Здароўе

Бальнічныя хутка будуць лічыць па-новаму. Каму заплацяць больш?

Беларусаў з 1 студзеня 2024 года чакаюць вялікія змены па бальнічных: вырастуць мінімальныя выплаты, увядуць дыферэнцыяцыю ў залежнасці ад стажу, разавыя выплаты таксама будуць улічвацца. Наймальнікі і Фонд сацабароны рыхтуюцца да гэтага амаль год. Кожны месяц бальнічныя атрымліваюць прыкладна 380 тысяч беларусаў, таму змены паўплываюць на многіх работнікаў. Onliner расказвае, што новага нас чакае.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Jose Colon Anadolu Agency via Getty Images

Замест 6 месяцаў будуць улічваць 18

Новыя правілы змяшчаюцца ў пастанове ўрада ад 30 снежня 2022 года №945.

Цяпер пры разліку бальнічнага ўлічваюцца выплаты за апошнія паўгода перад месяцам, у якім работнік захварэў.

З наступнага года разліковы перыяд прыкметна вырасце — ён будзе складаць 18 месяцаў перад кварталам, у якім работнік пайшоў на бальнічны. У разліковы перыяд не будуць уключаць час, калі ў работніка быў прастой або водпуск за свой кошт па ініцыятыве наймальніка, калі супрацоўнік быў на бальнічным або атрымліваў іншыя сацыяльныя выплаты.

У Мінпрацы тлумачылі гэта тым, што зараз атрымаецца пазбегнуць выпадкаў, калі сярэднядзённы заробак штучна завышаўся. 

Вырасце мінімальная выплата

Адна з галоўных навін закране тых, хто можа прэтэндаваць толькі на мінімальную выплату па бальнічным.

Цяпер супрацоўнікі, якія прапрацавалі менш за 6 месяцаў з выплатай узносаў у ФСАН, атрымліваюць 50% бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (183,9 рубля). 

З наступнага года мінімальны бальнічны прывяжуць да мінімальнай зарплаты па краіне. Ніжэй за мінімалку пры працы на поўную стаўку плаціць не могуць. Гэты паказчык устанаўліваецца ўрадам з 1 студзеня кожнага года, потым на працягу года суму могуць праіндэксаваць з улікам росту цэн.

Мінімальны заробак у краіне зараз складае 554 рублі. З 1 студзеня 2024 года ва ўрадзе абяцалі павысіць яго да 626 рублёў. 

Павялічыцца сярэднядзённы заробак

Пры разліку бальнічнага будуць улічваць разавыя выплаты. Напрыклад, калі вам далі матдапамогу або грошы на аздараўленне (нават калі гэта быў ваш былы працадаўца; галоўнае, каб выплаты былі ў разліковым перыядзе — за папярэднія 18 месяцаў).

З 1 студзеня гэтыя сумы дапамогуць павялічыць сярэднядзённы заробак, а значыць, і суму бальнічнага.

Разлікамі зараз будуць займацца тэрытарыяльныя органы ФСАН, а не наймальнік. 

Работнікам са стажам заплацяць больш

Добрая навіна для тых, хто працуе 10 гадоў і больш. Ім з першага дня хваробы будуць налічваць 100 працэнтаў сярэднядзённага заробку. 

Цяпер стаж работніка ніяк не ўлічваецца і ні на што не ўплывае ў плане бальнічных, умовы ва ўсіх аднолькавыя. Першыя 12 дзён даводзіцца хварэць з 80% сярэднядзённага заробку, і толькі потым пачынаюць вяртаць 100%.

А тым, хто захварэў, але працуе менш за 10 гадоў, давядзецца разлічваць толькі на 80% заробку. Няважна, колькі дзён такі работнік будзе на бальнічным, выплаты будуць разлічвацца нязменна. 

Нічога не зменіцца для тых, хто з першага дня мае права на дапамогу ў памеры 100% сярэднядзённага заробку (дапамога па доглядзе за дзіцем, па цяжарнасці і родах і г. д.). Для донараў і чарнобыльцаў таксама нічога не мяняецца. У некаторых выпадках (напрыклад, пры парушэнні бальнічнага рэжыму) могуць прызначыць толькі 50% ад дапамогі — гэтае правіла захоўваецца. 

Шмат у каго будзе адзін бальнічны

Па новых правілах, дапамога па часовай непрацаздольнасці будзе прызначацца па асноўным месцы працы. Але ў разліках будуць улічваць заробак ва ўсіх наймальнікаў. Гэтыя даныя наймальнік атрымае ад ФСАН. 

Цяпер кожны наймальнік выплочвае дапамогу асобна. 

Але для некаторых падпрацовак нічога не зменіцца. Калі на асноўнай працы вы заключылі працоўны дагавор, а ў іншых месцах падзарабляеце па дагаворах падраду, то дапамога будзе прызначацца асобна. 

Што, калі на адну працу прыйсці, а на іншую не

Тады работнік увогуле пазбавіцца выплат. Калі на адным месцы вы прынеслі лісток непрацаздольнасці, а на другім працягвалі працаваць, то бальнічны не аплацяць. Гэтае правіла не будзе распаўсюджвацца на бальнічны, які выдадзены ў сувязі з цяжарнасцю і родамі. 

Пакуль што дапамога выплочваецца, нават калі на другую працу вы працягвалі спраўна хадзіць.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я першамайскае быдла і ліміта, базару нуль. Але блізкі да цэнтра прыняцця рашэнняў». Што Тур піша пад псеўданімам у «экстрэмісцкім» чаце25

«Я першамайскае быдла і ліміта, базару нуль. Але блізкі да цэнтра прыняцця рашэнняў». Што Тур піша пад псеўданімам у «экстрэмісцкім» чаце

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка расказаў, як асабіста адраджаў ансамбль «Песняры»10

Журналіста Алега Супрунюка прыгаварылі да трох гадоў калоніі

Дудзінскі выдае свой першы раман з інтрыгоўным сюжэтам16

На адзіным уроку 1 верасня школьнікі будуць слухаць цытаты Лукашэнкі і пісаць ліст піянерам 2075 года13

Стала вядома, за што цэлую сям'ю мінскага бізнэсмена прыгаварылі да 5 гадоў калоніі7

Амаль 40% расіян лічаць сябе «цалкам асаблівым народам»11

«Узровень правоў, свабод і ўмоў працы — горш, чым у школьнага настаўніка». Як справы ў выкладчыкаў-практыкаў у БДУІР і тэхнічных ВНУ ў 2025 годзе3

Маці расіяніна, які загінуў на вайне з Украінай, памерла на яго магіле8

«Мне нават цяжка вымаўляць, што там рускія, беларусы». Лукашэнка зноў заявіў пра «адзін народ»21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я першамайскае быдла і ліміта, базару нуль. Але блізкі да цэнтра прыняцця рашэнняў». Што Тур піша пад псеўданімам у «экстрэмісцкім» чаце25

«Я першамайскае быдла і ліміта, базару нуль. Але блізкі да цэнтра прыняцця рашэнняў». Што Тур піша пад псеўданімам у «экстрэмісцкім» чаце

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць