«Можаш уключаць любую музыку. Я ўсё роўна нічога не чую». Як глухі беларус працуе таксістам у Варшаве
«Можаш уключыць музыку, якую саромеешся слухаць пры іншых, або расказаць мне пра тое, што цябе турбуе. Я ўсё роўна нічога не чую, таму не буду цябе асуджаць або смяяцца з цябе». Такую аб'яву бачаць пасажыры, якія садзяцца ў таксі 40‑гадовага беларуса Валянціна (імя змененае). Мужчына глухі ад нараджэння, але ўжо больш за дзесяць гадоў працуе ў таксі. Апошнія чатыры гады ён жыве ў Варшаве, дзе не толькі сам перавозіць пасажыраў, але і дапамагае іншым глухім беларусам і ўкраінцам знайсці працу. Як і са сваімі пасажырамі, Валянцін паразмаўляў з MOST праз паведамленні ў тэлефоне. Так ён расказаў пра рэакцыю кліентаў, зносіны з паліцыяй і заробкі.

«Чалавек можа падумаць, што я яго ігнарую»
Валянцін пераехаў у Польшчу каля чатырох гадоў таму. Выбраў Варшаву, таму што тут убачыў магчымасці для працы, бізнэсу і будучыні сваёй сям'і.
Мужчына глухі ад нараджэння. У паўсядзённым жыцці ён карыстаецца жэставай мовай, а з людзьмі, якія яе не ведаюць, аддае перавагу перапісцы.
За рулём Валянцін ужо шмат гадоў, а ў таксі працуе больш за дзесяць. Кажа, за гэты час яму ні разу не трапляліся пасажыры, якія адмовіліся б ад паездкі праз яго глухату. А вось непаразуменняў было нямала.
— Пасажыр садзіцца ў машыну, пачынае нешта гаварыць, а я не адказваю, таму што не чую яго. Чалавек можа падумаць, што я яго ігнарую або не хачу размаўляць, — расказвае Валянцін.
Каб пазбегнуць непаразуменняў, беларус павесіў на спінку пярэдняга сядзення інфармацыйную таблічку на польскай мове. На ёй напісана, што кіроўца глухі, а любыя пытанні і пажаданні можна перадаць яму праз тэлефон.
Ёсць і незвычайная прапанова: пасажыр можа ўключыць любую музыку або нават расказаць пра свае праблемы. Валянцін жартуе, што ўсё роўна нічога не пачуе, а значыць, не стане асуджаць або смяяцца.
На таблічцы таксама размешчаныя QR-коды праграмы SpreadTheSign, якая дапамагае размаўляць з глухімі людзьмі і людзьмі са слабым слыхам.
Як глухі кіроўца заўважае хуткую дапамогу і паліцыю
Валянцін кажа, што адсутнасць слыху не перашкаджае яму кіраваць аўтамабілем. За гады працы ён прызвычаіўся больш спадзявацца на зрок і ўважліва сачыць за дарожнай сітуацыяй.
— Я лічу, што для глухога чалавека вочы асабліва важныя. Мы больш спадзяёмся на зрок, уважліва сочым за дарогай, люстэркамі, рухам іншых аўтамабіляў і паводзінамі пешаходаў.
Асобнае пытанне — аўтамабілі экстранных службаў. Валянцін не чуе сірэн, таму звяртае ўвагу на візуальныя сігналы, у тым ліку пробліскавыя маячкі.
Размаўляць з польскімі паліцэйскімі яму даводзілася неаднаразова. Падчас праверак Валянцін адразу тлумачыць, што не чуе, часам паказвае гэта жэстамі. Калі супрацоўніку паліцыі неабходна нешта ўдакладніць, кіроўца прапануе напісаць паведамленне.
— Для мяне пісьмовыя зносіны не з'яўляюцца праблемай. Я заўсёды гатовы паказаць усе неабходныя дакументы.
Дапамагаюць і тэхналогіі. Праграмы Uber і Bolt дазваляюць паведаміць пасажыру, што ў кіроўцы парушэнне слыху. Гэта дае магчымасць загадзя выбраць зручны спосаб зносін. Акрамя таго, самі заказы, адрасы і маршруты адлюстроўваюцца на экране тэлефона. Таму для выканання паездак неабавязкова размаўляць з пасажырам.
Дапамог знайсці працу 30 глухім беларусам
Валянцін не толькі сам працуе ў таксі, але і дапамагае іншым глухім людзям асвоіцца ў гэтай сферы. Паводле яго слоў, пры яго ўдзеле ў Варшаве змаглі працаўладкавацца не менш за 30 глухіх беларусаў. Таксама ён дапамагаў глухім украінцам, якія прыехалі ў Польшчу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны.
— Я дапамагаў ім працаўладкавацца, тлумачыў асаблівасці працы, навучаў і дапамагаў адаптавацца да новых умоў.
Валянцін кажа, што добра разумее складанасці, з якімі могуць сутыкнуцца глухія людзі пры пошуку працы. Паводле яго назіранняў, па-за сферай таксі знайсці добрае месца бывае няпроста. Ён перакананы, што працадаўцы павінны ацэньваць найперш прафесійныя здольнасці чалавека, а не слых.
— Парушэнне слыху не азначае, што чалавек не здольны працаваць, самастойна жыць, кіраваць аўтамабілем або займацца бізнэсам. У глухіх людзей ёсць свае спосабы зносін і адаптацыі, і мы можам працаваць па многіх прафесіях нароўні з іншымі.
Польская жэставая мова адрозніваецца ад беларускай
У Польшчы Валянцін размаўляе не толькі з беларусамі, але і з глухімі людзьмі з іншых краін. Аднак нават веданне жэставай мовы не заўсёды дазваляе адразу зразумець суразмоўцу. У Польшчы выкарыстоўваюць польскую жэставую мову PJM. Яна адрозніваецца ад жэставых моў, распаўсюджаных у Беларусі і іншых краінах.
У паўсядзённым жыцці Валянцін аддае перавагу пісьмовым зносінам. Для гэтага звычайна дастаткова тэлефона і крыху цярпення з боку суразмоўцы.
— Глухія беларусы знаёмяцца з полькамі, ствараюць сем'і і жывуць разам. Парушэнне слыху не з'яўляецца перашкодай для кахання, шлюбу і сямейнага жыцця, — перакананы ён.
Валянцін прызнае, што паміж людзьмі з розных краін могуць узнікаць моўныя і культурныя адрозненні. Але ўпэўнены, што пры ўзаемным жаданні іх можна пераадолець.
«Калі б у Польшчы было дрэнна, я б вярнуўся»
За больш чым дзесяць гадоў працы ў таксі Валянцін пазнаёміўся з умовамі працы ў розных краінах, у тым ліку ў Беларусі, Расіі і Польшчы. Ён кажа, што параўноўваць заробкі няпроста. Шмат што залежыць не толькі ад колькасці заказаў, але і ад выдаткаў на аўтамабіль, паліва, рамонт, страхоўку, падаткі і камісіі.
— Кожны кіроўца сам сабе бухгалтар. Важна лічыць не тое, колькі зарабіў за дзень, а колькі ў выніку засталося пасля ўсіх выдаткаў.
Сам Валянцін не называе канкрэтную суму свайго даходу. Тлумачыць, што ў яго некалькі кірункаў дзейнасці, звязаных з таксі і аўтамабілямі, і няма фіксаванага працоўнага графіка. Але на пытанне, дзе яму лепш працаваць і жыць, адказвае адназначна:
— Для мяне асабіста цяпер у выйгрышы Польшча. Было б дрэнна — вярнуўся б.
Але будаваць доўгатэрміновыя планы яму няпроста. Паводле слоў Валянціна, шмат што залежыць ад дакументаў і афармлення дазволу на жыхарства, якое можа займаць шмат часу.
Нягледзячы на складанасці, мужчына хоча працягваць развіваць сваю справу. Галоўная матывацыя для яго — сям'я. У Валянціна дзве дачкі, дзеля якіх ён стараецца працаваць і ствараць новыя магчымасці.
— Для мяне важна, каб у іх была добрая адукацыя, магчымасць займацца спортам, развівацца і выбіраць свой шлях у жыцці. Я шмат працую і стараюся зрабіць усё магчымае, каб у маіх дзяцей было больш перспектыў і ўпэўненасці ў будучыні.
«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек
Каментары