Украінца Шаройку будуць судзіць за шпіянаж, беларуса — за здраду дзяржаве

20 лістапада КДБ правёў экстранны брыфінг, прысвечаны затрыманню ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, якога падазраюць у шпіянажы.
Нагадаем, што карэспандэнт «Украінскага радыё» ў Беларусі Павел Шаройка знік у Мінску. Яго сям’я і калегі заявілі, што Шаройку затрымалі 25 кастрычніка, але яны не агучвалі гэта спадзяючыся, што дыпламатычныя высілкі па вызваленні дадуць плён. Украінскі консул, якога пусцілі да журналіста, паведамляў, што Шаройка знаходзіцца ў СІЗА КДБ — яго вінавацяць у шпіянажы, ён пад следствам.
І вось, нарэшце затрыманне Паўла Шаройкі пракаментаваў беларускі Камітэт дзяржбяспекі.

«Кадравы супрацоўнік вайсковай разведкі Украіны Павел Шаройка быў затрыманы 25 кастрычніка. Пасада карэспандэнта радыё была прыкрыццём. У Беларусі Шаройка стварыў агентурную сетку з беларускіх грамадзянаў, якія за грошы збіралі інфармацыю з вайскова-палітычнай сферы на карысць Украіны», — паведаміў журналістам Дзмітрый Пабяржын, афіцыйны прадстаўнік КДБ.
На Шаройку завялі справу — яго вінавацяць у шпіянажы, пацвердзіў Пабяржын. Па яго словах, сам Шаройка ўжо прызнаў, што ён кадравы супрацоўнік украінскай разведкі і мае званне палкоўніка. Пры вобшуку ў яго знайшлі копіі данясенняў у цэнтр.
Курыраваў дзейнасць Шаройкі ў Беларусі Ігар Скварцоў — па версіі КДБ, штатны супрацоўнік украінскай разведкі, які пад прыкрыццём працаваў дарадцам украінскага пасольства. Скварцоў ужо аб’яўлены персонай нон-грата.
Акрамя таго быў затрыманы і грамадзянін Беларусі, паведаміў Пабяржын. Беларус шпіёніў на карысць Украіны, ён ужо прызнаў, што «збіраў і перадаваў інфармацыю пра абароназдольнасць Рэспублікі Беларусь». У дачыненні да беларуса завялі справу аб здрадзе дзяржаве, што пагражае зняволеннем ад сямі да 15 гадоў.
Цяпер чытаюць
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары