Грамадства22

«Ператварылі рэчы і фота ў попел і развеялі над морам». Сям’я беларускі, якая знікла ў Непале, развіталася з ёй

Сувязь з 41‑гадовай гарадзенкай Кацярынай Саковіч абарвалася 26 жніўня падчас катастрафічнага селю на непальска-кітайскай мяжы. Яе блізкія пасля спынення пошукава-выратавальных работ правялі сімвалічную цырымонію пахавання.

Кацярына Саковіч. Фота з яе фэйсбука

Улады Непала афіцыйна спынілі пошукава-выратавальную аперацыю яшчэ 6 кастрычніка. З кітайскага боку ніякіх новых даных пра лёс турыстаў і стан разбуранага памежнага перахода таксама не з’явілася.

Не дачакаўшыся вестак пра Кацярыну, сям’я вырашыла правесці сімвалічнае развітанне. Блізкія спалілі на вогнішчы яе рэчы і фатаграфіі, зачыталі словы развітання ад сяброў, а попел развеялі над морам.

«Я люблю цябе, сястрычка. Пабачымся ў наступным жыцці», — напісала Дарына, а пазней дадала яшчэ адзін допіс, звернуты да Кацярыны: «У цябе, Кацюша, дзівосныя сябры, калегі на працы і ўсе-ўсе твае знаёмыя і блізкія. Яны ўсе цябе любяць, смуткуюць і жадаюць нам сіл. У цябе было ўсё, пра што можна было толькі марыць».

Кацярына і Дарына. Фота: KaterinaSakovich / Telegram

Кацярыне Саковіч быў 41 год. Яна з Гродна. У 2008 годзе скончыла юрыдычны факультэт мясцовага філіяла БІП — Інстытута правазнаўства.

Апошнія 16 гадоў жанчына жыла ў італьянскім Мілане, а нядаўна атрымала таксама грамадзянства Ізраіля. Кацярына захаплялася духоўным развіццём, медытацыямі і цялеснымі практыкамі — дыплом спецыяліста ў гэтым кірунку яна атрымала ў Індыі. Сваім досведам беларуска дзялілася з іншымі жанчынамі і ладзіла рэтрыты, у тым ліку напрыканцы ліпеня гэтага года на італьянскім возеры Кома.

Афіша рэтрыту. Фота са старонкі Кацярыны ў фэйсбуку

Нягледзячы на доўгае жыццё за мяжой, Кацярына сачыла за падзеямі на радзіме і балюча ўспрымала сітуацыю ў краіне. У 2022—2024 гадах у беларускіх пратэставых тэлеграм-чатах яна рэзка выказвалася супраць рэжыму Лукашэнкі, пісала, што законы ў Беларусі больш не працуюць, заклікала да трыбунала над уладамі.

У жніўні 2026 года беларуска выправілася ў паломніцтва вакол святой гары Кайлас у Тыбеце, дзе планавала прайсці пешшу 52 кіламетры на вышыні да 5600 метраў.

Перад вылетам з аэрапорта Бергама 19 жніўня яна пакінула ў фэйсбуку пранікнёны допіс: «Людзі кажуць, што насамрэч ты не «ідзеш» да Кайласа, цябе туды клічуць… Мне проста цікава, што адбываецца, калі ты забіраеш сябе вельмі далёка ад усяго знаёмага — і фізічна, і ўнутрана. Магчыма, нічога не здараецца. Магчыма, нешта і адбываецца. Кайлас, я іду».

21 жніўня група з васьмі турыстаў на чале з украінскім ёгам Аляксандрам Белым (якая ўваходзіла ў больш буйную групу паломнікаў з 55 чалавек ад непальскага тураператара Leaf Holidays) выйшла са сталіцы Непала Катманду ў бок кітайскай мяжы.

Ранкам 26 жніўня ў 6:30 паводле мясцовага часу Кацярына даслала ў сямейны чат апошняе відэа — паведаміла, што выязджае з прыгранічнага пасёлка Цімурэ на памежны пункт Расувагадхі. Прыкладна ў 8:30, калі паломнікі стаялі ў чарзе на пераходзе, пасля землятрусу сышоў гіганцкі селевы паток, а рака Бхотэ-Кошы выйшла з берагоў, цалкам знішчыўшы мост і памежны комплекс.

Наступствы селю ў Непале. Фота: Safal Prakash Shrestha / Anadolu via Getty Images

Катастрофа забрала жыцці больш чым тысячы чалавек, больш за чатыры тысячы зніклі без вестак. Сястра Кацярыны Дарына здавала тэст ДНК, каардынавала пошукі праз дыпламатаў некалькіх краін і асабіста лётала ў Катманду, каб шукаць сястру па мясцовых бальніцах, аднак ні Кацярыну, ні іншых удзельнікаў яе групы знайсці так і не ўдалося.

Цяпер Дарына крытыкуе тых, хто арганізуе такія небяспечныя туры. «Усе вашы рэтрыты — бізнэс. Яны робяць грошы на «духоўнасці», — піша яна.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Lama
    20.10.2026
    Да , делают деньги, но какое отношение это имеет к катастрофе?
  • Ola bondarava
    20.10.2026
    Сестра тоже бизнес на ретритах делала, получается?

Цяпер чытаюць

Трамп: Расія паводзіла сябе цалкам нармальна ў дачыненні да Украіны48

Трамп: Расія паводзіла сябе цалкам нармальна ў дачыненні да Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Дрон, які заляцеў з Польшчы ў Літву і выбухнуў там, быў украінскім3

ЗША зноў не папярэдзілі ўкраінцаў пра расійскія ўдары балістыкай4

У Мінскім моры злавілі гіганцкага сома ФОТА5

32‑гадовы беларус з-пад Гомеля першы раз у жыцці атрымае пашпарт толькі цяпер

Ва Украіне параненага байца ўпершыню эвакуявалі з перадавой паветраным дронам ВІДЭА2

Дзяржбяспека Літвы: «Наш дом» Карач штучна стварае ўмовы, каб беларусы, што не адпавядаюць крытэрыям міжнароднай абароны, атрымлівалі ВНЖ у Літве47

У Францыі ў сувязі з пагромамі ў некаторых раёнах увядуць каменданцкую гадзіну2

«Грузія так і не стала домам». Айцішнік не змог прызвычаіцца да краіны, хоць падатак складае 1%, — цяпер абірае паміж Іспаніяй і ЗША8

Беларускі стэндап-комік Максім Канавал расказаў, як гуляе ў хакей у Польшчы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: Расія паводзіла сябе цалкам нармальна ў дачыненні да Украіны48

Трамп: Расія паводзіла сябе цалкам нармальна ў дачыненні да Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць