Эканоміка33

Новае пакаленне гендырэктараў: моладзь і далёка не «крэпкія хазяйсцвеннікі» масава ўзначальваюць трыльённыя бізнэсы

У ЗША назіраецца найбуйнейшая за апошнія як мінімум 15 гадоў хваля зменаў у кіраўніцтве буйных публічных кампаній. Колькасць новых генеральных дырэктараў рэкордная, і пры гэтым яны маладзейшыя і маюць менш досведу, чым іх папярэднікі.

Ілюстрацыйны здымак. Крыніца: Getty Images

Паводле аналізу, які ахоплівае 1500 найбуйнейшых кампаній, што гандлююцца на біржы, летась быў заменены прыкладна адзін генеральны дырэктар з дзевяці. Гэта самы высокі ўзровень ратацыі з 2010 года — часу, калі ЗША толькі выходзілі з фінансавага крызісу, піша The Wall Street Journal.

І тэндэнцыя не запавольваецца: ужо ў студзені і пачатку лютага дзясяткі кампаній абвясцілі пра новыя прызначэнні. Сярод іх — Walmart, Procter & Gamble і Lululemon Athletica. У адзін дзень на пачатку лютага новых кіраўнікоў назвалі Disney, PayPal і HP. На мінулым тыдні сетка супермаркетаў Kroger прызначыла кіраўніком былога топ-менеджара Walmart.

Маштаб зменаў выглядае як вялікі эксперымент у галіне карпаратыўнага лідарства. Кампаніі вымушаныя рэагаваць на імклівы рост штучнага інтэлекту, разбурэнне старых і добра выбудаваных гандлёвых практык, а таксама на нестабільную эканамічную і геапалітычную сітуацыю.

Па словах кіраўніка глабальнай практыкі па падборы CEO міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Spencer Stuart Джэймса Цытрына, цяпер кампаніі знаходзяцца ў новым асяроддзі, таму старыя схемы кіравання ўжо не гарантуюць поспеху. Калі кіраўнік не дэманструе хуткага прагрэсу як у аперацыйнай дзейнасці, так і ў працы з інвестарамі, рады дырэктараў становяцца яшчэ менш цярплівымі, чым раней.

Узрост CEO кампаній S&P 500 на момант прызначэння, па гадах. Крыніца: Spencer Stuart

Паводле аналізу Spencer Stuart, новыя кіраўнікі ў сярэднім маладзейшыя — іх сярэдні ўзрост складае 54 гады, што на два гады менш у параўнанні з прызначэннямі годам раней. Пры гэтым больш за 80% са 168 новых CEO, прызначаных у 2025 годзе, сталі кіраўнікамі ўпершыню і не мелі папярэдняга досведу кіравання публічнымі кампаніямі альбо іншымі буйнымі самастойнымі прадпрыемствамі. Дзве траціны з іх ніколі раней не ўваходзілі ў рады дырэктараў карпарацый.

Пры гэтым, як адзначае выданне, адсутнасць досведу кіравання самастойнай публічнай кампаніяй не заўсёды азначае недастатковую падрыхтаванасць. Па словах Сіндзі Джэймісан, якая ўваходзіць у рады дырэктараў буйной амерыканскай рэстараннай сеткі Darden Restaurants і міжнароднай хіміка-харчовай кампаніі International Flavors & Fragrances, маладзейшыя кіраўнікі больш адпавядаюць новай рэальнасці. Сітуацыя мяняецца вельмі кардынальна і незваротна, таму патрэбныя людзі, якія працавалі «на перадавой», у самым цэнтры падзей, і прымалі складаныя рашэнні на практыцы.

У тых выпадках, калі кампаніі ўсё ж прызначалі старэйшых і больш дасведчаных кіраўнікоў, гэта часта было звязана з крызіснымі абставінамі. Паводле экспертаў Spencer Stuart, усё больш кампаній летась выбіралі членаў рады дырэктараў для аперацыйнага кіравання — звычайна як часовае рашэнне, што сведчыць пра збоі ў планаванні пераемнасці. У тэхналагічным, медыйным і тэлекамунікацыйным сектарах такія прызначэнні склалі 15% ад усіх новых CEO.

Адначасова, як піша WSJ, зменшылася доля жанчын на пасадах генеральных дырэктараў. Толькі 9% новых прызначэнняў летась дасталіся жанчынам — супраць 15% годам раней. У цэлым жанчыны займаюць каля 9% пасад генеральных дырэктараў у 1500 найбуйнейшых амерыканскіх публічных кампаніях, якія ўваходзяць у індэкс S&P 1500. У галоўным біржавым індэксе ЗША — S&P 500 — жанчын-CEO цяпер 46.

Такім чынам, як падсумоўвае WSJ, амерыканскі карпаратыўны сектар увайшоў у перыяд маштабнага абнаўлення кіраўніцтва, калі на чале трыльённых кампаній усё часцей становяцца маладзейшыя кіраўнікі, многія з якіх упершыню ўзначальваюць публічныя карпарацыі і якім даводзіцца прымаць рашэнні ў беспрэцэдэнтна складаных умовах.

Каментары3

  • Боты і целагрэйка
    16.02.2026
    Ой што робіцца! І яны ж не канчалі Горацкую сельгасакадэмію!!!
  • смаркач
    16.02.2026
    іх сярэдні ўзрост складае 54 гады
    ============================
    Як ў тым анэкдоте - дыскатэка каму за 70 была сарваная п'янымі 50-гадовымі падлеткамі. Калі для іх 54 моладзь, то зразумела чаму яны абіраюць 80-гадовых прэзідэнтаў.
  • Паплечнік па змагарскай інвестыцыі
    17.02.2026
    Боты і целагрэйка, а ці ведаюць яны беларускую мову, каб займаць такія пасады?

Цяпер чытаюць

Макрон тэлефанаваў Лукашэнку13

Макрон тэлефанаваў Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі забаранілі армянскі каньяк10

Нядаўна абмененага Расіяй жыхара Лёзна зноў адпраўляюць на фронт1

У Літве адбылася маштабная ўцечка з дзяржаўнай базы рэестраў. Могуць пацярпець і беларусы4

У Беларусі шукаюць пакупніка на Бабін Мох. Цана пытання — мільён. І гэта са зніжкай

Навумчык пра наступствы 2020 года: Трагедыя нацыянальнага маштабу26

Беларуска прадае на барахолцы рэчы брата, пакуль той у арміі. Каб сабраць на адваката і пакінуць брата без спадчыны4

«У каго з мастакоў можна заказаць свой партрэт, а не камень у шкляным кубе?»15

Фядута рэзка адказаў Калеснікавай: За што вы змагаліся ў 2020 годзе, не цікавіць нікога, акрамя мядзведзяў з берлінскага заапарка, якія вас атачаюць49

Ціханоўская пракаментавала прапанову ЗША суседзям Беларусі зняць санкцыі на транзіт калію13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макрон тэлефанаваў Лукашэнку13

Макрон тэлефанаваў Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць