыстанне якой прагаласавала Генеральная асамблея ААН. Токіа не задаволіла тое, што спрэчныя Курыльскія астравы на карце пазначаныя тым жа колерам, што і Расія, піша The Guardian.

4 верасня Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю з заклікам выкарыстоўваць замест традыцыйнай карты свету ў праекцыі Меркатара раўнавялікую праекцыю Equal Earth. Яна не захоўвае дакладна ні вуглы, ні формы, затое значна лепш перадае суадносіны плошчаў краін і кантынентаў.
Прыхільнікі рэзалюцыі лічаць, што карта Меркатара на працягу дзесяцігоддзяў візуальна прымяншала значэнне Афрыкі і іншых рэгіёнаў Глабальнага Поўдня і ўплывала на іх успрыманне ў адукацыі, культуры і палітыцы. Пры гэтым Расія і Грэнландыя на такой карце выглядаюць значна большымі за свой рэальны памер праз сваё размяшчэнне ў высокіх шыротах.
Рэзалюцыю падтрымалі 164 краіны, яшчэ шэсць устрымаліся. Супраць прагаласавалі толькі ЗША. Японія першапачаткова таксама падтрымала рэзалюцыю, аднак 10 верасня прадстаўнік японскага ўрада Мінору Кіхара заявіў, што новая карта «змяшчае выяву, якая супярэчыць пазіцыі ўрада Японіі».
Паводле яго слоў, Японія па дыпламатычных каналах выказала пратэст аператару сайта, дзе размешчаная карта, і запатрабавала выправіць яе.
Паўднёвая частка Курыльскіх астравоў перайшла пад кантроль СССР у выніку Другой сусветнай вайны ў 1945 годзе. Японія лічыць сваімі астравы Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан і групу астравоў Хабамаі, называючы іх Паўночнымі тэрыторыямі.
З-за гэтай тэрытарыяльнай спрэчкі Масква і Токіа дагэтуль не падпісалі мірны дагавор па выніках Другой сусветнай вайны. У жніўні 2026 года Уладзімір Пуцін упершыню наведаў спрэчныя астравы, пасля чаго Японія выклікала расійскага пасла і выказала «рашучы пратэст».
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары