Свет44

Як Трамп прайграе ўласную гандлёвую вайну з усім светам

Трохмесячнае перамір’е ў сусветнай гандлёвай вайне Дональда Трампа падыходзіць да канца, і навіны для амерыканскага прэзідэнта сумныя. Ні адна з трох мэтаў атакі Трампа на канкурэнтаў і саюзнікаў ЗША не дасягнутая, а часу засталося менш за месяц, піша ВВС. 

Дональд Трамп. Фота: AP Photo / Alex Brandon

Што пайшло не так?

Апошнія два месяцы паказалі, што тарыфныя войны не дапамагаюць, а шкодзяць амерыканцам: цэны растуць, дэфіцыт не зніжаецца, акцыі і аблігацыі таннеюць, даляр падае. Запужаць замежнікаў таксама не ўдалося — ні адна краіна пакуль не капітулявала пад пагрозай тарыфаў Трампа.

Не спужаліся

У пачатку красавіка Трамп увёў падатак на імпарт тавараў з усяго свету ў ЗША з трыма мэтамі. Па-першае, сабраць з імпарцёраў грошы ў бюджэт і за кошт гэтага знізіць падаткі. Па-другое, стварыць цяплічныя ўмовы для адраджэння амерыканскай прамысловасці, абараніўшы яе мытамі ад замежных канкурэнтаў. І па-трэцяе, прымусіць іншыя краіны пайсці на саступкі — гандлёвыя, эканамічныя, палітычныя — пад пагрозай страціць доступ на багаты амерыканскі рынак.

Гіганцкія мыты доўга не прастаялі — Трамп у той жа дзень паставіў іх на 90-дзённую паўзу, бо бізнэс і фінансісты ў самой Амерыцы хорам загаласілі пра надзвычайны крызіс, а інвестары пачалі выводзіць грошы з ЗША.

Даляр у чаканні крызісу не вырас, а пачаў падаць. У свеце загаварылі пра закат амерыканскай валюты і блізкі канец амерыканскай эканамічнай і фінансавай гегемоніі на планеце.

Белы дом паспяшаўся ўсіх супакоіць: Трамп толькі палохае ўсіх высокімі тарыфамі, а насамрэч гэта — перамоўная тактыка, і разбураць сусветны гандаль ён не збіраецца.

Трамп — майстар заключаць здзелкі, казала ягонае асяроддзе, і яго агрэсіўная перамоўная тактыка прымусіць усіх гандлёвых партнёраў ЗША прыехаць у Вашынгтон з дарамі і саступкамі.

Белы дом абяцаў 90 здзелак за 90 дзён перамір’я.

Прайшло 60 дзён — і пакуль здзелка заключаная толькі адна, з Вялікабрытаніяй. І тая папярэдняя, і калі за астатні месяц перамір’я яе канчаткова не падпішуць, то і не будзе ніякай здзелкі.

Да таго ж, гэта менавіта здзелка, а не ўсебаковае гандлёвае пагадненне. Яе не ўхваляюць парламенты, і Трамп можа адным подпісам адклікаць дамоўленасці.

Іншыя ж партнёры пачалі перамовы, але за час гэтых перамоў высветлілася, што Трамп не такі страшны, як яго малююць.

Усё таму, што Трамп атрымаў два балючыя паражэнні ў сваёй гандлёвай вайне. Адно — на кітайскім фронце. Другое — у тыле, ад амерыканскіх праціўнікаў ягонага тарыфнага хаосу.

Кітайскія пакуты Трампа

Адклаўшы мыты супраць усіх, Трамп засяродзіў наступ на кітайскім фронце. Ён увёў супраць галоўнага вайсковага і эканамічнага канкурэнта ЗША забарончыя мыты ў 145% і запатрабаваў, каб старшыня КНР Сі Цзіньпін патэлефанаваў яму, узгадніў умовы капітуляцыі і паслаў дэлегацыю ў Вашынгтон падпісаць яе.

Сі не патэлефанаваў, дэлегацыя не прыехала. Кітай узняў свае мыты супраць амерыканскіх тавараў і абмежаваў экспарт рэдказямельных металаў. Супраціў зайшоў у тупік — гандаль паміж дзвюма найбуйнейшымі эканомікамі свету фактычна спыніўся.

Кітайцы Трампа перажылі.

«Мы міргнулі першымі», — кажа Біл Райнш, былы чыноўнік Міністэрства гандлю ЗША.

Кітай не згаджаўся на перамовы пад дулам пісталета, і Трамп у выніку выканаў усе тры галоўныя кітайскія ўмовы: зняць забарончыя мыты, сустрэцца на нейтральнай тэрыторыі і спыніць публічныя нападкі на Кітай.

Пакуль Трамп маўчаў, яго міністры сустрэліся ў маі з кітайцамі ў Жэневе і ўзгаднілі перамір’е на 90 дзён. Трамп знізіў тарыфы да 30% замест 145%, а Кітай пагадзіўся зняць свае і адмяніць забарону на экспарт рэдказямельных металаў.

«Мы зрабілі кітайцам больш саступак, чым яны нам, — прызнаецца Райнш, цяпер эксперт па кітайскім гандлі ў даследчым цэнтры CSIC. — Аднак гэта ўсё адно добрыя навіны. Усё, што менш за 145%, — добрыя навіны».

Перамір’е хутка аказалася пад пытаннем. Трамп вырашыў забараніць пастаўкі праграмнага забеспячэння ў Кітай і паабяцаў «агрэсіўна» пазбаўляць віз кітайскіх студэнтаў у ЗША. Кітай у адказ прыпыніў афармленне экспарту рэдкіх металаў. Страсці сягнулі кульмінацыі, і Трамп абвінаваціў Сі ў зрыве дамоўленасцяў.

Кітай вярнуў абвінавачанне, і Трамп зноў не вытрымаў першым. У пятніцу ён патэлефанаваў Сі Цзіньпіну і паўтары гадзіны абмяркоўваў з ім гандлёвыя адносіны. Яны запрасілі адзін аднаго ў госці, а Кітай сцвярджае, што Трамп яшчэ і перадумаў забіраць візы ды цяпер «вітае прыезд кітайскіх студэнтаў на вучобу ў ЗША».

Жарсці на кітайскім фронце на час сціхлі.

Трамп пераключыў увагу на заходні еўрапейскі фронт, дзе даўно без зменаў. Ён пачаў наступ на ЕС, пагражаючы ўвесці мыты ў 50% з 1 чэрвеня, калі Еўрасаюз не возьме сябе ў рукі і не пачне актыўныя перамовы — інакш да 90-дзённага дэдлайну на пачатку ліпеня ЗША не паспеюць заключыць здзелку з найбуйнейшым гандлёвым, эканамічным і абаронным партнёрам.

ЕС паабяцаў паскорыцца, і Трамп змяніў гнеў на міласць. На еўрапейскім фронце зноў запанавала цішыня.

Але не прайшло і трох дзён, як прыйшла новая бяда. 28 мая Трамп панёс самае сур’ёзнае паражэнне за ўсе часы гандлёвай вайны. І не за мяжой, а ў тыле — у ЗША.

Мыты па-за законам

Амерыканскі суд пастанавіў, што мыты Трампа незаконныя. І не адзін суд, а адразу два.

Незаконнымі прызналі не ўсе мыты, але самыя галоўныя. Іх Трамп увёў па законе паўвекавой даўніны, што дэлегуе прэзідэнту пэўныя паўнамоцтвы ўводзіць санкцыі супраць іншаземцаў у выпадку надзвычайных сітуацый.

Менавіта гэты акт IEEPA стаў галоўным інструментам гандлёвай вайны Трампа. Ён аб’яўляе НС — і ўводзіць мыты.

Так, Трамп аб’явіў надзвычайнай сітуацыяй дэфіцыт гандлёвага балансу, з якім Амерыка жыве ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, і ўвёў адначасовыя мыты супраць усяго свету — мінімум 10%, але для многіх больш. Павышаныя тарыфы якраз патрапілі ў пачатку красавіка пад мараторый на 90 дзён. Але стаўка ў 10% на ўсіх па-ранейшаму дзейнічае.

Цяпер яна па-за законам, як і 25% мыты супраць Мексікі і Канады — суседзяў ЗША, і 20% супраць Кітая, уведзеныя пад падставай іншага НС — кантрабанды наркотыкаў.

Трампу падабаецца IEEPA тым, што па гэтым законе ён можа ўводзіць санкцыі імгненна, без аглядання на Кангрэс, бізнэс і грамадскую думку. Іншыя інструменты гандлёвай палітыкі больш абцяжараныя і патрабуюць доўгіх месяцаў расследавання, узгаднення і кансультацый.

Але суды занялі адназначную пазіцыю: закон пісаўся для іншага, гандлю ён не датычыцца, і ні ў якім разе не дэлегуе прэзідэнту запытаныя Трампам шырокія паўнамоцтвы для правядзення падатковай і гандлёвай палітыкі.

«Суд звярнуў увагу, што канстытуцыя надае Кангрэсу, а не прэзідэнту, выключныя паўнамоцтвы ўстанаўліваць і збіраць падаткі, зборы, мыты i акцызы, а таксама рэгуляваць гандаль з замежнымі дзяржавамі», — адзначае Джын Хілі з Cato Institute.

«Адміністрацыя Трампа ператварыла знешнепалітычны закон аб санкцыях ва ўніверсальную зброю гандлёвай вайны. Да сёння ніякі прэзідэнт не выкарыстоўваў IEEPA, каб увесці маштабныя тарыфы супраць саюзнікаў і гандлёвых партнёраў», — піша ён.

Рашэнне суда пакуль не ўступіла ў сілу, бо Белы дом падаў апеляцыю. Справа, хутчэй за ўсё, дойдзе да Вярхоўнага суда. Акрамя таго, ў Трампа ёсць іншыя інструменты, і ён неадкладна скарыстаў адзін з іх, падняўшы мыты на сталь і алюміній, уведзеныя паводле іншага закона.

Аднак шкода ўжо непапраўная. Трампу будзе цяжэй весці перамовы з пазіцый сілы, калі ягоны ўласны суд пастанавіў, што тарыфы незаконныя.

«Іншаземцам далі надзею на тое, што амерыканскія суды ўрэшце абмяжуюць магчымасці Трампа радыкальна мяняць амерыканскую тарыфную палітыку на падставе надзвычайнай сітуацыі», — піша эксперт Амерыканскай рады па міжнародных адносінах Брэд Сэтсер.

А з улікам таго, што і сам Трамп пастаянна адыходзіць ад гучных тарыфных аб'яў, далейшы сцэнарый гандлёвай вайны з кожным днём становіцца ўсё больш невыразным.

«Трамп цяпер ведае, што ў яго рэпутацыя чалавека, заўсёды гатовага адысці назад, — адзначае Сэтсер. — А свет ведае, што Трамп можа страціць улюбёны інструмент гандлёвай вайны па волі амерыканскіх судоў».

Прамежкавыя вынікі гандлёвай вайны

Трамп не збіраецца здавацца, асабліва цяпер. Ягоная гандлёвая вайна пакуль толькі нашкодзіла і амерыканскай эканоміцы, і адносінам ЗША з саюзнікамі ды ключавымі гандлёвымі партнёрамі. А абяцаныя дывідэнды не прынесла — адміністрацыя Трампа запэўнівае, што яны будуць, але пазней.

На гэтым тыдні клуб багатых краін Агенцтва эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD) папярэдзіў, што тарыфныя бар’еры зробяць свет бяднейшым, чым ён быў бы без іх. І перш за ўсё пацярпяць самі ЗША.

Прагноз росту сусветнай эканомікі OECD панізіла да 2,9% з 3,1%, а вось амерыканскай яшчэ больш — да 1,6% з 2,2%.

Перамір’е зняло да пачатку ліпеня забарончыя гандлёвыя бар’еры Трампа, але тыя, што засталіся, па-ранейшаму беспрэцэдэнтныя для сучаснай гісторыі, таму эканамісты і паніжаюць прагнозы росту дабрабыту ва ўсім свеце.

Яшчэ на пачатку года сярэдні падатак на імпарт тавараў у ЗША не перавышаў 2,5%. Цяпер ён дасягае 15%, падлічылі эканамісты банка UBS, якіх цытуе Bloomberg. Гэта — істотнае павышэнне падаткаў для амерыканцаў, да 1,5% ВУП, што процілеглае заяўленай мэце Трампа скараціць падатковы цяжар за кошт імпартных мытаў і замясціць выпадаючыя даходы зборамі імпартных мытаў.

Пакуль справы ідуць то ўлева, то ўправа. Паводле папярэдняй статыстыкі, амерыканская эканоміка перастала расці і скарацілася ў першым квартале на 0,2% у гадавым выражэнні — упершыню з часоў крызісу COVID.

Бізнэс жа тым часам павышае цэны, што скарачае даходы спажыўцоў — рухавік эканомікі ЗША.

А грошы, сабраныя ў бюджэт ад новых мытаў, у выніку, магчыма, давядзецца вярнуць — калі Вярхоўны суд не адменіць рашэнні ніжэйшых інстанцый.

Такім чынам, ні да адной з абвешчаных мэтаў гандлёвай вайны Трамп пакуль не наблізіўся. Даходы ад мытаў пад пытаннем, бізнэс не квітнее, а скардзіцца, а гандлёвыя партнёры не ідуць на саступкі.

«Падыход адміністрацыі Трампа да гандлёвай палітыкі па-ранейшаму жудасны, яны ўсюды пасеюць поўную нявызначанасць, і ніякія гандлёвыя здзелкі не дапамогуць, бо няма ніякіх гарантый, што ЗША не парушаць іх», — папярэджвае эксперт даследчага цэнтра ECIPE Дэвід Хеніг.

Каментары4

  • Абу
    08.06.2025
    Чакаю на праграмны артыкул Зянона пра агентуру ў амерыканскіх судах...
  • Альгерд
    08.06.2025
    Забавно но Трамп и Позняк больше всего похожи на агентуру. Один на кремлевскую,второй на лукашеновскую.
  • Барадзед
    08.06.2025
    Трамп, ты жалок.

Цяпер чытаюць

«Мікалая білі, дзе толькі яго бачылі». Пра катаванні зняволенага анархіста Дзядка расказала адвакатка Мацкевіч5

«Мікалая білі, дзе толькі яго бачылі». Пра катаванні зняволенага анархіста Дзядка расказала адвакатка Мацкевіч

Усе навіны →
Усе навіны

Пасажыры беларускага цягніка самі прыбралі бярозу, што ўпала на рэйкі ФОТА

Сіноптыкі перадалі аранжавы ўзровень небяспекі на сёння

Радзіна: Ціханоўская хлусіць пра абставіны выезду з Беларусі ў жніўні 202081

На Куршчыне ўкраінцы збілі расійскі знішчальнік Су-353

Не пішыце лісты палітвязням у калоніі, гэта бессэнсоўна27

Зяленскі: Кіроўцы фур, з якіх атакавалі вайсковыя аэрадромы ў Расіі, не ведалі пра аперацыю «Павуцінне»1

Колькі каштуюць ягады, гародніна і садавіна на «Камароўцы»5

У Беларусі няма бульбы, а ў Японіі дэфіцыт рысу1

Зяленскі расказаў, чыя зброя выкарыстоўвалася ў аперацыі «Павуцінне»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мікалая білі, дзе толькі яго бачылі». Пра катаванні зняволенага анархіста Дзядка расказала адвакатка Мацкевіч5

«Мікалая білі, дзе толькі яго бачылі». Пра катаванні зняволенага анархіста Дзядка расказала адвакатка Мацкевіч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць