Армянскі пасол не вернецца ў Мінск, пакуль Лукашэнка не папросіць прабачэння
Спікер Нацыянальнага сходу Арменіі Рубен Рубінян заявіў, што кансультацыі армянскага пасла ў Беларусі ў Ерэване будуць працягвацца да таго часу, пакуль Беларусь не дасць Арменіі тлумачэнні або не прынясе прабачэнні за выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра вайну ў Нагорным Карабаху.

Рубінян узняў гэтае пытанне пасля таго, як дэпутат апазіцыйнай фракцыі «Моцная Арменія» Эдгар Газаран спытаў намесніка міністра ўнутраных спраў Армена Газарана, колькі будуць працягвацца кансультацыі армянскага пасла ў Беларусі.
Спікер парламента заявіў, што яго здзівіла такая пастаноўка пытання з боку апазіцыйнага дэпутата. Рубінян нагадаў, што пасол Арменіі ў Беларусі быў адкліканы ў Ерэван для кансультацый у 2024 годзе пасля публічных заяў Лукашэнкі пра вайну.
«Ведаеце, чаму пасла Арменіі ў Беларусі адклікалі для кансультацый? Гэта адбылося пасля таго, як прэзідэнт Беларусі публічна заявіў, што яны разам з Азербайджанам планавалі 44‑дзённую вайну. Беларусь — краіна, якая ўваходзіць у АДКБ, гэта значыць у той жа абарончы саюз, што і мы», — сказаў Рубінян.
Паводле яго слоў, адкліканне пасла стала рэакцыяй Арменіі на гэтыя словы Лукашэнкі.
«У адказ на гэта пасол Арменіі ў Беларусі быў адкліканы для кансультацый. І так, гэтыя кансультацыі будуць працягвацца да таго часу, пакуль мы не пачуем тлумачэнні або прабачэнні», — падкрэсліў спікер армянскага парламента.
13 чэрвеня 2024 года Арменія адклікала ў Ерэван для кансультацый свайго пасла ў Беларусі Разміка Хумарана. У той жа дзень прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў у парламенце, што ні адзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі не будзе наведваць Беларусь, пакуль яе прэзідэнтам застаецца Аляксандр Лукашэнка.
Перад гэтым, 16 мая 2024 года, падчас візіту ў Азербайджан Лукашэнка сустрэўся з Ільхамам Аліевым і згадаў іх размову напярэдадні вайны ў Нагорным Карабаху 2020 года. Паводле яго слоў, яны тады абмяркоўвалі магчымасць вайны і прыйшлі да высновы, што яе можна выйграць.
Пашынян іранічна прыгадаў Лукашэнку словы пра «непатрэбных армян»
Беларускі бізнэс-партнёр Гагіка Царукяна збіраецца падаць інвестыцыйны пазоў супраць Арменіі
Пашынян: Вырашым і выйдзем з АДКБ. Мы не дазволім, каб Лукашэнка зноў стаў нашым гарантам
Лукашэнка заклікаў Арменію быць акуратнай. «Каб не паўтарыць тое, што адбылося ва Украіне»
«Арменія — гэта ўжо не абрабаваная вамі і вашымі партнёрамі краіна». Пашынян рашуча адказаў Лукашэнку
Цяпер чытаюць
У Чэхіі палякі збілі паляка, прыняўшы яго за ўкраінца з-за шапкі ў колерах Верхняй Сілезіі. Хлопец ехаў у велапрабег дзеля хворай на рак цяжарнай партнёркі
Каментары