Свет11

Рэпер Пі Дзідзі купіў сабе раскошнае жыццё ў турме: прыслуга з вязняў, каньяк ад аховы і прагляд фільмаў пра ўласнае падзенне

Адбываючы 50‑месячны тэрмін, амерыканскі музычны магнат Шон Комбс, сусветна вядомы пад псеўданімамі Пі Дзідзі (P. Diddy) і Паф Дэдзі (Puff Daddy), працягвае весці звыклы лад жыцця за кратамі. Спецыяльнае расследаванне выявіла маштабную сетку платных паслуг і кантрабанды ў федэральнай турме, якую 56‑гадовы заснавальнік лэйбла Bad Boy Records арганізаваў з дапамогай сваіх фінансаў.

Рэпер P. Diddy (сапраўднае імя — Шон Комбс) падчас адбывання тэрміна ў турме. Фота: NBC News

Восенню 2024 года арышт аднаго з самых уплывовых і багатых людзей у гісторыі хіп-хопа шакаваў шоу-бізнес. Пасля васьмітыднёвага судовага працэсу ўлетку 2025 года Комбс быў апраўданы па найбольш цяжкіх артыкулах аб рэкеце і сэкс-трафіку (знакамітая справа аб арганізацыі масавых сэксуальных вечарынак «freak-offs»), аднак прызнаны вінаватым па двух эпізодах транспарціроўкі людзей з мэтай прастытуцыі.

Атрымаўшы 50 месяцаў зняволення, у кастрычніку 2025 года ён быў пераведзены з ізалятара ў Брукліне ў федэральную турму нізкага ўзроўню бяспекі Форт-Дыкс у штаце Нью-Джэрсі.

Ад кітайскага масажу да кураняці кары

Як паказвае расследаванне тэлеканала NBC News, заснаванае на сведчаннях чатырох зняволеных з аднаго блока з музыкантам, Комбс фактычна ператварыў сукамернікаў у свой асабісты абслуговы персанал.

«Гэта не нейкае звычайнае дзярмо, якое вы бачыце ў турме. Гэта багатае дзярмо, — цытуе NBC News аднаго са зняволеных. — Гэта выглядае вар'яцтвам, але зноў жа, гэта Дзідзі».

Аплата працы абслуговага персаналу абыходзіцца Комбсу ў тысячы даляраў штомесяц. Фінансаванне адбываецца не наўпрост: давераныя асобы магната на волі пераводзяць грошы на асабовыя турэмныя рахункі (commissary accounts) тых вязняў, якія пагадзіліся на яго працаваць.

У пералік паслуг уваходзіць мыццё бялізны, засціланне ложка, а таксама ўборка камеры, туалета і душавой кабіны непасрэдна перад кожным іх выкарыстаннем Комбсам. Асобныя зняволеныя прадастаўляюць яму паслугі кітайскага кропкавага масажу.

Паколькі турэмнае меню не задавальняе магната, ён наймае зняволеных для прыгатавання індывідуальных страў — кураняці кары, піцы і эмпанадас, якія гатуюцца з дапамогай самаробных награвальных элементаў, пагружаных у ваду.

«Праз некаторы час я стаміўся гатаваць. Тады ён пачаў звяртацца да ямайцаў», — расказаў журналістам адзін з былых турэмных кухараў Пі Дзідзі.

Асобныя вязні выконваюць функцыі захавальнікаў лістоў ад фанатаў, паколькі аб'ём карэспандэнцыі магната перавышае дапушчальныя ліміты для захоўвання ў адной камеры.

Тэлефоны, антыдэпрэсанты і каньяк ад аховы

Нягледзячы на строгія правілы Федэральнага бюро турмаў ЗША (BOP), Комбс мае бесперабойны доступ да забароненых прадметаў.

«Вы можаце атрымаць практычна ўсё, акрамя ключа ад уваходных дзвярэй і жанчыны», — патлумачыў сітуацыю на чорным рынку Форт-Дыкс адзін з суразмоўцаў канала.

Згодна з расследаваннем, музыкант выкарыстоўвае кантрабандныя смартфоны для кіравання старонкай у Instagram і прагляду інтымных фатаграфій, якія яму дасылае былая знаёмая.

Сярод медыкаментаў Комбс рэгулярна набывае ў іншых зняволеных антыдэпрэсант «Рэмерон» (Remeron), які выкарыстоўваецца на турэмным чорным рынку выключна дзеля паляпшэння настрою.

Таксама паведамляецца пра наяўнасць у магната сховішча з элітным алкаголем, у прыватнасці, каньяком Hennessy, які праносіцца на тэрыторыю турмы карумпаванымі супрацоўнікамі аховы і распіваецца ў вузкім коле па выхадных.

Асобнай дэталлю расследавання стаў факт наяўнасці ў Пі Дзідзі «ўзламанага» планшэта. Выданне Billboard адзначае, што праз яго музыкант глядзеў нават дакументальны серыял «Sean Combs: The Reckoning» ад Netflix, які быў спрадзюсаваны яго даўнім канкурэнтам — рэперам 50 Cent — і прысвечаны гісторыі падзення і сэксуальных злачынстваў самога Комбса.

Даведаўшыся пра гэта, 50 Cent іранічна адрэагаваў у сваіх сацсетках: «Ха-ха-ха, зацаніце маю дакументалку пра Шона Комбса на Netflix, якая хутка з'явіцца ў турме побач з вамі».

Рэакцыя ўладаў

Праблема кантрабанды ў Форт-Дыкс мае сістэмны характар: толькі ў верасні 2026 года пракуратура выставіла абвінавачванні пяці асобам, у тым ліку дзеючаму і былому супрацоўнікам аховы, у арганізацыі каналаў пастаўкі тэлефонаў, зброі і наркотыкаў з дапамогай дронаў.

Адразу пасля выхаду рэпартажу NBC News турэмная адміністрацыя пачала чарговае ўнутранае расследаванне, а самога Комбса тэрмінова перавялі ў адзіночную камеру (Special Housing Unit).

Гэта не першы яго тэрмін у ізалятары: летам 2026 года ён ужо трапляў туды пасля бойкі з іншым зняволеным, праз што быў таксама выключаны з прэстыжнай праграмы рэабілітацыі ад нарказалежнасці. Праз гэтыя парушэнні прагназуемая дата яго вызвалення неаднаразова змянялася і, паводле рэестра BOP, цяпер прызначана на 21 студзеня 2028 года.

PR-прадстаўнік Комбса ў каментары часопісу People абверг інфармацыю пра асаблівыя ўмовы, заявіўшы, што СМІ «выдаюць звычайныя дэталі турэмнага жыцця за навіны», а яго кліент адбывае пакаранне ў строгай адпаведнасці з правіламі.

Пры гэтым, нягледзячы на мільярдныя статкі, магнат пачаў сутыкацца з фінансавымі праблемамі. Часопіс Essence дадае, што ў верасні адвакаты адмовіліся прадстаўляць інтарэсы Комбса ў шматлікіх грамадзянскіх пазовах, паколькі ён больш за паўгода не аплачваў юрыдычныя рахункі і перастаў супрацоўнічаць з лініяй абароны.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Отец Засандалин
    04.10.2026
    Мазафака фак зе систем ин эс.

Цяпер чытаюць

Больш за 60 чалавек затрыманыя пасля канцэрта Макса Каржа ў Франкфурце-на-Майне. Са сцэны спявак заклікаў спыніць вайну ва Украіне6

Больш за 60 чалавек затрыманыя пасля канцэрта Макса Каржа ў Франкфурце-на-Майне. Са сцэны спявак заклікаў спыніць вайну ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі немагчыма выклікаць «Яндэкс-таксі» пасля атакі дронаў на дата-цэнтр ва Уладзіміры34

У гэтым італьянскім мястэчку жанчыны жывуць незвычайна доўга. Навукоўцы спрабуюць зразумець чаму2

У дзень закліку Трампа змяніць яго Зяленскі перагаварыў з кіраўнікамі чатырох еўрапейскіх дзяржаў3

Крысту Пайк, якую няўдала спрабавалі пакараць смерцю, выпісалі з бальніцы і вярнулі ў турму2

Ва Украіне адрэагавалі на «заявы з-за мяжы» аб неабходнасці замены Зяленскага24

New York Times: Вашынгтон спакушаў Расію ў тым ліку вывадам беларускага калію з-пад санкцый11

У Антарктыдзе рэзка скарацілася калісьці найбуйнейшая калонія пінгвінаў. Іх меней аж на паўмільёна2

У Польшчы адбыўся яшчэ адзін напад з нажом у школе, ёсць параненыя7

Расія скароціць выплаты Беларусі на 1,4 мільярда рублёў. Што хаваецца за «бязвыплатнымі» грашыма бюджэту?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Больш за 60 чалавек затрыманыя пасля канцэрта Макса Каржа ў Франкфурце-на-Майне. Са сцэны спявак заклікаў спыніць вайну ва Украіне6

Больш за 60 чалавек затрыманыя пасля канцэрта Макса Каржа ў Франкфурце-на-Майне. Са сцэны спявак заклікаў спыніць вайну ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць