У інтэрв’ю Bild экс-прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка вылучыў сур’ёзныя абвінавачанні супраць Уладзіміра Зяленскага.

«Ён — няшчасны лідар каманды, якая вядзе нацыю ў бок дыктатуры. Але Украіна — гэта не Расія, і мы не дазволім, каб ва Украіне ўсталявалася дыктатура».
Парашэнка назваў санкцыі супраць сябе і сваёй партыі «атакай на свабоду і дэмакратыю». На пытанне, чаму ён знаходзіцца пад санкцыямі, Парашэнка не змог даць адказу:
«Я — адзіны палітычны лідар, адзіны лідар апазіцыі, які падпаў пад санкцыі без аніякіх тлумачэнняў. Тое, што тут адбываецца, — гэта антыканстытуцыйна, гэта незаконна, няма ніякага судовага рашэння. Гэта проста вельмі дурное, незаконнае, злачыннае парушэнне закона».
Bild зрабіў некалькі запытаў на гэты конт прэс-сакратару прэзідэнта Зяленскага, але адказу не атрымаў.
На пытанне, ці мае рацыю прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваіх абвінавачаннях супраць Зяленскага і Украіны, Парашэнка адказаў:
«Калі вы пытаецеся мяне пра дыктатуру, то адказ відавочны — дыктатар гэта Пуцін. Але абсалютна непрымальна, калі Украіна набліжаецца да межаў дэмакратыі і свабоды, калі адбываюцца напады на мясцовае самакіраванне, калі лідар апазіцыі падвяргаецца незаконнаму і антыканстытуцыйнаму пераследу.
Гэта павінна быць неадкладна спынена. Не таму, што справа датычыцца мяне, а таму што мы павінны захоўваць адзінства. А адзінства — гэта вырашальны, вельмі моцны фактар, каб спыніць Пуціна».
Нядаўна з’явіліся паведамленні, што Трамп хоча адстаўкі Зяленскага. Парашэнка пракаментаваў гэта так:
«Хто будзе лідарам Украіны — гэта справа ўкраінскага народа. […] Ведаеце, што Зяленскі сказаў у сваёй перадвыбарчай праграме ў 2019 годзе? Ён сказаў: «Я не буду балатавацца на другі тэрмін. Я завершу свой першы тэрмін і сыду». Калі гэта яго прамая абяцанка, чаму я павінен выказваць сваё меркаванне на гэты конт? Я разлічваю на яго».
Парашэнка таксама казаў у інтэрв’ю пра цяжкія ваенныя страты Украіны. Апошнім часам УСУ, асабліва ў Курскай вобласці, былі вымушаныя адступіць.
«Мы павінны неадкладна спыніць страты людзей, неадкладна спыніць страту тэрыторый. І мы павінны неадкладна спыніць страчваць час», — сказаў Парашэнка.
Паводле былога прэзідэнта, Украіне неабходна змяніць падыходы да вядзення вайны, каб стрымаць расійскую армію. Перш за ўсё, лічыць ён, трэба забыць словы «наступальная аперацыя» і засяродзіцца на абароне і будаўніцтве ўмацаванняў.
Пятро Парашэнка з часоў свайго паражэння на прэзідэнцкіх выбарах у 2019 годзе застаецца ворагам цяперашняга прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Цяпер Зяленскі наклаў на яго санкцыі.
Лідару найбуйнейшай апазіцыйнай партыі забаронена пакідаць краіну, ён пазбаўлены доступу да сваёй маёмасці і не можа поўнасцю выконваць свае функцыі як парламентарый, піша Bild.
Прычыны санкцый дагэтуль застаюцца нявызначанымі. Паводле чутак, гаворка ідзе пра «дзяржаўную здраду». Апазіцыя ж бачыць у гэтым палітычна матываваную кампанію Зяленскага з мэтай прымусіць палітычнага канкурэнта маўчаць.
Каментары