Беларускі журналіст і былы палітвязень Ігар Карней у сваім фэйсбуку расказаў, як праходзіў працэс над ім. Ён кажа, што ў стылі Кафкі.

— Два гады таму, 22 сакавіка, прадказальна перафарматаваўся з абвінавачанага ў асуджанага. Дзевяць месяцаў следства прыдумляла, як скласьці прымальную канструкцыю з небагатага наяўнага матэрыялу — гумусу і палак, — піша Ігар Карней.
Месца рэінкарнацыі — Мінскі гарадскі суд. З усімі цырыманіяльнымі атрыбутамі прафілактычнага ўліку за «экстрэмізм»: ад Валадаркі — індывідуальная «Газель» (дакладней, закратаваны жалезны катух у канцы фургона), пяцёра ўзброеных канваіраў у балаклавах, зацягнутыя за спінай кайданкі.
Гэта быў час, калі ўжо трэба было пралічваць небяспеку любой салідарнасці: значна пазней даведаўся, што для хрысціянскага актывіста Сяргея Мельянца прысутнасць у якасці гледача скончылася суткамі (12+13), пагрозай крымінальнай справы і тэрміновым ад’ездам за мяжу…
Пад шоў выдзелілі самую вялікую залу — прыкладна на 200 чалавек. Відаць, для ўрачыстых выпадкаў тут ушаноўваюць перадавікоў судовага канвеера. Не бяда, што на фоне клетка — якраз у кантэксце «Беларусі, якая сядзіць».
Зрэшты, хутка ўсё стала зразумела: карысную прастору занялі прапагандысты — твары асноўных тэлеканалаў і прадстаўнікі «СБ». Прэзумпцыя невінаватасці — дакладна не пра іх. Сваё паралельнае судзілішча яны ўчынілі яшчэ да пратакольнага — пазней прачытаў справаздачу ў прыдворным рупары: па панядзелках у «кормушку» прасоўвалі асобнік «СБ», такая ідэалагічная падачка ад дзяржавы.
Дарэчы, у той рэдакцыі атабарылася цэлая кампанія ўніверсітэцкіх аднакурснікаў і былых калегаў. Атрымліваецца, адны замаўлялі, другія рэдагавалі, трэція вярсталі, чацвёртыя малявалі карыкатуры. Смяшней не прыдумаеш: вучыліся ў адных аўдыторыях, жылі ў інтэрнатах, выпівалі ў адных кампаніях…

«В своих статьях давал ложную картину об экономическом, социальном, военном и международном положении Республики Беларусь. Делалось это сознательно, чтобы повысить уровень напряженности в обществе, создать неприязнь к государственным органам». І аптымістычная выснова для служак катарактнай Феміды: «…за что по совокупности и заслужил свои 6 лет лишения свободы». То бок, максімальны тэрмін паводле арт. 361-1, ч. 3 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).
Што б там ні казалі, прынамсі для сябе разумеў: для маіх родных і блізкіх гэта адзіная магчымасць пераканацца, што я яшчэ існую. Праўда, і тут напартачылі: на скрыншотах і сёння сябе не пазнаю. Ніколі не быў схільны да паўнаты, а тут — ілюзія сытага жыцця ў няволі. Прынамсі ў тэлерэпартажах праз эфект лінзы (клетка не з кратаў, а сучасная шкляная) выглядаў даволі шчакастым. Калі ў студзені мінулага года паказвалі з дворыка КДБ, карцінка ўжо была значна больш рэалістычная. Адразу адчуваецца, што за справу ўзяліся спецыялісты з органаў. Разам з правераным карэспандэнтам па прозвішчы Казёл — відаць, не дзеля славы стараўся, бо ў тытрах схаваўся пад псеўданімам Александровіч.
Далей — як у дарослых: выклік сведак, якіх пачалі праслухоўваць яшчэ за пару месяцаў да майго затрымання, цытаванне ўзламаных перапісак і г.д. Праўда, не прайшло і некалькіх гадзін ад пачатку, як застаўся сам-насам са сваёй «тройкай»: вяшчальнікі і пісьменнікі раптам сарваліся з месцаў, утварыўшы затор у дзвярах.
Аказалася, да будынка прыйшлі каля дзясятка акрэдытаваных дыпламатаў, якіх, вядома, не пусцілі далей за вестыбюль.
Праз тыдзень убачыў нататку пра «апытанне» супрацоўнікаў дыпмісій: «Женщина, вы с таким красивым выражением лица стоите молча около здания суда. Какой основной ваш посыл сегодняшнего присутствия?». Добра, што не «гражданочка» — з байцоў інфармацыйнага фронту ўсяго можна чакаць. І выснова адпаведная: «Попытка давления на белорусское правосудие, наглое, неприкрытое вмешательство во внутренние дела независимого государства». Якія ж ранімыя…
Карацей, калі пасля такога настойлівага «прамоўшну» далі толькі палову, значыць, і ўвогуле не было за што. Каля паўсотні тэкстаў сапраўды адправілі на экспертызу, каб даказаць тую самую «ложную карціну», але нічога злачыннага не знайшлі нават пільныя кантралёры. Аднак, калі ўжо задзейнічалі столькі рэсурсаў, не адпускаць жа проста так. Усё ў стылі даведзенага да абсурду «Працэсу» Кафкі.
Мой персанальны працэс даручылі тандэму «шматстаночнікаў» у палітычных справах: вопытны суддзя Кацэр (адразу атрымаў мянушку «Карцэр») і малады кар’ерыст-пракурор Дзяцел (вельмі трапнае абагульненне для дзяржаўных абвінаваўцаў, якія тэхнічна «настукваюць» узгодненыя тэрміны).

Разам «выпісалі» 3 гады, 500 базавых і штраф за даходы, атрыманыя «злачынным шляхам». Малаток, заслона, канвой. The show is over.
Калі напрыканцы 2024 года ў шклоўскай калоніі завялі новую крымінальную справу, нават парадаваўся: сістэма працуе ў сваім стылі. Пракурора, які запатрабаваў дадатковы год за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі», не згадаю, а вось суддзя Тараканаў у памяці застанецца — як ні круці. І хочацца, каб не толькі ў маёй, але і ў памяці міжнароднага правасуддзя…
Каментары
Дзякуй, спадар Ігар.
І за гэты тэкст, і за сапраўдную беларускую мужнасць, якая бачна і ў гэтых Вашых нататках.
Павага Вам, і Пашана!