Крэмль адкінуў прапанову Кіева аб 60‑дзённым перамір'і.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін гатовы даць указанне не наносіць удары па Украіне ў дзень, калі там пройдуць выбары, заявіў прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Дзмітрый Пяскоў, піша РБК.
«Прэзідэнт ужо гаварыў пра гэта, але ў дадзеным выпадку я магу ад яго імя з усёй адказнасцю сказаць, што калі там сапраўды ў Кіеве хочуць правесці выбары, то прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, вярхоўны галоўнакамандуючы, будзе гатовы даць указанне не наносіць удараў па Украіне ў дзень выбараў. Менавіта ў дзень выбараў. Гэта вельмі важнае ўдакладненне», — сказаў Пяскоў.
Учора Уладзімір Зяленскі заявіў, што гатовы правесці выбары, калі Расія заключыць 60‑дзённае перамір'е. Крэмль адхіліў гэтую прапанову.
Паводле слоў Дзмітрыя Пяскова, у Кіеве насамрэч не хочуць праводзіць выбары, а два месяцы без удараў, як ён лічыць, патрэбныя Украіне, каб «сабрацца з сіламі, залячыць раны і працягнуць вайну».
Пуцін, па словах Пяскова, гатовы даць указанне не біць па Украіне толькі ў дзень выбараў.
Пяскоў таксама сказаў, што Масква была гатовая працягнуць мірныя перамовы пасля выбараў у Дзяржаўную думу. Аднак Украіна, паводле яго слоў, спрабавала сарваць гэтыя выбары.
Расія не паверыць абяцанням украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага: ён не заслужыў перадышкі ў баявых дзеяннях, таксама заявіў кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў на прэс-канферэнцыі па выніках перамоў з ліванскім калегам Юсефам Раджы.
«Не думаю, што ён заслужыў перадышку. Не думаю, што мы ў чарговы раз будзем верыць запэўненням і абяцанням. Прэзідэнт [Расіі Уладзімір Пуцін] вельмі выразна пра гэта сказаў. Мы працягваем дасягаць мэтаў спецыяльнай ваеннай аперацыі. Яны ўсім выдатна вядомыя. Мы іх ніколі не змянялі, у адрозненне ад зігзагаў і хістанняў Зяленскага і яго еўрапейскіх гаспадароў. Таму нам няма за што ні перад кім апраўдвацца», — сказаў Лаўроў.
-
Зяленскі заявіў пра гатоўнасць да мірнага пагаднення з размежаваннем па цяперашняй лініі фронту
-
У Расіі чарговы рэгіён скараціў выплаты сем’ям загінулых на вайне супраць Украіны
-
Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі
Каментары