Змерайце сваю талію і рост — гэтыя дзве лічбы шмат скажуць пра ваша здароўе
Навукоўцы папярэджваюць: накапленне тлушчу ў вобласці жывата, нават калі чалавек не мае залішняй вагі, можа непрыкметна адбіраць сілу і скарачаць працягласць жыцця.

Як піша Daily Mail, нядаўняе даследаванне італьянскіх навукоўцаў паказала, што людзі з больш шырокай таліяй часцей сутыкаюцца з праблемамі руху ў сталым узросце і маюць больш высокую рызыку заўчаснай смерці.
Даследчыкі адзначылі, што важна не тое, колькі вы важыце, а тое, дзе назапашваецца тлушч. Адклады тлушчу на жываце з'яўляюцца сур'ёзным сігналам небяспекі для вашага здароўя.
Цэнтр па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША сцвярджае, што тлушч на жываце, асабліва той, які назапашваецца вакол унутраных органаў, павялічвае рызыку сардэчных захворванняў, інсульту, дыябету 2 тыпу і ранняй смерці.
Даследаванне, апублікаванае ў часопісе Aging, было сканцэнтравана на двух паказчыках: WHR (суадносіны таліі да сцёгнаў) і WHtR (суадносіны таліі да росту).
Гэтыя параметры даўно выкарыстоўваюцца для ацэнкі рызыкі развіцця хвароб сэрца і дыябету. Аднак нядаўняе даследаванне вывучала сувязь WHtR са зніжэннем мышачнай масы з узростам, правяраючы, як хутка пагаршаецца мышачная функцыя пацыента са старэннем.
Што лічыцца нормай?
У выпадку WHtR (суадносіны таліі да росту), нормай лічыцца значэнне менш за 0,5. Калі суадносіны роўныя або перавышаюць 0,5, гэта сведчыць пра падвышаную рызыку. Асабліва трывожным сігналам з’яўляецца WHtR, роўнае або большае за 0,6 — такі паказчык азначае высокую рызыку, асабліва для людзей ва ўзросце большым за 50 гадоў.
Для нагляднасці можна прывесці просты прыклад. Калі рост чалавека складае 170 см, то аб’ём таліі павінен быць меншы за 85 см, каб WHtR не перавышаў парог у 0,5 (170 × 0,5 = 85). Калі талія перавышае гэтую велічыню, гэта ўжо сігнал небяспекі, нават калі агульная вага чалавека ў межах нормы.
Для WHR (суадносіны таліі да сцёгнаў) нормы адрозніваюцца ў залежнасці ад полу. У жанчын гэты паказчык не павінен перавышаць 0,85, а ў мужчын — 0,90. Перавышэнне гэтых лічбаў сведчыць пра назапашванне небяспечнага тлушчу, які можа выклікаць сур’ёзныя праблемы са здароўем.
Як праходзіла даследаванне?
Навукоўцы вымяралі талію і сцёгны ўдзельнікаў, вывучалі іх харчаванне, фізічную актыўнасць, а таксама аналізавалі ўзровень халестэрыну і глюкозы ў крыві.
У даследаванні, якое праходзіла шэсць гадоў, прынялі ўдзел 10 690 чалавек. З іх каля 71% мужчын і 53% жанчын мелі рызыкоўныя суадносіны аб'ёму таліі да росту. Што тычыцца суадносін аб'ёму таліі да сцёгнаў, то нездаровы паказчык мелі 61% мужчын і 39% жанчын.
Усе ўдзельнікі выконвалі просты тэст: пяць разоў устаць з крэсла і сесці назад. Навукоўцы вымяралі, колькі гэта займала часу. Аўтары адзначаюць, што гэтае простае практыкаванне дазваляе выявіць людзей з рызыкай развіцця сур’ёзных праблем яшчэ да іх з’яўлення.
У сярэднім жанчыны выконвалі заданне за 7,9 секунды, мужчыны — за 7,6 секунды, што знаходзіцца ў межах нормы для іх узроставых груп.
Аднак даследаванне паказала, што тыя ўдзельнікі, хто меў індэксы WHR і WHtR вышэй за норму, пастаянна паказвалі горшыя вынікі, нават пасля ўліку вагі, узросту і іншых фактараў.
Так незалежна ад вагі або ўзросту высокі WHR быў звязаны з павелічэннем рызыкі горшай фізічнай прадукцыйнасці на 28%, а высокі WHtR — на 32%.
Традыцыйна парогам, пасля якога падазраецца кволасць або інваліднасць, лічыцца паказчык 10,8 секунды. Аднак даследчыкі заўважаюць, што нават у выпадках, калі людзі яшчэ не дасягнулі крытычнага парога небяспекі, больш павольнае выкананне імі тэста можа сведчыць пра пагаршэнне функцыі мышцаў яшчэ да таго, як узнікне відавочная праблема.
Тлушч вакол органаў — галоўны вораг
Іншае даследаванне, апублікаванае Нацыянальным інстытутам здароўя ЗША, паказала: пажылыя людзі з тлушчам у вобласці жывата і нізкай сілай сціскання кісці рукі падвяргаюцца ўдвая большай рызыцы смерці ад любой прычыны.
Гэтае спалучэнне сведчыць пра паскоранае старэнне і павышанай схільнасці да слабасці, інваліднасці і заўчаснай смерці.
У якасці асноўнай прычыны даследчыкі называюць вісцэральны тлушч, які атачае печань, кішэчнік і страўнік. Ён звязаны з хранічным запаленнем, дрэннай якасцю мышцаў і саркапеніяй — станам, калі сіла мышцаў з узростам зніжаецца.
Па словах экспертаў, такое накапленне тлушчу вакол унутраных органаў можа незаўважна паўплываць на нашу раўнавагу, працавітасць і нават на тое, як працуе наша сэрца і лёгкія падчас фізічных нагрузак.
У адрозненне ад масы цела або індэкса масы цела (ІМТ), якія могуць быць падманлівымі, WHtR і WHR дакладна паказваюць небяспечныя тэндэнцыі, нават калі ІМТ у норме.
Даследаванне таксама паказала, што суадносіны аб'ёму таліі да росту (WHtR) з'яўляюцца лепшым прагнастычным паказчыкам, чым суадносіны аб'ёму таліі да сцёгнаў (WHR). Яно было больш дакладным як для мужчын, так і для жанчын, і працавала лепш незалежна ад узросту.
Такім чынам, простае вымярэнне таліі і яе параўнанне з ростам можа быць самым даступным спосабам даведацца, ці пагражаюць вам праблемы з рухомасцю ў будучыні. Акрамя таго, гэты тэст — хуткі, танны і не патрабуе лабараторных умоваў або медыцынскага ўмяшання.
Хоць даследаванне было прысвечана фізічнай здольнасці, яго вынікі маюць больш шырокія наступствы. Слабая рухомасць звязана з вышэйшай смяротнасцю, большай колькасцю шпіталізацый і горшай якасцю жыцця.
Адно з даследаванняў Нацыянальным інстытутам здароўя ЗША за 2023 год паказала, што людзі старэйшага ўзросту з вялікім аб’ёмам таліі мелі значна вышэйшую імавернасць развіцця інваліднасці цягам пяці гадоў — нават калі іх агульная вага заставалася стабільнай.
Каментары