Дыскусія вакол рэплікі «крыжа Сафіі Менскай» выйшла на новы ўзровень, дасягнуўшы базавых пытанняў пра паходжанне самой каралевы. Скепсіс наконт таго, што бацькам каралевы быў менавіта князь Валадар Менскі, развейваюць працы еўрапейскіх навукоўцаў і дынастычныя разлікі.

Як мы пісалі раней, падчас абмеркавання прывезенай у Капенгаген рэплікі залатога крыжа гісторык Раман Крыцук паставіў пад сумнеў безальтэрнатыўнасць сувязі каралевы Сафіі з Беларуссю. Ён адзначыў, што ў навуцы існуе і іншая версія — пра яе наўгародскае паходжанне ад князя Уладзіміра Усеваладавіча. Для азнаямлення з дыскусіяй на гэтую тэму Крыцук параіў звярнуцца да прац шэрагу даследчыкаў: Ярла Галена, Мікалая Баўмгартэна, Уладзіміра Пашута, Таццяны Джаксан і Андрэя Катлярчука.
На згадку ў гэтым кантэксце адрэагаваў сам Катлярчук, які яшчэ ў 2005 годзе першым апублікаваў у «Нашай Ніве» эсэ пра Сафію Менскую. Гісторык палічыў патрэбным акрэсліць сваю пазіцыю, прывёўшы шэраг гістарычных аргументаў з мэтай абвергнуць наўгародскі след і пацвердзіць менскае паходжанне Сафіі. Ён таксама адзначыў, што для аспрэчвання ўстойлівай еўрапейскай гістарыяграфічнай традыцыі недастаткова нататкі, а патрабуецца глыбокае веданне скандынаўскай літаратуры.
Слабасць наўгародскай версіі пацвярджаецца і храналагічнай нестыкоўкай. Наўгародскі князь Уладзімір Усеваладавіч памёр маладым яшчэ ў 1141 годзе, у той час як менскі князь Валадар Глебавіч на момант шлюбу сваёй дачкі з дацкім каралём Вальдэмарам у 1157 годзе быў не толькі жывы, але і захоўваў палітычную актыўнасць.
Пошукі еўрапейскіх гісторыкаў
У сваёй аргументацыі Катлярчук асобна згадвае класічную працу дацкага гісторыка Ёхана Петэра Фрэдэрыка Кёнігсфельта 1856 года «Генеалагічна-гістарычныя табліцы каралеўскіх родаў паўночных краін» (Genealogisk-historiske tabeller over de nordiske rigers kongeslægter).
У асноўнай частцы даведніка Кёнігсфельт, абапіраючыся на працы папярэднікаў, яшчэ дапускаў магчымасць паходжання каралевы ад Уладзіміра з Галіча. Аднак у спецыяльным раздзеле «Выпраўленні і дадаткі» ён кардынальна змяніў звесткі, пазначыўшы, што другім мужам каралевы Рыксы і бацькам самой Сафіі быў Валадар Глебавіч, князь Менскі (Volodar Gliebovitsh Fyrste af Minsk).
Аўтар кнігі тлумачыць, што гэтае выпраўленне зроблена на падставе выдадзеных у 1850 годзе ў Капенгагене «Рускіх старажытнасцяў» (Antiquités Russes d'après les monuments historiques des Islandais et des anciens Scandinaves) і падтрымана аўтарытэтным нарвежскім гісторыкам Петэрам Андрэасам Мункам. Кёнігсфельт фіксуе ў сваім даведніку, што менавіта менская лінія з'яўляецца больш імавернай за ўсе папярэднія гіпотэзы.
Менавіта ў «Рускіх старажытнасцях» была ўпершыню ў сучаснай гістарыяграфіі сфармулявана і абгрунтавана версія пра менскае паходжанне Сафіі.
Іх аўтары аспрэчылі папулярную на той час гіпотэзу, якую падтрымліваў нямецкі гісторык Антон Ведэкінд. Паводле гэтай версіі, бацькам Сафіі лічыўся галіцкі князь Уладзімірка, сын Валадара, бо гісторыкі памылкова атаясамлівалі імя «Валадар» з саг з гэтым больш вядомым князем.
«Ведэкінд…, як і яго папярэднікі, відаць, лічыць, што ва ўсёй сям'і рускіх князёў таго часу не існавала іншага Валадара ці Валадаравіча, акрамя таго, пра якога мы гаварылі; таму яны мяркуюць, што Уладзімірка і Валадар… гэта адна і тая ж асоба… Аднак мы асмельваемся назваць яго меркаванне памылковым і сцвярджаць, што Валадар, пра якога ідзе гаворка, — гэта сапраўдны Валадар (Valadar ou Volodar — звяртае на сябе першая форма, якая цалкам адпавядае сучаснаму беларускаму вымаўленню з аканнем), а менавіта Валадар Глебавіч, князь Гарадзецкі, а магчыма, нават Менскі… Ён паходзіў ад Брачыслава Ізяславіча з роду выдатнай Рагнеды…

Нараджэнне каралевы Сафіі, як даказвае нам Ведэкінд, наўрад ці магло быць пазней за 1143 год, бо, будучы заручанай з Вальдэмарам у 1154-м, яна з-за сваёй маладосці не магла выйсці за яго замуж да 1157 года».
Аўтары «Рускіх старажытнасцяў» паказалі, што галіцкая версія немагчымая з-за храналагічнай нестыкоўкі, а вось кандыдатура менскага князя Валадара Глебавіча пасавала ідэальна. Адным з ключавых доказаў для іх стала праца абата Вільгельма з Эбельхальта, які яшчэ ў XII стагоддзі зафіксаваў важныя звесткі:
«Абат Вільгельм далей паведамляе нам, што браты Сафіі дагэтуль («usque hodie») з гонарам кіруюць на Русі. Тут мы знаходзім не толькі новы доказ неідэнтычнасці Валадара і Уладзіміркі, бо адзіны сын апошняга, Яраслаў, памёр у 1187 годзе, тады як абат Вільгельм пісаў прынамсі пасля 1193 года…»
Гэтая традыцыя не толькі не была аспрэчаная, але і знаходзіць сваё пацвярджэнне ў найноўшых даследаваннях. Так, шведскі даследчык Матц Рослунд у сваёй доктарскай дысертацыі «Госці ў доме: культурны трансфер паміж славянамі і скандынавамі з 900 па 1300 год» (Gäster i huset: kulturell överföring mellan slaver och skandinaver 900 till 1300, 2001) прама сцвярджае пра шлюб Вальдэмара з «Сафіяй, дачкой Валадара Глебавіча Менскага» (Sofia, dotter till Volodar Glebovič av Minsk).
Аналагічную пазіцыю займае і нямецкі гісторык Роланд Шэль у манаграфіі «Скандынавія і Візантыя» (Skandinavien und Byzanz, 2015). У Шэля Уладзімір Наўгародскі згадваецца толькі аднойчы і без усялякай сувязі з Сафіяй, у той час як сама каралева фігуруе як «Сафія Менская» на многіх старонках кнігі.
Дынастычныя разлікі
На карысць Валадара Глебавіча сведчаць і еўрапейскія крыніцы канца XII стагоддзя. Вышэй мы згадалі абата Вільгельм з Эбельхальта. Ён у 1190‑х гадах склаў падрабязную «Генеалогію дацкіх каралёў» для суду Папы Рымскага. Дакумент з'явіўся ў выніку дынастычнага крызісу: кароль Францыі Філіп II Аўгуст хацеў скасаваць шлюб з дачкой Сафіі Інгеборгай, спасылаючыся на нібыта існуючае кроўнае сваяцтва з ягонай першай жонкай, Ізабелай дэ Эно — абсалютна надуманае і фальшывае. Каб абвергнуць гэтую хлусню, дацкі двор накіраваў Папу дакладны радавод, у якім не было ніякага сэнсу падрабляць паходжанне самой Сафіі.


Сведчанні абата Вільгельма аб тым, што на момант напісання генеалогіі браты Сафіі «дагэтуль паспяхова кіруюць», разбураюць не толькі галіцкую, але і наўгародскую гіпотэзу: пра сыноў Уладзіміра Усеваладавіча зусім нічога не вядома. У той жа час у летапісах зафіксавана існаванне як мінімум аднаго сына Валадара Менскага — Васількі.
Наўгародская версія таксама супярэчыць строгім правілам сярэднявечных дынастычных шлюбаў. Уладзімір Наўгародскі і дацкі кароль Вальдэмар былі стрыечнымі братамі, паколькі абодва з'яўляліся ўнукамі князя Мсціслава. Калі б Сафія сапраўды была дачкой Уладзіміра, яе шлюб з Вальдэмарам азначаў бы блізкую ступень сваяцтва. Ніякіх гістарычных слядоў таго, што пара прасіла або атрымала спецыяльны царкоўны дазвол на такі саюз, не захавалася.
Дадатковым ускосным доказам сувязі дацкага двара з менскімі Глебавічамі з'яўляецца гістарычны эпізод з падарункамі. У 1170‑я гады менавіта Валадар накіраваў сваёй дачцы ў Данію каштоўныя гасцінчыкі. Падарункі былі перахопленыя вендамі, што дало Вальдэмару фармальную нагоду пачаць ваенную кампанію і канчаткова вырашыць так званае «вендскае пытанне».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ-
Хлопец з-пад Талачына стаў агентам Масквы. Жыць яму заставалася тыдзень
-
У Германіі перапахавалі імператара Атона I Вялікага, заснавальніка Святой Рымскай імперыі. Ён прызначыў першага каталіцкага епіскапа Русі, але місію знішчылі язычнікі
-
Такім мог быць Максім Багдановіч на 50‑рублёвай купюры ФОТАФАКТ
Каментары