Грамадства33

«За $3 я магу харчавацца цэлы дзень». Як беларуска жыве ў Інданезіі

Беларуска расказала Радыё Свабода, як жыве ў Інданезіі за $250 у месяц, спажывае стравы за $1 і лічыць досыць вялікім пакой, калі там можна раскласці дыванок для ёгі. А таксама — чаму інданезійцы не ходзяць да медыкаў, увесь час усміхаюцца і лічаць прыстойным пазніцца на тры гадзіны.

З Дрыбіна ў Джок’якарту

Беларусцы Аліне* (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) 28 гадоў, і яна другі год зь перапынкам жыве ў Інданэзіі на востраве Ява.

Аліна расказвае пра ўсё зь нехарактэрнай для беларусаў шырокай усьмешкай. Ейную ўсьмешку заўважаюць і тады, калі яна прыяжджае ў Эўропу. Такому ўдзячнаму і радаснаму стаўленьню да жыцьця яна навучылася ў інданэзійцаў.

Дзяўчына вырасла ў маленькім Дрыбіне Магілёўскай вобласьці. Мястэчка адметнае сваімі майстрамі-шапаваламі і іхняй сакрэтнай мовай «катрушніцкі лемязень».

Пасьля школы Аліна паехала ў Варшаву. Вывучала ўсходазнаўства. Потым паступіла ў Эканамічную школу, але вырашыла не здаваць апошнія экзамэны і падалася на студэнцкую праграму ў Інданэзію.

У 2019 годзе яна трапіла ў сталіцу — Джакарту. Потым падчас пандэміі каранавірусу вярнулася ў Варшаву. А на пачатку 2022 году зноў паехала ў Інданэзію, у іншы буйны горад Джок’якарту, ужо на магістарскую праграму. Першы раз дзяўчына выбрала азіяцкую краіну зь цікавасьці, а другі раз — ужо асэнсавана вярталася ў «свой другі дом».

«Для многіх людзей Інданэзія — гэта толькі Балі»

«Для многіх людзей Інданэзія — гэта толькі Балі, больш яны нічога ня ведаюць. А некаторыя ня ведаюць і таго, што Балі — гэта Інданэзія. Але ж на кожным востраве Інданэзіі свае звычаі, рытуалы, мовы», — расказвае суразмоўца.

Інданэзія месьціцца на 17 тысячах астравоў, зь іх 5 асноўных. Гэта былая калёнія Нідэрляндаў і мусульманская краіна № 1, тут 88% людзей вызнаюць іслам.

Усяго ў краіне 270 мільёнаў чалавек. Аліна жыве на востраве Ява, у палітычным і гістарычным цэнтры краіны. Тут пражывае больш за палову ўсіх інданэзійцаў. У ейным горадзе, Джок’якарце — 400 тысяч насельніцтва.

Тры гады таму Аліна жыла ў Джакарце са студэнтамі з розных краін у чатырохпакаёвай кватэры на 25-м паверсе зь відам на трушчобы, унізе месьціліся некалькі мячэтаў. Па начах дзяўчына не магла спаць, бо адусюль даносіліся гукі азанаў — мусульман заклікалі да малітвы. Цяпер гэтыя гукі ёй, наадварот, прыносяць спакой і адчуваньне стабільнасьці.

У Джакарце яна хадзіла пешшу па 2—3 кілямэтры да ўнівэрсытэту ўздоўж сьмярдзючай рэчкі.

«Было шалёна горача. Мне не пасавала ні ежа, ні клімат. Я хварэла першы месяц, у тым ліку са страўнікам», — успамінае дзяўчына.

Спачатку яна нават не магла самастойна перайсьці праз дарогу — трафік шалёны, асабліва мапэды.

«Потым я вывучыла правіла магічнай рукі», — Аліна дэманструе, як трэба выцягнуць рукі і хутка паказваць адкрытыя далоні па ўсіх баках, адкуль едзе транспарт.

Шмат інданэзійцаў жывуць за $100 у месяц

Цяпер дзяўчына жыве на $250 у месяц. Яна атрымлівае $200 стыпэндыі. Яшчэ $50 бярэ з ашчаджэньняў, або дае ўрокі ангельскай мовы, або выступае ва ўнівэрсытэце з аповедам пра Беларусь ці пра свой досьвед пераезду. За адну такую лекцыю можна атрымаць $50. За ўрокі ангельскай мовы іншаземцам плацяць $7—30.

Раней Аліна, каб падзарабіць, гатавала і прадавала свае стравы праз сэрвісы дастаўкі ежы. Ніякіх дазволаў, прыкладам, ад санстанцыі на гэта ня трэба. Проста прыяжджае кур’ер, забірае ежу і потым прадае ахвотным.

Шмат інданэзійцаў жывуць на $100 у месяц: наймаюць пакой разам з кімсьці і харчуюцца «індомі» — танная макарона накшталт «ролтану».

У Інданэзіі ёсьць непрывычныя прафэсіі: тукан-паркір — чалавек, які дапамагае кіроўцу выехаць з паркоўкі, або чалавек, які з уласнай ініцыятывы становіцца на скрыжаваньні і рэгулюе рух. Ім прынята даваць грошы, нават калі кіроўца не патрабуе іхных паслуг. Яшчэ адна прафэсія — тукан-паю: чалавек, які ў дождж носіць і прадае парасоны і дажджавікі.

Пакой у гасьцявым доміку каштуе $50, месца на віле — $100

Жытло для іншаземцаў у Інданэзіі магчымае ў двух варыянтах. Першы — наняць вялікі дом, вілу на некалькі чалавек. За яго плацяць на год наперад. У месяц выходзіць каля $100 (1,5 мільёна рупій).

Другі варыянт — хос: гэта пакой у гасьцявым доміку побач з домам, дзе жыве сям’я ў сваім жытле. Нешта падобнае да інтэрнату або хостэла. Пакой у ім каштуе $50—100.

Раней беларуска жыла ў вялікім пакоі з кандыцыянэрам і тэлевізарам за $100. Потым пераехала бліжэй да вулькана Мэрапі, дзе іншы клімат і не патрэбны кандыцыянэр, хапае вэнтылятара. Плаціць цяпер $50.

«Гэта маленькі пакой, ня ведаю, на колькі квадратаў, але тут можна раскласьці дыванок для ёгі. Ёсьць кухня, дзе можна нешта згатаваць. У мяне ёсьць вакно, гэта вельмі важна, бо шмат дзе няма вокнаў. Ёсьць душ і туалет — эўрапейскі, а не інданэзійскі. Інданэзійскі — гэта як у дзяцінстве ў нас на вакзалах быў, зь дзіркай у падлозе. Ёсьць ложак, хоць шмат дзе тут ложкаў няма, людзі сьпяць на матрацах», — расказвае пра цяперашняе жытло дзяўчына.

Часта ў Інданэзіі сьцены фарбуюць у жоўты або зялёны колер. У Аліны — белыя сьцены, ёй так больш прыемна.

Да ўнівэрсытэту дзяўчына дабіраецца паўгадзіны на байку, на якім навучылася езьдзіць ужо ў Азіі. Калі тут трымацца прывычных правіл дарожнага руху, то будзе аварыя. Трэба быць вельмі гнуткім на дарозе, тлумачыць дзяўчына.

«За $3 я магу харчавацца цэлы дзень»

У Інданэзіі распаўсюджаная вулічная ежа і дастаўка ежы, нават калі чалавек жыве за 500 мэтраў ад кавярні. Мала хто гатуе дома. У вулічных латках харчуюцца людзі рознага статусу і прыбытку. Большасьць страў ядуць рукамі. Тры разы на дзень спажываюць рыс.

«Калі ты ня зьеў рыс — ты не паеў зусім», — прыгадвае мясцовую прыказку беларуска.

Аліна набывае вялікую порцыю ежы на Яве за $1. Гэта, прыкладам, рыс з касавай — нешта накшталт батату. Любіць тэмпэ і тофу — прадукты з соі.

Малочных прадуктаў інданэзійцы ўжываюць мала, бо яны дарагія, як і многія прывычныя для Беларусі прадукты. Прыкладам, масла каштуе $3 за пачак (50 тысяч рупій). На Яве распаўсюджаныя какосавыя вяршкі. Кіляграм кітайскіх яблык таксама абыдзецца ў $3.

«А за 50 тысяч рупій я магу харчавацца цэлы дзень», — тлумачыць Аліна, чаму яна рэдка дазваляе сабе масла або яблыкі.

На Яве дадаюць шмат цукру ва ўсе стравы: і ў мяса, і ў гарбату. На іншым востраве, Суматры, усе стравы ўжо не салодкія, а зь вялікай колькасьцю спэцый. Дарэчы, спэцыі на інданэзійскім рынку сустракаюцца ў выглядзе цэлых расьлін, а не парашку.

«Калі я скажу пару словаў на лякальнай мове, то іхнія твары зьмяняюцца»

У Інданэзіі мала хто ведае ангельскую мову. Спачатку беларуска не магла нават замовіць ежу, патлумачыць, што патрабуе стравы бязь мяса.

«Калі я вярнулася ў Варшаву, быў локдаўн, шэра, дэпрэсіўна. Адзінае, што мне прыносіла радасьць — гэта вывучэньне інданэзійскай мовы. Я калі кажу інданэзійскія словы, то ўсьміхаюся», — тлумачыць дзяўчына.

Цяпер Аліна досыць добра вывучыла інданэзійскую мову. Гэта дзяржаўная мова, на ёй размаўляюць на вуліцах і ва ўстановах. Але дома людзі гавораць на сваіх лякальных мовах.

«Калі я скажу пару словаў на лякальнай мове, то іхнія твары зьмяняюцца, яны гатовыя даць любыя зьніжкі, падобна як у Менску, калі хтосьці гаворыць па-беларуску», — усьміхаецца Аліна.

«Калі прадзьмула на байку, робяць масаж манэтай»

Інданэзійцы рэдка ходзяць да дактароў, бо гэта дорага. Яны зьвяртаюцца да народнай мэдыцыны: зёлак, каранёў. Ёсьць традыцыйныя лекі з куркумы і імбіру, якія можна набыць у звычайным супэрмаркеце.

«Тут няма чэк-апаў. Мае заможныя сябры, якія жывуць у Інданэзіі, каб зрабіць чэк-ап, едуць у Малайзію, бо там гэта таньней і больш прынята», — кажа Аліна.

Тут распаўсюджаны масаж. Усе ведаюць зь дзяцінства, дзе націснуць, каб стала лягчэй. Нядаўна мы хадзілі на хайкінг, хлопцу забалела нага, другі яму нешта націснуў, і нага перастала балець. Калі прадзьмула на байку, інданэзійцы робяць койн-масаж — бяруць манэту і расьціраюць цела да чырвані.

«Аднойчы я суправаджала ў шпіталь свайго сябра-інданэзійца з высокай тэмпэратурай, які меў страхоўку. Спачатку яму сказалі, што ў яго гастрыт, зрабілі іньекцыю і адправілі дадому. Яму лепш ня стала, у яго ўзялі кроў і сказалі, што яго ўкусіла дэнге (камарыха), выпісалі лекі на $100 і адправілі дадому. Калі мы прыехалі трэці раз, яму ўрэшце зрабілі тэст і выявілі, што гэта ковід. І гэта адзін з найлепшых шпіталёў у горадзе. Гэта адна з прычын, чаму тут ня ходзяць да дактароў, — дорага і малаякасна», — расказвае дзяўчына.

У Аліны ёсьць мэдычная страхоўка ад унівэрсытэту.

«Але калі я прыходжу да доктара, яму цікавей распытаць пра мой жыцьцёвы досьвед і зрабіць сэлфі напрыканцы, а не дапамагчы мне як мэдыку», — сьмяецца дзяўчына.

Тут не сьпяшаюцца, не крычаць і не прывыклі заставацца ў адзіноце

Стыль жыцьця ў Інданэзіі моцна адрозьніваецца ад эўрапейскага. Эўрапейцы — індывідуалісты, азіяты — калектывісты. Інданэзійцы заўжды нешта робяць разам. Дзеці вельмі доўга жывуць разам з бацькамі. У адным пакоі могуць спаць некалькі пакаленьняў адной сям’і і яшчэ іхныя сябры, тлумачыць суразмоўца.

Тут на белую дзяўчыну зьвяртаюць празьмерную ўвагу. Запыняюць на вуліцы і задаюць шмат пытаньняў. Фатаграфуюць. Падыходзяць у кавярні, каб скласьці ёй кампанію, каб не сумавала адна.

У Інданэзіі іншае стаўленьне да часу. Тут ёсьць словы «бэсак» і «камарын». «Бэсак» — гэта і ўчора, і тыдзень таму, і тысячу год таму. «Камарын» — гэта і заўтра, і празь месяц, і праз тысячу гадоў. Таму тут не сьпяшаюцца, лічыцца нармальным спазьніцца на тры гадзіны: «Лепш прыйсьці, чым не прыйсьці ўвогуле».

Тут складана нешта плянаваць, бо абставіны ўвесь час зьмяняюцца. Прыкладам, ва ўнівэрсытэце могуць нечакана зьмяніць расклад на бліжэйшыя дні і замест доўгіх выходных паставіць заняткі.

Тут не прынята крычаць. Ніхто не сыгналіць на дарозе тым, хто паводзіць сябе неяк ня так.

У Інданэзіі Аліна ад мясцовых жыхароў навучылася ўсьміхацца і быць удзячнай усім падзеям, і сумным, і радасным. Яны канцэнтруюцца на добрым, тут ня прынята доўгі час тужыць.

«У нейкі момант я зразумела, што гэта маё месца, нягледзячы на ўсе перашкоды. Мне тут вельмі добра. Бывае, трапляеш у нейкае месца і адчуваеш, што гэта тваё. У Польшчы я такога не адчувала, там мне нечага не хапала», — прызнаецца беларуска.

Аліна ня ведае, ці застанецца жыць у Інданэзіі. Але запэўнівае, што гэтая краіна заўжды будзе для яе вельмі блізкай. І нават калі яна вернецца ў Эўропу, то хоча займацца Інданэзіяй. Пакуль яшчэ два гады яна будзе вучыцца на Яве.

Каментары3

  • Чэкапціякяготам
    22.10.2022
    "тут няма чэк-апаў" - чаго, чаго няма? Можа і мне трэба зрабіць гэны самы, чэк? Куды звяртацца? Бо да Малайзіі далёка!
  • Чэк-ап
    22.10.2022
    Чэкапціякяготам, Усмешке навучыцца лёгка, а вось пазбавіцца пантоў ...
  • Пінгвін
    22.10.2022
    Ай, ну нафик такое жыцьцё. Бываў я ў Інданезіі, і ў Джакарце той, і ў Батаме, і ў іншых "джунглях". Ну, але ў кожнага сваё ўспрыманьне... Каму там добра, няхай будзе добра.

Цяпер чытаюць

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых

Усе навіны →
Усе навіны

З раніцы нешта гарэла на Камароўскім рынку2

28-гадовага хлопца з Пінска асудзілі за ўдзел у «масавых беспарадках». Што за ён?1

Прадстаўнік Трампа абвергнуў публікацыю The Times пра падзел Украіны на манер пасляваеннага Берліна4

Чаму Вялікдзень у католікаў і праваслаўных найчасцей не супадае і часта складае месяц?6

Загадка арыентацыі старажытных храмаў. Чаму цэрквы павернуты не туды10

У інтэрнэце перапрадаюць білеты на матчы хакейнага «Дынама» ў плэй-оф КХЛ. У разы даражэй2

Расіі пагражаюць новыя санкцыі, калі не будзе пагаднення аб перамір'і да канца красавіка2

У пачатку вайны кавэзэшніцу Марыну Грыцук вывозілі з-пад Кіева на танку. Цяпер яна вядзе мерапрыемствы ў Расіі19

Прадстаўнік Трампа: Украіну можна падзяліць, як пасляваенны Берлін у межах мірнага пагаднення10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых

Раніцай Вербнай нядзелі расіяне ўдарылі дзвюма балістычнымі ракетамі па цэнтры Сум. Дзясяткі загінулых

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць