Тэхнічны збой у сістэме італьянскай службы кіравання паветраным рухам ENAV раніцай 16 кастрычніка выклікаў масавыя затрымкі і адмены авіярэйсаў па ўсёй Італіі. Праблемы закранулі як вылеты і прылёты, так і самалёты, якія праляталі над краінай, піша Euronews.

Непаладкі ўзніклі ў сетцы перадачы даных, якую выкарыстоўваюць для кіравання паветраным рухам. Улады выключылі версіі кібератакі і сабатажу. Каб гарантаваць бяспеку палётаў, з 6‑й гадзіны раніцы паводле мясцовага часу дыспетчары часова скарацілі прапускную здольнасць паветранай прасторы прыкладна ўдвая.
Паводле звестак аналітычнай кампаніі Cirium, да сярэдзіны раніцы адмянілі 192 рэйсы. Своечасова вылецеў толькі 31% самалётаў з італьянскіх аэрапортаў. Найбольш складаная сітуацыя склалася ў Мілане і Рыме, дзе паводле раскладу адправіліся адпаведна 25% і 28% рэйсаў.
На працягу дня ENAV удалося аднавіць працу з дапамогай рэзервовай спадарожнікавай сеткі. Спачатку яна забяспечвала каля 75% звычайнай прапускной здольнасці, пасля чаго служба паведаміла пра поўнае аднаўленне працы сістэмы.
Каментары