Усяго патроху

Магілёўскія дзяржблогеры не падзялілі скрынку з пірожнымі. У іх вайне разбіралася міліцыя

У Магілёве каманда з дзяржаўных журналістаў і блогераў заняла трэцяе месца ў патрыятычным квізе, не падзяліла 36 пірожных і звярнулася ў міліцыю.

Праўладныя магілёўскія блогеры пасварыліся за скрынку з пірожнымі. Давялося разбірацца міліцыі. Калаж: Наша Ніва

Галоўныя героі гэтай эпапеі — карэспандэнт дзяржаўных «Магілёўскіх ведамасцяў» і праўладны блогер Сяргей Лосеў, а таксама магілёўская блогерка Юлія Эдзірывіра Арачыге, вядомая ў інстаграме як jula_hoola.

Яны пасварыліся яшчэ 7 мая. Іх каманда заняла трэцяе месца ў квізе і атрымала скрынку з 36 пірожнымі. Юліі і яе сяброўцы дасталіся чатыры. Астатнія 32 забраў Лосеў, як ён тлумачыць, каб на наступны дзень пачаставаць калег у рэдакцыі.

Здавалася б, нават паводле самых складаных правілаў матэматыкі тут можна было неяк дамовіцца. Але бакі абралі іншы шлях.

Спачатку была Вялікая Перамога. Потым — вайна за пірожныя

7 мая супрацоўнікі інфармагенцтва «Магілёўскія ведамасці» прыйшлі ў гандлёвы цэнтр «Атрыум» на квіз, прысвечаны Другой сусветнай вайне. Разам з імі гулялі дзве магілёўскія блогеркі — Юлія і яе сяброўка Наста.

Лосеў сцвярджае, што блогеркі проста прыйшлі да іх стала са словамі: «Мы будзем гуляць з вамі». Ніхто іх нібыта не запрашаў, але журналісты вырашылі не адмаўляць: больш людзей — больш шанцаў знайсці правільныя адказы.

Юлія ў сваю чаргу кажа, што больш за год супрацоўнічала з «Магілёўскімі ведамасцямі». Рэдакцыя запрашала блогераў на гарадскія мерапрыемствы, а тыя здымалі ролікі і дапамагалі прасоўваць старонкі дзяржаўнага выдання. Афішу квіза, паводле яе, даслалі ў агульны чат «Блогеры + СМІ», таму яна не падазравала, што прыйшла туды без запрашэння.

Каманда заняла трэцяе месца і атрымала ў падарунак скрынку з 36 пірожнымі. Менавіта ў гэты момант гістарычная віктарына скончылася і пачалася сапраўдная бітва, ужо не за памяць, а за дэсерт.

Шаурма як тэст на патрыятызм

Версія Лосева выглядае амаль як маральная прытча. Паводле яго, Юлія не адказала ні на адно з 49 пытанняў, не ведае, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, спрабавала гугліць адказы, а ў разгар квіза пайшла па шаурму. Прычым не проста па шаурму, а, як падкрэслівае блогер, па «карыта» шаурмы ў кантэйнеры. 

«Пасярод патрыятычнага квіза, дзе людзі ўзгадваюць сваю гісторыю, герояў Савецкага Саюза, дзяцей, партызанаў, піянераў-герояў, яна кажа: «Пайду вазьму шаурму», — абураецца ён.

Падчас квіза, кажа Лосеў, яго некалькі разоў наведаў «іспанскі сорам». Спачатку калі Юлія нібыта гугліла. Потым — калі пайшла паесці. Нарэшце — калі захацела атрымаць сваю частку агульнага прыза.

@losevtv #обзорстоловых #могилев #пирожные #рассказ #рекомендации ♬ оригинальный звук - LosevTV

Так 36 пірожных сталі ўзнагародай, права на якую, паводле логікі Лосева, трэба было заслужыць правільнымі адказамі і належнымі паводзінамі.

«На колькі пытанняў адказала, столькі пірожных і бяры», — пераказвае ён сваю прапанову.

Калі верыць Лосеву, адказаў Юліі быў «нуль». Такім чынам, чатыры пірожныя, якія яна ўсё ж атрымала, можна лічыць надзвычай шчодрым бонусам.

«Вось усё, што ён нам даў»

Юлія апісвае падзеі значна прасцей. Яна лічыла пірожныя супольным прызам каманды і хацела забраць частку для сябе і сяброўкі. На відэа, знятым адразу пасля канфлікту, яна паказала чатыры пірожныя:

«Вы паглядзіце, што робіць Сяргей. Гэта проста сорам. Мы выйгралі цэлую скрынку ўсе разам. Вось усё, што ён даў нам з Настай».

Паводле Юліі, яна паспела ўзяць некалькі штук, пасля чаго Лосеў выпіхнуў яе рукі, закрыў скрынку і пайшоў. Лосеў ужыванне сілы адмаўляе. Ён кажа, што блогерка брала адно пірожнае за другім і не збіралася спыняцца, таму ён проста закрыў скрынку.

Астатнія 32 пірожныя Лосеў панёс у рэдакцыю. Паводле яго, так было дамоўлена загадзя: на наступны дзень усе павінны былі сабрацца ў «Магілёўскіх ведамасцях», папіць гарбаты і заадно разабраць памылкі ў квізе.

Праўда, Юлія туды ўжо не прыйшла. Затое пірожныя «прыйшлі» і, як пазней афіцыйна вызначыла міліцыя, былі з’едзеныя супрацоўнікамі рэдакцыі.

Пірожныя скончыліся, вайна працягнулася

Ролік Юліі пра сітуацыю разляцеўся па сацыяльных сетках.

Паводле блогеркі, пасля ёй патэлефанавалі з аблвыканкама. Там нібыта заявілі, што разумеюць яе, але папрасілі выдаліць відэа, каб скандал не ўдарыў па ўсёй рэдакцыі. Юлія схавала ролік, але канфлікт на гэтым не скончыўся. Яна сцвярджае, што напярэдадні 9 Мая ў чаце блогераў запрасілі далучыцца да святочнага парада. Яна прыехала разам з сяброўкай Настай і разлічвала, што знаёмыя супрацоўнікі СМІ, як і раней, дапамогуць ім прайсці ў калону. Аднак адны не адказвалі на званкі, а іншыя казалі, што нічога не ведаюць. У выніку дзяўчаты здымалі парад з боку гледачоў.

Лосеў у сваю чаргу заявіў, што супраць яго арганізавалі атаку ботаў, прычым тыя нібыта мэтанакіравана пісалі пад патрыятычнымі публікацыямі пра 9 Мая, «Славянскі базар» і «Купалле» ў Александрыі.

Пакідаць справу без дзяржаўнага рэагавання блогер не стаў. Ён звярнуўся ў Ленінскі РАУС Магілёва і папрасіў прыцягнуць Юлію да крымінальнай адказнасці за паклёп. Пачалася праверка. Так спрэчка, якую сам Лосеў называў «дзіцячым садком, ясельнай групай», дайшла да кабінета ўчастковага інспектара. Міліцыі давялося высвятляць склад каманды, колькасць пірожных і тое, хто куды панёс скрынку пасля квізу.

Міліцыя асноўны факт з роліка Юліі пацвердзіла: з прыза ёй і Насце дасталіся чатыры пірожныя, а астатнія 32 Лосеў панёс у рэдакцыю.

28 жніўня Ленінскі РАУС адмовіў у завядзенні крымінальнай справы, бо ў дзеяннях Юліі не знайшлі складу паклёпу. Міліцыя прыйшла да высновы, што яна не распаўсюджвала заведама лжывыя звесткі, а выказала ў інстаграме ўласнае меркаванне пра паводзіны Лосева.

Героі гісторыі — хто яны

Сяргей Лосеў — карэспандэнт дзяржаўнага інфармагенцтва «Магілёўскія ведамасці» і аўтар блога LosevTV. Ён здымае гарадскія падзеі, аглядае ежу і сталовыя, ездзіць на дзяржаўныя святы і праўладныя мерапрыемствы.

Сам ён называе сябе аўтарам блога «Есть чё поесть». Лосеў удзельнічаў у дзяржаўнай «Фабрыцы блогераў» і форумах блогераў, расказваў пра «Дажынкі», «Славянскі базар», святкаванне 9 Мая, «Купалле» ў Александрыі і іншыя афіцыйныя падзеі.

Юлія вядзе старонку jula_hoola і называе сябе «нязручнай блогеркай», рылсмейкеркай і фатографкай з Магілёва. Яна публікуе асабістыя гісторыі, здымае гарадскія мерапрыемствы, робіць рэкламны кантэнт і расказвае пра канфлікты, у якія трапляе.

Каментары

Цяпер чытаюць

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Усе навіны →
Усе навіны

Самалёт Зяленскага не быў цэллю дрона, паветранае судна знаходзілася на зямлі ў Кішынёве

Лукашэнка: Што творыцца ў краіне, у нас усе гэтую гусь круцяць33

За што асудзілі экс-адваката Бабарыкі Дзмітрыя Лаеўскага2

Доктарка паехала ў адпачынак на тры тыдні. Праз некалькі дзён ад яе запатрабавалі вярнуцца праз скаргу пацыента2

Выйшла на свабоду палітзняволеная Ірына Такарчук, маці блогеркі Вольгі Такарчук

Французскі шпіёнскі трылер пра беларускую дыктатуру прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі»2

Новае даследаванне амерыканскіх геафізікаў пераварочвае нашы ўяўленні пра тое, як менавіта загінулі дыназаўры9

Ад «Трох чарапах» перад АМАПам да ўрокаў гітары. Піт Паўлаў вучыць беларусаў граць1

Выйшла на свабоду Настасся Кухта

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Хто той Мацвей з Наваполацка, якога ў Расіі асудзілі да 25 гадоў за падрыхтоўку тэракта

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць