Культура2626

У Нясвіжы выстаўляюцца творы беларускіх майстроў, вывезеных у Маскву. Тое, што яны ўмелі, рускім майстрам тады і не снілася

Беларускія майстры, якіх па загадзе расійскага цара масава вывозілі з беларускіх зямель у час чарговай вайны XVII стагоддзя з Рэччу Паспалітай, прывезлі ў Маскву не толькі інструменты і тэхналогіі, але і стылістыку мудрагелістага еўрапейскага барока, якая найбольш яскрава ўвасобілася ў разных творах — так званай беларускай рэзі. 

Выстаўка «Золата іканастасаў. Мастацтва беларускіх майстроў у Маскве» ў Нясвіжскім замку. Фота: Нясвiжскiя навіны

Выстаўка «Золата іканастасаў. Мастацтва беларускіх майстроў у Маскве» стала вынікам супрацоўніцтва двух музеяў-запаведнікаў на працягу двух гадоў, хоць перамовы пачаліся яшчэ да 2020 года.

Куратарамі выстаўкі выступілі Алена Фомчанкава, начальніца аддзела экспазіцыйна-выставачнай дзейнасці Нясвіжскага замка, і Вольга Палякова, намесніца дырэктара і галоўная захавальніца Каломенскага.

Выстаўка «Золата іканастасаў. Мастацтва беларускіх майстроў у Маскве» ў Нясвіжскім замку. Фота: Нясвiжскiя навіны

У Вялікай выставачнай зале палаца Радзівілаў прадстаўлены помнікі мастацкай рэзі і кафлярства, прывезеныя з Маскоўскага дзяржаўнага музея-запаведніка «Каломенскае». Гэта ўнікальныя царскія вароты, канструкцыі іканастасаў, абразы ў шыкоўных рамах і картушах, створаныя ў Маскве беларускімі майстрамі ў канцы XVII стагоддзя. Многія экспанаты дэманструюцца ўпершыню.

Царскія вароты ў тэхніцы беларускай рэзі. Фота: Нясвiжскiя навіны

«Калі калегі прыйшлі і ўбачылі гэтую раскошу пазалочанай рэзі, як струменяцца плады і галіны, выкананыя з дрэва і пакрытыя пазалотай, абразы працы царскіх майстроў — яны былі ў захапленні. Высветлілася, што ў Беларусі такога багацця няма, проста не захавалася»,

— тлумачыць адна з куратарак Вольга Палякова, намесніца дырэктара і галоўная захавальніца музея «Каломенскае», у рэпартажы тэлеканала «Беларусь 3».

Фрагмент царскіх варот, выкананых беларускімі майстрамі ў майстэрні Зброевай палаты ў другой палове XVII стагоддзя. Паходзяць з Мікола-Угрэшскага манастыра пад Масквой. Фота: sobor.by

У выніку было вырашана дапоўніць царскія вароты яшчэ і керамікай. Паліхромная кафля таксама выраблялася беларускімі майстрамі ў другой палове XVII стагоддзя ў Маскве або ў падмаскоўнай Істры, у манастыры Новага Іерусаліма.

Вываз майстроў

Беларускія майстры трапілі ў Расію ў другой палове XVII стагоддзя, падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў, калі маскоўскія ўлады пачалі перасяляць «беларусцаў» з зямель, якія лаяльна ставіліся да цара. Так яны мусілі запоўніць страты ад эпідэміі чумы ў Маскве і аслабіць эканамічна тэрыторыю ВКЛ.

Па загадзе цара спецыяльна пасылалі людзей, каб шукаць гэтых майстроў: разьбяроў па дрэве, сталяроў, токараў, кніжных майстроў, гравёраў, керамістаў. Некаторыя траплялі ў Маскву не заўсёды добраахвотна — іх вывозілі па загадзе цара або пад прымусам баяраў.

Дэталь царскі варот, выкананых беларускімі майстрамі. Фота: sobor.by

На тэрыторыю Расіі перасялілі шмат беларускіх майстроў з Оршы, Віцебска, Вільні, Магілёва і Мсціслава. Часам з беларускіх гарадоў у Маскву дасылалі чалабітныя, што немагчыма аддаць таго ці іншага майстра, бо ён ужо заставаўся адзіным у горадзе.

Беларуская рэзь у Маскве

Многія з гэтых рамеснікаў спачатку працавалі пры патрыярху Нікане ў будаўніцтве Іверскага манастыра на Валдаі і Васкресенскага Нова-Іерусалімскага манастыра ў Істры. Менавіта Нікан першым заўважыў найвышэйшы ўзровень прафесійнага майстэрства беларускіх майстроў. Пазней іх перавялі ў Маскву, і ў 1667 годзе яны былі залічаныя ў штат Збройнай палаты Маскоўскага Крамля, дзе атрымлівалі жалаванне за сваю працу.

Дэталь царскіх варот, выкананых беларускімі майстрамі. Фота: sobor.by

«Рускія майстры перанялі ад беларускіх тое, што сёння мы назвалі б «высокімі тэхналогіямі». Беларусы прывезлі новыя інструменты, якіх у Маскве яшчэ не ведалі, навучылі рускіх майстроў. І менавіта сумеснымі намаганнямі на расійскай глебе расквітнела гэтае высокае мастацтва пазалочанай разьбы, якое стылістычна адносіцца да барока, што панавала ў Еўропе ў той час», — кажа Палякова. 

Даследчыкі называюць гэтую разьбу «беларускай рэззю». Гэта была грандыёзная справа для таго часу: дрэва ператваралася ў пластычную масу, золата набыла некалькі адценняў. Кожны пялёстак, выразаны разьбяром, трэба было асаблівым чынам пазалаціць, каб ён меў свой адметны тон.

Царскія вароты XVII стагоддзя, выкананыя беларускімі майстрамі і іх рускімі вучнямі, былі зробленыя ў тэхніцы скразной пазалочанай разьбы. Элементы выразаліся з адзінай ліпавай дошкі з выкарыстаннем складаных інструментаў.

Разьбяныя кранштэйны. Фота: sobor.by

Беларускія майстры прывезлі з сабой новыя інструменты: шархебель (разнавіднасць рубанка), галцель (для жалабкоў), цынубель (з зубчастым лязом), варштат (спецыяльна абсталяваны стол). Яны таксама ўмелі «знаменіць» — наносіць малюнак перад разьбой, — і навучылі гэтаму рускіх вучняў.

Сярод вядомых імёнаў таго часу: віцебскія разьбяры і сталяры Піліп Тарасаў, Кірыл Талкачоў, Самойла Багданаў, Даніла Какотка, Іван Дракула, Давыд Паўлаў, Якуб Пагарэльскі; Андрэй Фёдараў з Оршы; Фёдар Мікулаеў з Дуброўна. Усе яны зрабілі ўнёсак у стварэнне маскоўскай школы пазалочанай рэзі.

Беларускія майстры прывезлі не толькі новыя прылады, але і новыя спосабы разьбы.

Каб паказаць, якім было рускае мастацтва да іх прыезду, на выстаўцы таксама прадстаўлены царскія вароты больш ранняга перыяду з Рускай Поўначы: яны ніжэйшыя, простыя, плоскасныя, з паўтаральным арнаментам, амаль без пазалоты. Гэта выразна кантрастуе з барочнай пышнасцю, што прыйшла з беларускіх земляў.

Беларускія майстры ў 1667—1668 гадах удзельнічалі і ў будаўніцтве грандыёзнага драўлянага палаца цара Аляксея Міхайлавіча ў Каломенскім. Работамі кіраваў старац Арсеній з Оршы, кіраўнік Палаты разьбяных і сталярных спраў Збройнай палаты. За адзін год яны ўпрыгожылі палац багатай драўлянай разьбой, пазалотай і роспісамі, зрабіўшы з яго шэдэўр расійскага дойлідства XVII стагоддзя.

Картуш з іконай «Зняцце з крыжа». Фота: sobor.by

Асобны шэдэўр на выстаўцы — ікона «Зняцце з крыжа» пачатку XVIII стагоддзя са страснога рада іканастаса ў шыкоўным разным картушы. Яна ўпершыню вывезеная за межы музея і спецыяльна адрэстаўраваная для гэтай выставы.

Кафляныя цуды

Круціцкі церамок у Маскве, чые фасады аформленыя кафляй беларускіх майстроў-цаніннікаў. Фота: Ludvig14 / Wikimedia Commons

На выстаўцы таксама прадстаўлена мастацкая кафля, выкананая беларускімі майстрамі, якіх называлі цаніннікамі. Шматколерныя вырабы сталі ўпрыгожваць не толькі печы, але і фасады маскоўскіх храмаў і палацаў, як, напрыклад Круціцкага церамка. Прадстаўлены, між іншым, кафлі 1660-х гадоў з фрыза, які апяразваў суцэльным поясам маскоўскі храм Святога архідыякана Сцяпана за Яузай, разбураны ў 1930-я гады.

Сценная паліхромная кафля беларускіх майстроў XVII стагоддзя. З дэкору царквы Стэфана ў Заяўззі, Масква. Фота: sobor.by

«У Ізмайлаўскім храме разнастайнасць узораў выклікала такое здзіўленне, што стваральніка па-руску празвалі Палубесам. Сцяпан Палубес — сапраўдны цуд», — кажа беларускі мастацтвазнавец Вольга Бажэнава. 

Эмалі, якія былі выкананы беларускімі майстрамі маюць асаблівае ззянне, бо пры абпале ў іх дадавалася волава. На нямецкай мове волава — Zinn — уласна ад яго і пайшла назва саміх майстроў — цаніннікі.

Паліхромная кафля беларускіх майстроў XVII стагоддзя. Фота: Нясвiжскiя навіны

«Фарбы цалкам характэрныя, тыповыя для XVII стагоддзя: жоўтая, карычневая, сіняя, белая, а фон — светла-зялёны.

Гэтыя фарбы называюцца эмалямі. І гэта якраз тое новае, што прынеслі беларускія майстры. У Расіі былі вядомыя ў асноўным тэракотавыя або зялёныя кафлі, а тут з’яўляюцца ўжо рознакаляровыя, з прымяненнем эмаляў, — захапляецца Палякова.

— Кожная фарба мае сваю ўласную тэмпературу абпалу. Колькі фарбаў — столькі разоў кафлю клалі ў печ. Яны так добра захаваліся і так блішчаць таму, што былі зробленыя па такой тэхналогіі. Кафля можа раскалоцца — бо гліна ўразлівая, але фарбы не зніклі, бо маюць асаблівую трываласць — гэта сапраўднае майстэрства».

Кафля беларускіх майстроў XVII стагоддзя на выстаўцы. Фота: Нясвiжскiя навіны

Дакументы XVII стагоддзя захавалі і імёны беларускіх цаніннікаў: ураджэнцы Копысі Ігнацій Максімаў, Самошка Грыгор'еў, Павел Буткееў і яго сын Сямён, Восіп Іваноў са Шклова, ужо згаданы Сцяпан Палубес з Мсціслава.

Іх працы заклалі асновы маскоўскай школы кафлярства, якая паўплывала на аздабленне фасадаў храмаў і палацаў XVII стагоддзя.

Экспазіцыя будзе адкрыта для публікі ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» да 1 кастрычніка 2025 года.

Каментары26

  • Гражданин РБ
    23.08.2025
    Надо конфисковать эти произведения в пользу наших музеев. Да еще потребовать у россии вернуть все награбленное у нас за последние сотни лет.
  • не, "рускім" а Маскоўскім ці Маскавіцкім
    23.08.2025
    не, "рускім" а Маскоўскім ці Маскавіцкім , калі ёсць пытання , запытайце РБ дэпутата - гісторыка Марзалюка , ён пісаў акадэмічную працу на гэты конт .
  • ўсходніх імперыялістаў, мы заўсёды называлі маскоўцы
    23.08.2025
    нашы продкі на усходзе ВКЛ казалі наша мова (беларуская ) руская , рускі (русінскі) збор і г.д. yсходніх імперыялістаў, мы заўсёды называлі маскоўцы , маскалі , масква , масквічы і г.д.

Цяпер чытаюць

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек17

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

Над Мазыром і Магілёвам заўважылі незвычайныя аблокі, падобныя да НЛА ФОТАФАКТ2

Расіяне задумаліся пра пераезд у Беларусь. Чаму для іх тут так мёдам намазана?24

Імпарт аўто прыватнікамі расце, а ў дылераў — падзенне продажаў. Таму дылеры хочуць, каб было, як у Расіі1

Выйшаў на свабоду палітвязень Дзяніс Болтуць. Ён цалкам адбыў шасцігадовы тэрмін

Упершыню ўсе члены НАТА дасягнулі 2% ВУП на абарону8

«Медсястра турбуе, абнаўляю вашу медкарту». Махляры прыдумалі новую схему падману праз тэлеграм6

У Беларусь прыязджаў афіцыйны прадстаўнік Германіі6

ЗША афіцыйна знялі санкцыі з «Беларуськалія», Белінвестбанка і Мінфіна9

У мінскім метро чалавек захацеў набыць адразу 3 тысячы жэтонаў4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек17

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася яшчэ на 53 тысячы чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць