Вайна55

За ростам выкарыстання беспілотнікаў Расіяй ва Украіне стаяць кітайскія заводы

Кітай рэзка павелічыў экспарт у Расію ключавых кампанентаў, неабходных для вытворчасці беспілотнікаў, якія кіруюцца па оптавалаконным кабелі і не ўразлівыя да сістэм РЭБ.

Сланечнікі, абвітыя валаконна-аптычнымі кабелямі. Ваколіцы Славянска, Данецкая вобласць, Украіна. Фота: Alex Babenko / AP

Афіцыйны Пекін сцвярджае, што захоўвае нейтралітэт у канфлікце, а кітайскія вытворцы, на долю якіх прыпадае 80% сусветнага рынку камерцыйных беспілотнікаў, скарацілі прамы экспарт гатовых дронаў у Расію.

Аднак афіцыйныя даныя кітайскага гандлю сведчаць, што Пекін дазволіў рэзка павялічыць пастаўкі кампанентаў, якія дазваляюць расійскім вытворцам збіраць дроны, што кіруюцца праз оптавалаконны кабель. Аб гэтым піша выданне The Washington Post, якое вывучыла мытныя звесткі, даныя аб пастаўках і заявы кампаній.

Паводле звестак кітайскай мытні, пастаўкі оптавалаконных кабеляў у Расію ў маі і чэрвені дасягнулі рэкордных 190,4 і 208 тысяч кіламетраў адпаведна, а ў жніўні адбыўся масавы скачок да амаль 525 000 кіламетраў. Для параўнання, ва Украіну ў жніўні было пастаўлена ўсяго каля 115 кіламетраў кабелю.

Кітайскі экспарт валаконна-аптычных кабеляў у Расію і Украіну. Лічбы ў мілях. Інфаргафіка: The Washington Post

Адначасова рэзка вырас і экспарт літый-іённых акумулятараў у Расію, дасягнуўшы рэкордных 54 мільёнаў долараў у чэрвені і крыху знізіўшыся да 47 мільёнаў у жніўні. Эксперты мяркуюць, што гэтыя батарэі, хутчэй за ўсё, выкарыстоўваліся ў вытворчасці беспілотнікаў, паколькі ў Расіі амаль не вырабляюцца электрамабілі ці іншая электроніка, дзе яны маглі б спатрэбіцца. У той жа час пастаўкі ва Украіну заставаліся на ўзроўні 11—12 мільёнаў долараў у месяц.

Экспарт літый-іённых акумулятараў у Расію і Украіну. Інфаграфіка: The Washington Post

Такія тэхналогіі маюць значныя наступствы на полі бою. Дроны, што кіруюцца па кабелі, устойлівыя да радыёперашкод і здольныя дзейнічаць на адлегласці да 20 кіламетраў. Напрыклад, мясцовыя ўлады ў Краматорску, што прыкладна за 20 км ад лініі фронту, паведамілі пра першую атаку з выкарыстаннем оптавалаконнага дрона 5 кастрычніка. Расія выкарыстоўвае такія беспілотнікі для знішчэння лагістычных шляхоў, камандных цэнтраў і сродкаў РЭБ перад пачаткам наземных атак.

Нягледзячы на «безлімітнае сяброўства» паміж Уладзімірам Пуціным і Сі Цзіньпінам, Пекін не пасылаў ваеннай тэхнікі для падтрымкі Масквы. Аднак аналіз паказаў, што кітайскія вытворцы камерцыйных беспілотнікаў адыгралі ключавую ролю ў нарошчванні вытворчасці расійскіх дронаў і цяпер дапамагаюць распрацоўваць кампаненты з відавочным ваенным прызначэннем.

Участак дарогі каля Добраполля прыкладна за 20 кіламетраў ад фронту, пакрыты ахоўнымі антыдронавымі сеткамі. 10 ліпеня 2025 года. Фота: Andriy Dubchak / Frontliner / Getty Images

Сетка пастаўшчыкоў і санкцыі

З 2023 года ў Расіі было зарэгістравана не менш за 140 вытворцаў беспілотнікаў і яшчэ 60 арганізацый, якія пастаўляюць запчасткі або навучаюць аператараў. Адзін з найбуйнейшых расійскіх вытворцаў, Rustakt LLC, з ліпеня 2023 года па снежань імпартаваў з Кітая запчастак на 577 мільёнаў долараў. Пасля ўвядзення ў снежні 2024 года санкцый ЕС супраць гэтай кампаніі пастаўкі спыніліся, але абмежаванні не закранулі яе асноўных кітайскіх пастаўшчыкоў.

Пасля таго, як найбуйнейшы ў свеце вытворца камерцыйных беспілотнікаў DJI спыніў прамыя продажы ва Украіну і Расію ў 2022 годзе, гэтую нішу занялі менш вядомыя кітайскія фірмы. Яны пастаўляюць кампаненты наўпрост расійскім вытворцам або нават дапамагаюць ім ствараць заводы ў Кітаі.

Фота: asfpv.ru

Напрыклад, расійская кампанія ASFPV LLC публікуе на сваім сайце фатаграфіі сваіх заводаў у Кітаі, а іншая, «Стрибог», прапануе станкі для намоткі оптавалакна і хваліцца новымі лёгкімі кабелямі, распрацаванымі іх «кітайскімі інжынерамі».

Фота: дрон-фпв.рф

Як адзначае выданне, НАТА абвінавачвае Кітай у спрыянні расійскай агрэсіі, а ЕС і ЗША патрабуюць ад Пекіна не падтрымліваць расійскі ваенна-прамысловы комплекс. Але санкцыі пакуль не перашкодзілі патоку тавараў падвойнага прызначэння — такіх, як кабелі і батарэі.

Каментары5

  • можа здацца
    14.10.2025
    пасля гэтага артыкула,
    што украінскія дроны паходзяць з нейкіх іншых заводаў
  • яны жадаюць павяртаць сябе манчурыю, байкал , сахалін
    14.10.2025
    злые языки, безумоўна, яны жадаюць павяртаць сябе манчурыю, байкал , сахалін , паглядзі на кітайскія мапы. Вядуць Маскоўскую імперыю да новага 1991 /1917 ))
  • тесла
    15.10.2025
    Ну и душите их санкциями, пока не одумаются

Цяпер чытаюць

Бабарыка заявіў пра вяртанне ў палітыку і назваў вінаватага ў тым, што змены не адбыліся ў 2020-м72

Бабарыка заявіў пра вяртанне ў палітыку і назваў вінаватага ў тым, што змены не адбыліся ў 2020-м

Усе навіны →
Усе навіны

Ці жывуць у мінскім метро велізарныя пацукі?7

На гольф-полі пад Мінскам адкрылі бясплатную лыжную трасу2

У Беларусі летась рэкордна знізілася колькасць забойстваў6

У Століне студэнтка вылепіла са снегу вялікага цмока ФОТАФАКТ8

Стала вядома, калі выйдзе першы сезон новага серыяла «Гары Потэр»3

У Валожынскім ешыбоце правялі старажытны абрад падпісання ктубы19

Стартап з беларускімі каранямі заключыў здзелку з Microsoft на 750 мільёнаў даляраў2

Арына Сабаленка прайграла фінал Australian Open13

Работнікі МНС пад Мінскам выратавалі 28‑гадовага хлопца, які замярзаў у полі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бабарыка заявіў пра вяртанне ў палітыку і назваў вінаватага ў тым, што змены не адбыліся ў 2020-м72

Бабарыка заявіў пра вяртанне ў палітыку і назваў вінаватага ў тым, што змены не адбыліся ў 2020-м

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць