Ва ўкраінскі палон трапіў 58-гадовы беларус, што ваяваў на баку Расіі
Ён напіўся і пайшоў у ваенкамат, у той жа дзень яго прызвалі.

Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін грамадзянін Беларусі — 58-гадовы Вадзім Зайкоўскі з Гомеля, які падпісаў кантракт з расійскай арміяй і ваяваў у 245-м гвардзейскім мотастралковым палку, піша Радыё Свабода.
«Я прыехаў у Расійскую Федэрацыю, горад Растоў. Пачалі мы… зрабілі працу, з’явіліся капейкі, я напіўся, карацей, пайшоў у ваенкамат. У гэты ж дзень мяне проста адправілі на вайну», — сказаў Вадзім Зайкоўскі.
Відэазапіс з ім апублікавалі ў Telegram-канале «Не жди меня из Украины».
Паводле яго слоў, яму не выплацілі грашовае забеспячэнне — ні заробак, ні іншыя выплаты. Зайкоўскі сцвярджае, што апынуўся на вайне таму, што ён «недалёкі», і калі б быў разумнейшы, то не пайшоў бы ваяваць.
«Я не хачу, каб мой сын ішоў на вайну за Расію. Я ўвогуле не хачу, каб ён ваяваў», — дадаў ён.
Вадзім Зайкоўскі таксама сказаў, што яму паабяцалі абавязак вазіць ваду і прадукты салдатам у акопы. Пасля падпісання кантракта ён не праходзіў падрыхтоўку, а калі апынуўся на фронце — сядзеў на пасту паветранага назірання, глядзеў за палётамі дронаў, каб «яны не перасеклі нашу мяжу».
Перад камерай беларус сядзеў у майцы з надпісам «Беларусь» і выявай дзяржаўнага чырвона-зялёнага сцяга.
«У нас тэлебачанне ў Беларусі займаецца прапагандай. У нас кажуць, што вайна будзе ісці да пераможнага завяршэння. Гэта ў Беларусі», — сказаў Зайкоўскі.
У раней апублікаваных спісах грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расіі супраць Украіны, яго прозвішча няма. Ён нарадзіўся 5 лістапада 1966 года.
245-ы гвардзейскі мотастралковы полк падпарадкоўваецца Сухапутным войскам Расіі (ваенная частка 60888). Полк удзельнічаў у штурме Грознага ў 1999 годзе, але ў 2008-м быў расфармаваны. Яго аднавілі ў 2023 годзе.
Цяпер, з улікам Вадзіма Зайкоўскага, ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 10 грамадзян Беларусі.
Каментары
[Зрэдагавана]