Бездзяржаўным народам Усходняй Еўропы доўгі час дзяржаву замяняла літаратура. У беларусаў цяпер у такой ролі апынуліся медыя, піша Мікола Бугай. Мы самі гэтага не хацелі б, але гэта непазбежна.

Зірніце спіс матэрыялаў, якія, сукупна на розных платформах, былі самымі прагляданымі / чытанымі на рэсурсах «Нашай Нівы» ад пачатку месяца. (Мы для сябе ўвесь час адсочваем і самым уважлівым чынам аналізуем гэтыя даныя і іх тэндэнцыі).
Цудам пазбеглі бяды. Расійскі дрон упаў у Петрыкаўскім раёне
Беларусу выслалі 50 тысяч расійскіх рублёў. А дайшлі толькі 43. Аказваецца, банк робіць двайную канвертацыю
Памерла Галіна Філіпаўна з Гродна, якой летам 2020 года на ўсю краіну абураўся Лукашэнка
Жахлівая гібель навукоўца ў Мінску. Суседзі вырашылі, што ён перабраў, і кінулі ў ліфце
Дальнабой са Смалявіч еў за рулём цукерку і падавіўся. Двух чалавек не вярнуць
«ДАІ азалацілася». Папулярны мінскі паварот стаў мемам: яго забаранілі і вось ужо тыдзень змагаюцца з парушальнікамі
Лётаць беларусам у Расію стане небяспечна? Жорсткая заява Зяленскага
Пад Шчучынам прадаюць паўвуліцы за капейкі
Школьнікаў пачалі надглядаць на ўваходзе ў школу. Кажуць, знайшлі шмат забароненага
Бывай, халява. Авіякампаніі пачалі змагацца з падушкамі для шыі
Вось тэмы, якія збіраюць мільёны праглядаў. У гэтым спісе як у люстэрку мы бачым, што цікавіць цяпер нас, наш від — albaruthenus vulgaris, «звычайных беларусаў».
Тэмы то розныя, але большасць з іх выразна аб’ядноўваюць тры моманты.
1) Тое, што за імі, за канкрэтнымі выпадкамі, стаяць вострыя палітычныя ці маральныя праблемы. Гібель навукоўца — адчужэнне і недавер між людзьмі. Заява Зяленскага і дрон пад Петрыкавам — вайна. Галіна Філіпаўна — лёс тых, пра каго дзяржСМІ не раскажуць.
2) Многія з гэтых тэм аб’ядноўвае яшчэ і тое, што дзяржаўныя і дазволеныя ўнутры Беларусі СМІ або праігнаравалі іх, або вымушана загаварылі толькі пасля таго, як іх акцэнтавалі незалежныя СМІ.
3) І, звярніце ўвагу: большасць гэтых тэм, за парай выняткаў, цікавыя толькі беларусам. Не чыталі б расіяне ці палякі пра гібель навукоўца ў Мінску, трагедыю дальнабоя са Смалявіч ці распродаж вёскі пад Шчучынам.
Гэты спіс таксама выяўна паказвае, што грызня ўнутры апазіцыйнага лагера не цікавіць звычайных беларусаў зусім. Нічога пра Ціханоўскага — ні яго заявы, ні адказы на іх, не сабралі і дзясятай часткі праглядаў матэрыялаў са спісу вышэй.
Янка Купала і Уладзімір Караткевіч для беларусаў, як і Тарас Шаўчэнка ці Адам Міцкевіч для ўкраінцаў і палякаў былі больш чым проста пісьменнікі — больш, чым Флабэр для французаў і Пушкін для рускіх. Літаратура ў сітуацыі акупацыі, у сітуацыі бездзяржаўнасці захоўвала мову, нацыянальную традыцыю, фармавала супольнасць, стварала ўнікальны код нацыі. Тое, што ў «дзяржаўных» народаў рабіла дзяржава, у бездзяржаўных рабіла літаратура.
Сітуацыя Беларусі і цяпер асаблівая: дзяржаўнасць ёсць, але дзяржадміністрацыя і сілавыя структуры кантралююцца з Масквы і праводзяць патрэбную Маскве палітыку. Абкошваюць усё беларускае як траву, каб не падымалася, не квітнела і не рассявалася. Беларуская нацыя цяпер жыве насуперак гэтай дзяржаўнай адміністрацыі.
Літаратура ў нашы часы больш не адыгрывае ролі, якую яна адыгрывала ў ХІХ, пачатку ХХ-га, а ў Беларусі — і да канца ХХ стагоддзя. Цяпер у гэтай нацыятворчай ролі стваральніка супольнасці апынуліся медыя і сацсеткі. Нацыю звязваюць тыя пытанні, якія яна абмяркоўвае.
Сацыяльныя сеткі і анлайн-рэсурсы — гэта грыбніца нашай супольнасці цяпер. З іх медыя могуць найбольш: яны здольныя фарміраваць парадак дня. Алгарытмы сацсетак такія, што людзі трымаюць сувязь там, але пераважна малымі коламі і па інтарэсах. СМІ здольныя гуртаваць хутчэй і эфектыўней. У сацсетках мы ўсе залежым ад алгарытмаў, СМІ здольныя самі задаваць тэмы. (Спіс таксама наглядна паказвае, як грамадства само выбірае тое, што яму цікавае. Людзі ігнаруюць тое, што ім нецікава. СМІ застаецца толькі ўважліва аналізаваць радары статыстыкі.)
Мас-медыя існуюць, таму што яны натуральная патрэба для сучаснага грамадства. Для такой рассеянай анлайн-супольнасці, калі на радзіме ўсё маўчыць, бо дыктатура, СМІ ўвогуле sine qua non — тое, без чаго немагчыма.
Як Сяргей Ціханоўскі абвясціў вайну «Нашай Ніве», то я палез зірнуць яго канал у ютубе. Дык там было чатыры відэаролікі за год: віншаванне з Новым годам, віншаванне з Днём Волі, два наскокі на «НН». Усё разам — пара дзясяткаў тысяч праглядаў. У «Нашай Ніве» за гэты ж час — 18 тысяч артыкулаў на сайце, добрых, звычайных, прахадных, але ж 18 тысяч — на кожны густ, тут і філосаф сабе знойдзе сваё, і гандлярка. У ютуб-каналах «Нашай Нівы» за гэты ж час — 270 доўгіх відэапраграм і тысячы шортсаў, а колькі яшчэ тыктокаў, рылзаў, трэдсаў, пастоў у ТГ-канале.
І яно працуе. Даныя платформаў, якімі незалежныя СМІ абменьваюцца паміж сабой, паказваюць, што адназначна больш за 60% беларусаў атрымліваюць інфармацыю з незалежных каналаў.
Блогеры не заменяць СМІ — сістэмнасць знікла б.
На жаль, мы ў СМІ парою забываем: у адрозненне ад літаратараў стагадовай даўніны мы не «ўладары думаў», мы «люстра дзён». Адно іранічнае слова ў загалоўку, адзін жарт, а якая шура-бура можа падняцца. Навука для кожнага з маіх калег.
СМІ абавязаныя самаўдасканальвацца. Але не самаабмяжоўвацца. Мэтай самаўдасканальвання — даходзіць да як мага большай колькасці людзей. Мэтай — пісаць, здымаць чым больш, а не чым менш.
Я не раз назіраў: як толькі «Наша Ніва» публікуе расследаванне ці праблемны матэрыял, аб’ект матэрыялу абвінавачвае «НН» у жаўціні. Выявілі, што ў чалавека пашпарт прыкрыцця, а жонка імкнулася пранікнуць у далікатныя структуры — «жоўты СМІ». Выявілі, што міністарка пераходнага кабінета атрымала грант на шарлатанскі праект — «жоўты СМІ». Uh, no. Не блытайце жоўтага з вострым.
Іншыя людзі лічаць жаўцінёй свецкую хроніку. Я так не лічу. Я лічу яе важнай часткай жыцця. Нехта скажа: я як жа ваш спіс вышэй, свецкая хроніка не трапляе ў самае-самае чытанае. А гэта таму, што наша грамадства фрагментаванае, у розных груп і сегментаў розныя героі. Адны глядзяць і чытаюць пра адных, другія — пра другіх. Хай так.
Калі б «Наша Ніва» перастала рабіць свецкую хроніку, гэта б аслабіла нашу супольнасць. «Хто памёр, хто нарадзіўся, хто ажаніўся, хто прыжаніўся, хто з кім пабіўся» — гэта базавыя пытанні, якія адвеку цікавілі людзей. Пра гэта гаварылі і ў вёсцы каля калодзежа.
* * *
Была б наша воля — было б інакш. Але абставіны склаліся як склаліся. Гэта не тое, чаго мы хацелі б. (І найменш таго хочам мы ў СМІ. Якую цану журналісты плацяць за сваю прафесію — не дай божа нікому, а якую яшчэ, магчыма, давядзецца нам заплаціць.)
Добра было б мець сваю дэмакратычную дзяржаву, як маюць яе ўкраінцы, літоўцы, эстонцы, фіны, але пакуль яе няма — інакш не будзе. У той сітуацыі, у якую мы, беларусы, пастаўленыя ў сілу абставін, нам моцныя СМІ трэба для самога існавання нацыі. Без паветра няма як нават тым, хто не любіць быць на паветры.
Ну і на развітанне трымайце выразку з газеты «Наша думка» больш як стагадовай даўніны:

-
Зміцер Дашкевіч: У выгнанні я валацуга, але маю тое, чаго цяпер не было б для мяне ў Беларусі — магчымасць прыносіць Госпаду плод
-
Каверын: У мяне расце дачка, і я хацеў бы, каб яна жыла, хутчэй, у тым свеце, які ўяўляюць сабе ідэальным феміністкі
-
Паўлючэнка пра вяртанне Пачобута: «Пункт біфуркацыі, пасля якога шмат зменіцца»
Цяпер чытаюць
«Час, які патрабуе надзвычайнай асцярожнасці». Польскі вундэркінд, які стаў галоўным навукоўцам OpenAI, патлумачыў, чаму менавіта зараз ШІ можа вырвацца з-пад кантролю
Каментары