Човен не збіваюць, яго знаходзяць унутры дуба. Майстар на Палессі робіць унікальныя лодкі
Леанід Швец выдзёўбвае лодкі з цэльнага дубу — так, як гэта рабілі продкі цяперашніх палешукоў больш за тысячу гадоў таму. Народны майстар жыве ў вёсцы Перароў Жыткавіцкага раёна. У яго 28 сотак зямлі, куры-нясушкі, невялікі пчальнік і рэдкі цяпер навык — ён умее рабіць прыпяцкія лодкі-даўбёнкі, або, як іх тут называюць, чоўны. Выданне Times.by прыехала паглядзець на «балотны ўсюдыход».

Дзедаў капыл і начоўка з вярбы
У двары ў Леаніда Швеца ўсё па-гаспадарску: працоўныя будынкі ў адну лінію, акуратна складзеныя дровы, на кручках — дрот да дроту. Каля хаты з белай цэглы — самаробныя стол і лаўка. За агароджай з рабіцы — пераараны на зіму агарод.
Каля адной з адрын звяртае на сябе ўвагу чыгунны агрэгат, падобны да вялікай мясарубкі.
«Сячкарня гэта, — ловіць позірк гаспадар і адкрывае накрыўку даваеннага механізма. — Ад дзеда Нічыпара дасталася. Шасцярэнькі, нажы — усё на месцы. Любую траву і сёння здробняць».






Дзед жыў у суседнім Хваенску, быў найлепшым цесляром у акрузе. Інструменты, якімі ён выдзеўб свой човен, да гэтага часу захаваліся.
Леанід паказвае прадмет, падобны да сякеры, і два стругі — з прамым і выгнутым лязом. Усё самаробнае, калісьці выкаванае ў палескай кузні.
«Гэта капыл, — паказвае майстар сякеру ў форме ступні з загнутымі з абодвух бакоў канцамі. — Такім сярэдзіну ствала вычэсваюць. Робяць гэта ўжо пасля таго, калі звычайнай сякерай знялі абалону — першы слой пад карой».

Круглым стругам, паводле слоў Леаніда, выраўноўваюць сценкі чоўна да патрэбнай таўшчыні.
«Зараз пакажу», — кажа ён і знікае за адрынай. Праз пару секундаў вяртаецца з прадметам, падобным да глыбокага падноса.
«Ведаеце, што гэта? — інтрыгуе гаспадар і, не дачакаўшыся адказу, выдае: — Начоўкі. У такіх мая бабуля пампушкі расчыняла. Яшчэ ў іх праць можна і дзяцей купаць».




Фота: Times.by

Гэтыя начоўкі дзед Нічыпар выразаў з вярбы больш як паўстагоддзя таму.
«Мне тады гадоў сем было. Ён іх за дзень зрабіў. Памятаю, кажу дзеду: таксама так хачу, навучы. А ён засмяяўся: «Спачатку дуб ад вяза навучыся адрозніваць — тады не толькі начоўкі, але і човен зробіш». Да гэтага часу памятаю яго словы».
«Ногі самі вядуць да вады»
Леаніду Швяцу 63 гады. У Перароў ён пераехаў з суседняй вёскі ў 1990-м, калі ажаніўся. Да гэтага працаваў кіроўцам на Поўначы, паспеў вывучыцца на бурыльшчыка і адслужыць у арміі.

Вёска Перароў сёння невялікая.
«Чалавек са сто дваццаць засталося. Старыя паміраюць, а маладых мала. Хаця працы хапае і ў нацпарку «Прыпяцкі», і ў буйной гаспадарцы «Агра-Ляскавічы». Было б жаданне», — кажа Леанід.
Апошнія пятнаццаць гадоў Леанід Швец працуе машыністам помпавай станцыі: сочыць за ўзроўнем вады ў меліярацыйных каналах. А ў свабодны час рыбачыць.
«Калі палічыць, колькі дзён на рацэ правёў і дома, то, напэўна, першых будзе ў разы больш. Цяпер ужо менш на рыбу хаджу. Але ногі самі вядуць да вады. Калі не парыбачыць, дык проста пастаяць на беразе, падыхаць перароўскім паветрам».

Літаральна дзень таму Леанід плаваў на другі бераг ракі. Там, у лесе, у яго пчолы. Дабрацца да вулляў хутчэй за ўсё на лодцы.
«Пераплыў раку — і на месцы. А калі б машынай паехаў, то змарнаваў бы тры гадзіны часу. Вельмі шмат аб'язджаць трэба», — тлумачыць паляшук.

Раней у Перарове і навакольных вёсках човен быў у кожнага гаспадара. Яно і зразумела: калі Прыпяць наступала на вёску, ніякая тэхніка прайсці не магла. Паводкі былі такой сілы, што выварочвала векавыя дубы.
У апошнія гады вялікая вада стала ў Перарове нячастым госцем, таму ўбачыць на рацэ драўляную лодку, а тым больш човен — вялікая рэдкасць.
Але не для Леаніда Швяца. Ягоны пачарнелы ад часу рарытэт і збітая з дошак пласкадонка пастаянна прышвартаваныя каля берага.

Урокі майстроў Масло
Сваю першую лодку Леанід Швец збіў з дошак у чатырнаццаць гадоў.
«Нічога незвычайнага. Раней пласкадонкі кожны хлапчук на Палессі ўмеў рабіць. Я ж з сям'і цесляроў, мне сам бог загадаў, — кажа Леанід. — А вось чоўны па старажытнай тэхналогіі выдзёўбвалі адзінкі».
Урокі майстэрства Леанід браў спачатку ў дзеда Нічыпара, а калі пераехаў у Перароў, у суседзяў — цёзкаў па прозвішчы Васіля Фаміча і Віктара Якубавіча Масло. Тыя рабілі чоўны на продаж і ведалі пра іх больш, чым хто-небудзь у акрузе.

Яны і навучылі, што найлепшы для чоўна матэрыял — дуб, але яго трэба ўмець выбраць з вываратаў (дрэва, што ўпала. — Заўв. Times.by). І рэч не толькі ў вышыні і дыяметры ствала. Знешне моцны дуб мог аказацца непрыдатным. Масло паказалі, як гэта праверыць.
«Спачатку трэба адсячы частку кары, потым зняць слой абалоні, а гэта яшчэ 3—4 сантыметры. Калі да працоўнай часткі дойдзеш, адкалі ад яе шчэпку і кінь у ваду. Патоне — дуб для чоўна дрэнны, разварочвайся і ідзі. Паплыве — бярыся за работу», — успамінае ўрокі Масло паляшук.

Працавалі майстры непасрэдна ў лесе. Дзяўблі чоўны ўручную, ніякіх электраінструментаў у іх не было.
«Сваімі вачамі бачыў, як аднойчы дзядзькі Масло раніцай паехалі за раку на адным чоўне, а вечарам прыплылі ўжо на двух. Вось сіла якая ў людзей была. Звычайна вопытнаму майстру тыдзень быў патрэбны на тое, каб паставіць човен на ваду», — праводзіць паралелі Леанід.
Свой першы човен ён зрабіў у 36 гадоў і пераканаўся: праца вельмі цяжкая. Далоні сцёр да крывавых мазалёў. Тады і зразумеў, чаму бацька купіў сабе човен, а не зрабіў па прыкладзе дзеда сам.

Працаваў Леанід у лесе месяц, але працэс так захапіў, што ён вырашыў хоць раз у тры-чатыры гады брацца за капыл. Сёння ён адзіны ва ўсёй Беларусі майстар па прыпяцкіх чоўнах.
Леаніда пастаянна запрашаюць падзяліцца сваімі ведамі на фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Дубы для майстар-класаў на фестывальную пляцоўку прывозіць нацпарк «Прыпяцкі».

«Пра што звычайна пытаюцца? Часцей за ўсё пра памеры «балотнага ўсюдыхода» — так аднойчы хтосьці з гасцей назваў мой човен, — смяецца Леанід. — Даўжыня павінна быць 5,2 метра, шырыня ў пярэдняй частцы — не менш за 85 сантыметраў. Да кармы яна паступова звужаецца».
З такімі габарытамі, кажа майстар, човен атрымліваецца ўстойлівым і ходкім, дасць фору любой іншай драўлянай лодцы. «Пойдзем да ракі, пакажу», — прапануе ён.
«Човен не плыве — ён шамаціць»
Ад двара Леаніда ідуць да лясной затокі. Каля берага старога рэчышча Прыпяці пагойдваюцца на вадзе човен і пласкадонка.
Леанід пералічвае адрозненні без доўгіх роздумаў. У чоўна плюсаў больш, чым у звычайнай лодкі. Ён хутчэйшы, больш манеўраны і лепш праходзіць па зарослых вадаёмах.

«Тую адлегласць, што на лодцы за гадзіну праплывеш, на чоўне — за 35—40 хвілін, — кажа майстар. — А яшчэ добры човен настолькі паслухмяны, што адчувае самы малы рух гаспадара».
Для рыбака гэта вялікая перавага, асабліва калі ловяць на дарожку.
«А ў рыбных затоках і рачных старыках, дзе трава ды хмызняк, човен не плыве — ён шамаціць. Так што так — балотны ўсюдыход, не інакш», — усміхаецца паляшук.

Каб кіраваць чоўнам, дастаткова аднаго вясла. Універсальнага памеру, на думку Леаніда, не бывае.
«Вышыню вясла падбіраю пад рост рыбака, таўшчыню — каб пальцы сыходзіліся і зручна было трымаць. Вясло не павінна падымацца вышэй за калена, а па шырыні — не выходзіць за далонь, — паказвае майстар. — Зробіш больш — спіна пачне балець, і кіраваць стане цяжка».






Леанід выразае вёслы з ясеню. Кажа, ён больш моцны і даўгавечны за сасну і вярбу.
Ёсць у прыпяцкага чоўна яшчэ адна асаблівасць — захоўваць такую лодку лепш у вадзе.
«Човен нават на зіму больш разумна пад ільдом пакінуць, чым на беразе. Сонца ў любую пару года свеціць — ад яго дрэва рассыхаецца. А вільгаць для яго — натуральнае асяроддзе», — тлумачыць майстар.

На першы позірк човен здаецца няўстойлівым: вось-вось і ён перакуліцца. Але не, гэта падманлівае ўражанне. Даўбёнка плыве па воднай гладзі лёгка і хутка.
Дарагое рамяство
Пасля рачной прагулкі Леанід прапануе зайсці ў лес. Дзесяць хвілін блуканняў, і ён знаходзіць тое, што хацеў паказаць.

Абдымае ствол велізарнага дуба, прыкідвае вышыню і робіць выснову — «атрымаецца добры човен».
«У дыяметры крыху больш за метр. Да першых галін метраў шэсць, і сучкоў няма, — нахвальвае дрэва майстар. — І бачыце — характэрны для будучага чоўна выгіб ёсць. Гэта наогул цудоўна».

Але проста прыйсці ў лес і ссячы дрэва сёння нельга. За дазволам трэба звярнуцца ў нацпарк.
«Куб дзелавой драўніны дубу сёння каштуе каля $100. Так што на адзін толькі матэрыял пойдзе больш за $1000», — прыкідвае Леанід.

Попыт на чоўны, кажа майстар, ёсць, але невялікі. Прычына відавочная — дорага.
«Пару гадоў таму мне патэлефанавалі з Віцебскай вобласці. Цікавіліся цаной і маёй гатоўнасцю ўзяцца за заказ, — успамінае паляшук. — Я адразу сказаў: спачатку вырашыце пытанне з матэрыялам і папярэдзіў, што будзе дорага. Мне далі зразумець, што звяртаюцца людзі багатыя і могуць дазволіць сабе такія выдаткі».

Сваю працу Леанід тады ацаніў у адзін сярэдні заробак па краіне. Паабяцаў, што за тыдзень зробіць човен. Але па руках так і не ўдарылі.
«Нешта, відаць, там не зраслося. Атрымліваецца, нават багатыя людзі не могуць сабе сёння дазволіць купіць човен», — робіць выснову майстар.
За сваё жыццё Леанід Швец зрабіў шэсць унікальных лодак. Пару яго работ можна ўбачыць у музеі прыроды ў Ляскавічах, яшчэ пару — у Нацыянальным парку «Прыпяцкі». Дзве засталіся ў майстра: адну ўжо ўбачылі, а другая патрабуе рамонту.

Гэтым летам па дарозе на фестываль у Ляскавічы першы човен Леаніда ўпусцілі. Пры падзенні трэснула дно.
«Вось такая бяда, — уздыхае майстар. — Зараз той човен-небарака ляжыць недалёка ад уезду ў Перароў, каля дарогі».

Леанід спачатку вырашыў не чапаць яго больш, а нядаўна перадумаў — усё ж верне рарытэт дадому. Няхай, кажа, як экспанат у двары стаіць.

У 2022 годзе традыцыю вырабу прыпяцкіх чоўнаў прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.
«Праўда, каму перадаць дзедаў капыл, стругі і ўменне бачыць у дрэве будучы човен, я пакуль не ведаю, — са шкадаваннем заўважае Леанід. — Вучняў побач няма, а адпаведны дуб каштуе дорага. Уся надзея на ўласных унукаў».
З самаробным чоўнам, гусямі і зёлкамі замест лекаў. Як жыве сапраўдны палескі рабінзон
Майстар з Жыткавіцкага раёна робіць чаўны па старадаўняй традыцыі — з суцэльнага дуба і з правільным вяслом
Як выглядае старажытны беларускі човен
Традыцыя вырабу чоўна на Палессі атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці
Цяпер чытаюць
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
Каментары