Адміністрацыя Трампа дэпартавала венесуэльцаў у Сальвадор, нягледзячы на забарону суддзі
Самалёт з больш чым 200 грамадзянамі Венесуэлы на борце прызямліўся ў Сальвадоры праз некалькі гадзін пасля таго, як федэральны суддзя ў ЗША запатрабаваў ад адміністрацыі Трампа яго развароту, піша Бі-бі-сі.

Прэзідэнт Сальвадора Наіб Букеле напісаў у сацыяльных сетках, што самалёт прывёз 238 членаў венесуэльскай банды Tren de Aragua і яшчэ 23 члены міжнароднай злачыннай групоўкі MS-13.
Пры гэтым раней федэральны суддзя ў Вашынгтоне абавязаў адміністрацыю развярнуць самалёт, паколькі дэпартацыя гэтых людзей незаконная.
«Ой… Занадта позна», — напісаў у іншым паведамленні прэзідэнт Сальвадора.
Дырэктыва Трампа аб дэпартацыі спасылалася на Акт аб варожых чужаземцах 1798 года, заяўлялі ў судзе прадстаўнікі адміністрацыі; гэта таксама пацвердзіў дзяржсакратар Марка Рубіа. Гэты закон фармальна не быў адменены, але ў гісторыі ЗША прымяняўся рэдка і заўсёды падчас вайны.
Закон дазваляе без судовага рашэння затрымліваць і дэпартаваць з ЗША грамадзян краін, якія знаходзяцца ў стане вайны з Амерыкай.
Як піша пазапартыйны даследчы цэнтр Brennan Center for Justice, закон ужываўся падчас вайны 1812 года з Вялікабрытаніяй і абедзвюх сусветных войнаў. Падчас Другой сусветнай вайны ён стаў заканадаўчай асновай для інтэрніравання амерыканцаў японскага паходжання.
Суддзя Джэймс Баасберг, прызначаны прэзідэнтам Джо Байдэнам, пастанавіў, што гэты закон можа прымяняцца толькі ў выпадку вайны з іншай дзяржавай, таму дэпартацыя на яго аснове павінна быць неадкладна спынена. У амерыканскіх суддзяў няма ўласных механізмаў, каб прымусіць выканаўчую ўладу выконваць іх рашэнні.
У Сальвадоры дэпартаваных венесуэльцаў адразу накіравалі ў гіганцкую турму Cecot, напісаў Букеле. Паводле яго слоў, яны правядуць там мінімум год, і гэты тэрмін можа быць працягнуты.
«Злучаныя Штаты заплацяць за гэта, для іх гэта вельмі малая сума, але для нас — значная», — дадаў Букеле.
У студзені Трамп сваім указам абвясціў Tren de Aragua і MS-13 замежнымі тэрарыстычнымі арганізацыямі. Яго заклікі да дэпартацыі злачынцаў былі папулярныя падчас выбарчай кампаніі.
Аднак пакуль яму не ўдалося выканаць сваё абяцанне правесці самую масавую дэпартацыю з краіны: агенты іміграцыйнай паліцыі ICE не спраўляюцца з устаноўленай Трампам квотай на колькасць арыштаў за дзень.
Як пісала NBC, у лютым гэтага года, першым поўным месяцы прэзідэнцтва Трампа, з ЗША было дэпартавана 11 тысяч чалавек, тады як у лютым 2024 года пры Джо Байдэне — 12 тысяч.
Каментары