Зміцер Дашкевіч: У выгнанні я валацуга, але маю тое, чаго цяпер не было б для мяне ў Беларусі — магчымасць прыносіць Госпаду плод
Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч да гадавіны свайго вызвалення з-за кратаў напісаў, што за гэты год для яго і ягонай сям'і здзейснілася, а што яшчэ наперадзе.

Год праляцеў як знічка, пстрыкнуў як секундная стрэлка. Год таму — зэк, якому заставалася 20 дзён адседзець і жыць на Роднай зямлі (але і зэк, якому абяцалі раскрутку кожны год). Сёння — вандроўнік на планеце Зямля («Усе яны [героі веры] памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцанняў, але толькі здалёк бачачы іх, і маючы пэўнасць, і вітаючы іх, і прызнаючы, што яны — чужынцы і вандроўнікі на зямлі», — апостал Павел Гебраям, 11:13) з Жэнеўскім праязным дакументам (дзякуй за яго Госпаду і народу Літвы).
Увогуле, заўсёды ведаў, што я буду сядзець і сядзець буду шмат (урэшце, гадоў дзевяць жыцця я падарыў любімай Беларусі), але ніколі не мог падумаць, што зраблюся бежанцам. Я мо і ў турму пайшоў крайнім (як цяпер любяць казаць) разам, каб пасля яе застацца жыць на Радзіме. А тут во — і адсядзеў (нават перасядзеў з дзвюма раскруткамі), і вандроўнік! Што ж, і на гэта Твая неаспрэчная воля, Госпадзе! І ў гэтым мы шукаем Твой провід і Твой план.
Што я зрабіў за год? Дакументы, пераезды, кватэры, уладкаванні, афармленні і г.д. і г.д. — усё тое, што, напэўна, я магу патлумачыць толькі такому ж валацугу, як і я сам.
Увогуле, яшчэ кожны дзень даводзіцца займацца тым, што ў Беларусі даўным-даўно было ўладкавана. Але, — самае важнае! — у выгнанні ёсць тое, чаго цяпер не было б для мяне ў Беларусі — магчымасць прыносіць Госпаду плод.
Пакрысе, не ўсё адразу, але робім што можам:
1. Мы з'ядналіся сям’ёю разам. Тое, пра што я марыў гадамі — увасобілася ў жыццё! Не хачу казаць, што ўсё так прыгожа, як у інстаграме, і так проста, як у марах. Працаваць над сабою — яно і ў турме, і на волі цяжка. Але мы працуем.
2. Я дарэдагую (сёння!) першы том пра турэмны шлях, я вазьмуся заўтра за другі. Падрыхтаваў да выдання іншую кнігу, карэктую да перавыдання першую. І яшчэ пра адну мару.
3. Мы сабраліся ў Вільні «Малітваю за Беларусь» — і працягваем наша духоўнае змаганне за Радзіму, як піша апостал Павел сваім братам і сёстрам: «Бо хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я маю дзеля вас… і дзеля ўсіх, якія не бачылі аблічча майго ў целе» (Каласянам 2:1).
Мы зноў ствараем сваім дзеткам хрысціянскую і беларускамоўную супольнасць. Змаганне за веру і за мову — гэта штодзённае змаганне і ў Беларусі, і ў выгнанні, і калі ты спыніш яго — ты будзеш паглынуты злым, ты памрэш.
Браты і сёстры ў выгнанні, мы ўсе з вамі праходзім цяжкі шлях. Ён прыблізна як турэмны, скажу вам дакладна, прайшоўшы той і ідучы гэты. Але мы разам, мы радуемся Божаму сонейку і маем магчымасць рабіць справы дзеля Госпада і Беларусі: клапаціцца пра тых, каму цяжка; пісаць на роднай мове кнігі і спевы — штодзень будаваць Беларусь!
Можа хто спытае: дзе ж Беларусь?! Яна там, дзе беларуская мова! — апостал Беларусі Францішак Багушэвіч.
Наста Дашкевіч распавяла пра дзень смерці Алеся Пушкіна — «дзень, калі ў Беларусі боль памножыўся на боль»
Севярынец і Дашкевіч атрымалі ордэны Пагоні БНР
Дашкевіч расказаў, як выхоўвае дзяцей беларускамоўнымі
Зміцер Дашкевіч: Ты не маеш права інтарэсы Беларусі ставіць вышэй за сям’ю
Дашкевіч чакае ад Бабарыкі і Калеснікавай публічнага прызнання памылак
Зміцер Дашкевіч сказаў, што трэба рабіць беларусам зараз, каб краіна стала свабоднай і незалежнай
Каментары