Брэсцкі пенсіянер перастаў бачыць адным вокам, пабіўшыся на пляцоўцы для выгулу сабак
У пенсіянера з Брэста пасля канфлікту з іншым уладальнікам сабакі знік зрок на адно вока. Інцыдэнт адбыўся гэтым летам падчас звычайнага выгулу жывёл, піша Tochka.by.

Пенсіянер сустрэў 58‑гадовага мясцовага жыхара на пляцоўцы для выгулу сабак. Паміж мужчынамі ўзнікла сварка праз тое, што яны не змаглі падзяліць тэрыторыю. Слоўны канфлікт хутка перарос у бойку.
Падчас сутычкі 58‑гадовы берасцеец паваліў пенсіянера на зямлю, сеў на яго зверху і моцна націснуў пальцам правай рукі на левае вока апанента. У выніку пацярпелы страціў зрок на гэтым воку. Атрыманую траўму кваліфікавалі як менш цяжкае цялеснае пашкоджанне.
Справу разгледзеў суд. Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся. Пры вынясенні прысуду суд улічыў, што мужчына папрасіў прабачэння ў пацярпелага і выплаціў яму кампенсацыю за нанесеную шкоду. Таксама былі прынятыя да ўвагі меркаванне пацярпелага і станоўчыя характарыстыкі абвінавачанага з месца працы і жыхарства.
У выніку 58‑гадовага жыхара Брэста пакаралі паўтара гадамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя таго, ён павінен выплаціць штраф у памеры 30 базавых велічынь — 1350 рублёў.
Каментары