Заснавальніка «Рыбаря» выдвараць з Чарнагорыі. А заехаў ён туды праз Германію, нягледзячы на санкцыі ЕС
Заснавальнік пракрамлёўскага тэлеграм-канала «Рыбарь» Міхаіл Звінчук, якога затрымалі ў пятніцу ў Чарнагорыі, прыляцеў на Балканы з нямецкага горада Мемінген, высветліла баснійскае расследавальніцкае выданне Detektor (BIRN). Нічога сур'ёзнага прапагандысту не пагражае — яго проста выдвараць, піша «Агентство».

Як высветлілі журналісты, 2 кастрычніка Звінчук прыляцеў з Мемінгена ў Сараева. Паводле інфармацыі Міністэрства замежных спраў Германіі, у мясцовым аэрапорце няма міжнароднай транзітнай зоны, якая дазваляла б перасаджвацца, не ўязджаючы ў Шэнгенскую прастору. Такім чынам, Звінчук павінен быў прайсці пашпартны кантроль і знаходзіцца на тэрыторыі Германіі, нягледзячы на санкцыі, уведзеныя супраць яго ў 2023 годзе.
Пасля прыбыцця ў Сараева ён правёў пяць дзён у Босніі і Герцагавіне, дзе запісаў відэа пра выбары. 7 кастрычніка Звінчук адправіўся ў Чарнагорыю праз сухапутны памежны пераход Зупцы.
Падчас паездкі ён аналізаваў вынікі выбараў 4 кастрычніка ў Рэспубліцы Сербскай. Журналісты вызначылі месцы здымкаў: раён Козарска-Дубіцы, нацыянальны парк «Козара» і мемарыял Доня-Градзіна.
Звінчук ужо наведваў Боснію падчас прэзідэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Сербскай у лістападзе 2025 года. Тады ён запісаў відэа каля будынка ўрада рэгіёна.
Рэспубліка Сербская ўваходзіць у склад Босніі і Герцагавіны і падтрымлівае цесныя адносіны з Масквой. Лідар кіроўнай партыі рэгіёна Міларад Додзік рэгулярна сустракаецца з Уладзімірам Пуціным і выступае супраць санкцый у дачыненні да Расіі. Паводле слоў самога Додзіка, да канца верасня ён сустракаўся з расійскім прэзідэнтам 29 разоў. Апошняя сустрэча адбылася 29 верасня ў Крамлі — за пяць дзён да выбараў у Босніі.
У Чарнагорыі праваахоўнікі затрымалі пяцярых чалавек з каманды канала «Рыбарь», у тым ліку яго заснавальніка Міхаіла Звінчука. Паводле паведамленняў, яны не хавалі свайго знаходжання ў краіне: спыніліся ў пяцізоркавым гатэлі, загадзя падалі заяўку на здымкі ў Цэцінскім манастыры, які даўно падтрымлівае сувязі з Масквой, а сам Звінчук выходзіў у эфір з Чарнагорыі.
Афіцыйных абвінавачанняў затрыманым пакуль не прад'явілі. З паведамленняў СМІ вынікае, што іх падазраюць у правядзенні гібрыднай аперацыі. У пракрамлёўскіх ваенных тэлеграм-каналах ужо з'явілася версія, што затрыманне было часткай загадзя распрацаванага плана.
Пасля прыбыцця ў Чарнагорыю Звінчук расказаў, што памежнік праверыў яго рэчы, але забыўся зверыць ягоныя даныя з базай. Паводле інфармацыі ТАСС, Міністэрства ўнутраных спраў Чарнагорыі прызнала Звінчука і яго спадарожнікаў пагрозай нацыянальнай бяспецы краіны і мае намер іх выдварыць.
Каментары
[Зрэдагавана]