Дарослыя ўсё часцей купляюць цацкі для сябе, а дзяцей нараджаюць усё менш. Што адбываецца?
Канструктары Lego, калекцыйныя лялькі і карткі з пакемонамі ўсё часцей купляюць для сябе дарослыя. У ЗША на хатнія гаспадаркі без дзяцей ужо прыпадае больш за палову продажаў цацак. І ўсё гэта адбываецца на фоне падзення нараджальнасці ва ўсім свеце. Чаму дарослых так цягне да дзіцячых забаў, разбіралася брытанскае выданне The Independent.

Нараджальнасць падае ва ўсім свеце. Паводле даных ААН, у 2024 годзе на адну жанчыну ў сярэднім прыпадала 2,2 дзіцяці, тады як у 1960‑я гады — каля пяці. Больш як у палове краін нараджальнасць ужо апусцілася ніжэй за ўзровень, неабходны для простага ўзнаўлення насельніцтва. Не выключэнне і Беларусь. Паводле інфармацыі беларускіх навукоўцаў, сумарны каэфіцыент нараджальнасці па краіне ў 2024 годзе склаў 1,1, а ў Мінску — усяго 0,6.
У той час як дзяцей нараджаецца ўсё менш, у індустрыі цацак назіраецца нечаканая тэндэнцыя: усё большую ролю на гэтым рынку адыгрываюць дарослыя пакупнікі.
Паводле звестак даследчай кампаніі Circana, у першай палове 2026 года на амерыканскія хатнія гаспадаркі без дзяцей прыпала 55% продажаў цацак у грашовым выражэнні. За год продажы гэтай катэгорыі пакупнікоў выраслі на 16%. Гэта дапамагло амерыканскай індустрыі цацак паказаць найлепшыя вынікі за першае паўгоддзе за апошнія шэсць гадоў.
Захапленне цацкамі сярод дарослых існавала заўсёды, аднак раней яно лічылася хутчэй нішавым хобі. Цяпер жа ператварылася ў масавую з'яву, якая атрымала назву kidult — ад англійскіх слоў kid (дзіця) і adult (дарослы). Так называюць дарослых, якія захапляюцца дзіцячымі цацкамі і забавамі.
Адным з прыкладаў стаў поспех Lego. Цікавасць дарослых да гэтых канструктараў стала настолькі вялікай, што дацкі вытворца пачаў спецыяльна выпускаць і рэкламаваць наборы для гэтай аўдыторыі. У дарослых прыхільнікаў Lego нават ёсць уласная назва — AFOL (Adult Fans of Lego).
Падобная гісторыя адбылася з калекцыйнымі карткамі Pokémon. Рэчы, якімі захапляліся дзеці ў 1990-я, цяпер сталі прадметам калекцыянавання і дарагіх інвестыцый. У 2026 годзе адну з рэдкіх картак прадалі за рэкордныя $16,5 мільёна.
Аднак захапленне дарослых не абмяжоўваецца цацкамі. Вялікія супольнасці прыхільнікаў ёсць і ў Disney, і ў «Гары Потэра». Яны наведваюць тэматычныя паркі без дзяцей, пераапранаюцца ў любімых персанажаў, купляюць касцюмы, сувеніры і іншыя калекцыйныя рэчы. Для такіх фанатаў у англійскай мове нават з'явіліся асобныя назвы — Disney adults і Harry Potter adults. Праўда, гэтыя выразы нярэдка ўжываюцца з іроніяй, намякаючы, што людзі так і не пасталелі.
У 2025 годзе сапраўдны ажыятаж выклікалі лялькі Labubu — невялікія пухнатыя фігуркі з вялікімі вачыма і вострымі зубамі. Калекцыянеры стаялі ў чэргах, а асобныя мадэлі перапрадаваліся ў некалькі разоў даражэй за першапачатковы кошт.
Асаблівай папулярнасцю Labubu карысталіся сярод маладых жанчын. Для многіх гэтыя фігуркі сталі модным аксесуарам і спосабам самавыяўлення. Падобную папулярнасць атрымалі і японскія мініяцюрныя фігуркі Sonny Angel.
Чаму дарослыя вяртаюцца да дзіцячых забаў?
На першы погляд, масавае захапленне цацкамі можна патлумачыць настальгіяй. Людзі, якія выраслі ў 1990‑я і 2000‑я гады, цяпер могуць дазволіць сабе купіць тое, пра што марылі ў дзяцінстве.
Як тлумачыла выданню The Telegraph экспертка па сусветным рынку цацак кампаніі Circana Фрэдэрык Тут, дарослыя ўсё часцей звяртаюцца да канструктараў, настольных гульняў, пазлаў, калекцыйных фігурак і мяккіх цацак, каб справіцца са стрэсам і няўпэўненасцю ў будучыні на фоне войнаў і эканамічных праблем.
Знаёмыя з дзяцінства рэчы могуць выклікаць пачуццё бяспекі і прадказальнасці. Збіранне канструктара або калекцыянаванне фігурак дазваляе хаця б ненадоўга адцягнуцца ад паўсядзённых праблем.
The Independent звяртае ўвагу, што прычыны, праз якія людзі адкладаюць нараджэнне дзяцей, могуць часткова супадаць з тымі, што падштурхоўваюць іх шукаць суцяшэнне ў дзіцячых захапленнях. Аднак прамой сувязі паміж гэтымі тэндэнцыямі прыведзеныя даныя не даказваюць.
-
У Аўстраліі метэарадары пачалі паказваць дождж, якога няма. Аказалася, што гэта мільёны матылькоў
-
Касаткі навучыліся паляваць на вялікіх белых акул і здабываць іх печань. Навукоўцы занепакоеныя наступствамі
-
Прылукі пад Мінскам на хвалі хайпу — беларусы масава паехалі туды па здымкі ў стылі «Прыцемак». Мясцовыя не ў захапленні
Каментары
Гэтыя "дарослыя" з'яўляюцца такі толькі па пашпарце, на факту дзеці.