Севярынец робіць поўную перазагрузку БХД: з празрыстымі выбарамі і прымірэннем. Хто будзе ўдзельнічаць, а хто не?
Ужо 24 кастрычніка ў Беластоку адбудзецца з’езд Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, прымеркаваны да 100‑годдзя партыі. На ім, сярод іншага, пройдуць выбары новага старшыні хрысціянскіх дэмакратаў.
«Гэта будуць сапраўдныя дэмакратычныя выбары, дзея, ад якой беларусы адвыклі. З таемным галасаваннем, празрыстай скрыняй, — паабяцаў сустаршыня партыі Павел Севярынец. — На пасаду старшыні і намеснікаў можна будзе прапанаваць любога чалавека».

Палітык таксама прыме ўдзел у выбарах на агульных падставах. Агульнай жа задачай з'езда палітык бачыць аднаўленне БХД як масавай палітычнай сілы. І падкрэслівае: нягледзячы на тое, што людзі вымушаныя працаваць у эміграцыі, яны бачаць сваёй мэтай не толькі працу дзеля дыяспар, але і на падрыхтоўку вяртання беларусаў на радзіму.
Апошнія гады БХД існавала ў стане падзеленасці і канфліктаў — адну частку коўдры на сябе цягнуў Георгій Дзмітрук, другую — Віталь Рымашэўскі. Адбіліся на агульным іміджы і скандалы з выяўленнем сярод шэрагаў партыйцаў агентаў КДБ.
«Калі я выйшаў з турмы, то пабачыў, што Хрысціянская Дэмакратыя падзеленая, прапанаваў яднацца. Спачатку гэта было ўспрынята ў штыкі, ніхто не хацеў нават сядаць за адзін стол. Але, дзякуй Богу, удалося правесці шэраг сустрэч, дзе ўсё ж папярэднія дамовы былі дасягнутыя. Мы стварылі аргкамітэт, праводзілі штотыдзень сустрэчы і нарады і ўрэшце прыйшлі да таго, што дамовіліся большасцю», — пракаментаваў Павел Севярынец.

Ужо вядома, што на з’ездзе, прынамсі, чакаецца прысутнасць партыйцаў Георгія Дзмітрука, Анатоля Міхнаўца, Валерыя Мацкевіча, Таісіі Кабанчук, Сяргея Верамеенкі і іншых.
Прысутнасць Віталя Рымашэўскага і далейшая яго роля ў шэрагах БХД пакуль застаецца інтрыгай.
Агулам на мерапрыемства прыедзе больш за 100 дэлегатаў, беларускіх палітыкаў розных плыняў — прадстаўнікоў АГП, БНФ, Руху за свабоду, «Вольная Беларусь» і іншых.
Геаграфічна юбілейны з’езд пройдзе ў Беластоку. Ён прымеркаваны да 100‑годдзя гістарычнай БХД: менавіта 24 кастрычніка 1926 года ў Вільні адбыўся з'езд беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, на якім Беларуская хрысціянская злучнасць, што існавала з 1917 года, была перафарматаваная ў Беларускую хрысціянскую дэмакратыю.
Каментары
[Зрэдагавана]
Не трэба збіваць чарговыя партыі, кабінеты ў выгнанні, выклянчваць гранды і ганьбіцца, гэтага ўжо ёсць спаўна ў беларускай эміграцыі.