«Штурмы ў крэдыт». Чым адрозніваецца фронт у справаздачах расійскага Генштаба ад рэальнасці
Уладзімір Пуцін працягвае настойваць, што расійская армія «прасоўваецца па ўсіх франтах». У інтэрв’ю карэспандэнту крамлёўскага пула Паўлу Зарубіну ён заявіў пра амаль поўны захоп Канстанцінаўкі і Лімана, пра акружэнне часцей УСУ «каля ракі Стары Аскол» і паспяховае наступленне на горад Сумы, да якога, паводле ацэнкі расійскага прэзідэнта, «засталося недзе 10,5 км». Аналітыкі Рускай службы Бі-бі-сі Ілья Барабанаў і Ілья Абішаў вывучылі штабныя дакументы і высветлілі, як ваюе армія, калі яе ўяўленне пра фронт не супадае з рэчаіснасцю.

Заявы Пуціна пра расійскае прасоўванне разыходзяцца з данымі незалежных назіральнікаў: у Канстанцінаўцы працягваюцца баі, Ліман застаецца пад кантролем УСУ, лінія фронту на Сумскім кірунку не змяняецца з красавіка, ніякіх акружэнняў у раёне ракі Аскол няма.
Уладзімір Пуцін не ўпершыню перабольшвае дасягненні расійскай арміі па захопе ўкраінскіх тэрыторый: цяпер ён фактычна прызнаў, што расійскія войскі не кантралююць Купянск, хоць у канцы мінулага года двойчы заяўляў пра ўзяцце гэтага горада.
12 чэрвеня расійскі лідар сцвярджаў, што расійскія войскі «падбіраюцца да Запарожжа».
Але дакументы 58‑й арміі і даныя незалежных даследчыкаў сведчаць: карты расійскага Генштаба на гэтым кірунку могуць разыходзіцца з рэальнасцю на дзясяткі кіламетраў з патэнцыйна смяротнымі наступствамі для расійскіх вайскоўцаў, якія дзейнічаюць у гэтым раёне.
Руская служба Бі-бі-сі вывучыла штабныя дакументы і высветліла, як ваюе армія, калі яе ўяўленне пра фронт не супадае з рэчаіснасцю.
У Дзень Расіі, 12 чэрвеня, пасля ўзнагароджання званнямі Герояў працы і ўручэння дзяржпрэмій прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сустрэўся са штурмавікамі расійскай арміі. З адным з іх у прэзідэнта адбылася размова:
«З гэтым шаўронам нашага батальёна мы ў мінулым годзе ўзялі населеныя пункты Каменскае і Стэпавое Запарожскай вобласці і лічым, што гэта наш невялікі падарунак вам», — заявіў камандзір дэсантна-штурмавога ўзвода 247‑га дэсантна-штурмавога палка лейтэнант Сяргей Чувашоў, падносячы шаўрон прэзідэнту ў якасці падарунка.
— Гэта групоўка «Дняпро», так? — удакладніў Пуцін.
— Дакладна так!
— Паступова падбіраецеся да Запарожжа?
— Дакладна так!
— Поспехаў вам.
Гэта выказванне выклікала здзіўленне ва ўсіх — ад незалежных вайсковых спецыялістаў до аўтараў z-каналаў, паколькі да Запарожжа расійская армія не «падбіраецца» нават блізка. Да гэтага абласнога цэнтра, які Уладзімір Пуцін на паперы ўключыў у склад Расіі яшчэ ў кастрычніку 2022 года (пасля чаго згадка Запарожскай вобласці з’явілася нават у расійскай Канстытуцыі), на пяты год уварвання расійская армія дайсці так і не змагла.
Хутчэй, наадварот, наступленне расійскіх войскаў на гэтым участку фронту спынілася некалькі месяцаў таму, УСУ здолелі вярнуць кантроль над Стэпнагорскам — пасёлкам, які знаходзіцца крыху на поўнач ад Каменскага і Стэпавога, а таксама вызваліць некаторыя тэрыторыі на мяжы Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцей.
Але штабныя дакументы, якія тычацца дзеянняў 58‑й і 5‑й армій, што ўваходзяць у групоўку «Дняпро» і дзейнічаюць на гэтым кірунку, даюць адказ на пытанне, адкуль Уладзімір Пуцін чэрпае ўпэўненасць у тым, нібыта расійская армія «штодня ўпэўнена прасоўваецца наперад на ўсіх аператыўных кірунках».
«Штурмы» ў крэдыт

Гэта ўчастак фронту ў Запарожскай вобласці — паводле даных амерыканскага Інстытута вывучэння вайны на 13 чэрвеня 2026 года. На ім пазначаныя тыя самыя населеныя пункты Каменскае і Стэпавое, якія ў мінулым годзе, са слоў лейтэнанта Чувашова, які гутарыў з Пуціным, штурмаваў ягоны батальён. Участак амаль да дэталяў супадае з картай украінскага праекта Deepstate, які часта (з пэўнай затрымкай) адлюстроўвае змены на лініі баявога сутыкнення.
Але, паводле даных штабных картаў і суправаджальных дакументаў 58‑й арміі, расійскія войскі нібыта даўно пакінулі гэтую тэрыторыю, яшчэ 9 красавіка прасунуўшыся ўглыб украінскай тэрыторыі на 16‑20 км на поўнач.

Афіцыйныя заявы расійскага боку супадаюць са штабнымі картамі, па якіх непасрэдна армія вядзе баявыя дзеянні — і ўсё гэта вельмі моцна разыходзіцца з рэчаіснасцю.
Так, паводле даных расійскіх генералаў, пад упэўненым кантролем іх войскаў знаходзяцца населеныя пункты Рачное — яго «ўзялі» 30 студзеня, Прыморскае — з яго ўзяццем Андрэй Белавусаў віншаваў вайскоўцаў 108‑го палка 15 лютага 2026 года, у той жа дзень былі «ўзятыя» Запаснае і Магдалінаўка. З узяццем Весялянкі Белавусаў віншаваў вайскоўцаў 247‑га палка 4 сакавіка. Ну, а з узяццем Малой Такмачкі, невялікага сяла ў Запарожскай вобласці, якое ўжо ператварылася ў культурны феномен, міністр абароны Расіі Андрэй Белавусаў павіншаваў 42‑ю мотастралковую дывізію яшчэ 17 лістапада 2025 года. Пры гэтым, паводле даных незалежных вайсковых даследчыкаў і спадарожнікавых здымкаў, з усёй відавочнасцю можна сказаць, што ў чэрвені 2026 года расійскімі войскамі гэтае сяло так і не захоплена.
Апошняя заява расійскага Мінабароны пра захоп населенага пункта ў Запарожскай вобласці датаваная 4 чэрвеня, калі ведамства абвясціла пра нібыта здзейснены захоп сяла Гуляйпольскае (у паведамленні яно названа старой савецкай назвай «Камсамольскае»). На штабной карце ад 9 красавіка фронт пазначаны як такі, што праходзіць па мяжы гэтага сяла, якое знаходзіцца на поўнач ад так і не ўзятай Малой Такмачкі. То-бок і гэты ўчастак расійскай штабной карты ўжо «закрашаны».
«Закрасы» — слэнгавае абазначэнне нанясення на вайсковыя карты тэрыторый як занятых або вызваленых да з’яўлення надзейных пацвярджэнняў кантролю над імі. Расійскіх генералаў нават праваенныя блогеры часта вінавацяць у залішняй прыхільнасці да гэтага метаду.
Падобнае адбылося і ў выпадку Запарожскай вобласці: карты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны і ўкраінскага праекта Deepstate паказваюць, што ўсе гэтыя населеныя пункты, якія знаходзяцца на поўнач ад пакінутага расійскімі войскамі Стэпнагорска, знаходзяцца ў глыбокім тыле УСУ. Расійскія войскі да іх пакуль не наблізіліся.
Розніца паміж тым, што міністэрства абароны «ўзяло» ў сваіх справаздачах і «закрасіла» на штабных картах як кантраляваныя Расіяй тэрыторыі, і рэальнай лініяй фронту ў розных месцах можа складаць ад 10 да 20 кіламетраў.

«Закрасы і авансы»
«Закрасамі» ў расійскім генералітэце займаецца далёка не толькі кіраўніцтва групоўкі «Дняпро». Так, напрыклад, z-ваенкар Уладзімір Раманаў 14 чэрвеня пісаў пра тое, што дакладна такая ж неадпаведнасць паміж рэальнай лініяй фронту і лініямі на штабных картах нядаўна была выяўлена на Канстанцінаўскім участку фронту.
«Правяраючыя рэальна пайшлі да ЛБС (Байцы з участка выказваюць сваю павагу тым двум палкоўнікам), — напісаў ён. — Вынікам стала выяўленне неадпаведнасці рэальнай і заяўленай ЛБС (ЛБС — лінія баявога сутыкнення — Бі-бі-сі) — на глыбіню да 17 кіламетраў. Ведаеце, што зрабіла мясцовае камандаванне ў выніку такога разбору? Адправіла 40 чалавек (уключаючы аператараў БПЛА) на штурм «закрашанага» ўчастка. Усе 40 чалавек скончыліся за 2 гадзіны».
«Даклады, якія бягуць наперад, і «закрасы» наўрад ці ідуць на карысць расійскім войскам, якія наступаюць, — папярэджваў 8 чэрвеня і аўтар буйнога праваеннага канала «Рыбарь» Міхаіл Звінчук. — «Крэдытныя» рубяжы на іншых кірунках не раз і не два станавіліся прычынай няправільнай ацэнкі сітуацыі і ў выніку крыніцай праблем».
Самы вядомы «закрас» у гісторыі расійскага ўварвання ва Украіну здзейсніў камандуючы групоўкай «Захад» генерал Сяргей Кузаўлёў. У канцы 2025 года ён далажыў Уладзіміру Пуціну пра тое, што вайскоўцы яго групоўкі завяршылі штурм Купянска і ўзялі яго цалкам пад свой кантроль, за што генерал атрымаў званне Героя Расіі. У рэальнасці Купянск, наадварот, быў зачышчаны вайскоўцамі УСУ ад расійскіх вайскоўцаў, і ўсе карты аб’ектыўнага кантролю сітуацыі на лініі фронту гавораць пра тое, што руіны гэтага горада зараз знаходзяцца пад кантролем УСУ.
«У нас Запарожская вобласць — там кіламетрамі кожны дзень прасоўванне. Кіламетр дзвесце, кіламетр трыста, 800 м. Па фронце столькі ж у глыбіню», — казаў пра сітуацыю ў той жа Запарожскай вобласці Уладзімір Пуцін 4 чэрвеня, знаходзячыся ў Санкт-Пецярбургу на міжнародным эканамічным форуме. А ўсё той жа z-ваенкар Раманаў каментаваў гэтыя яго словы так: «Запарожская вобласць вырывае пальму першынства ў гр. Захад па закрасах і авансах! Пра Стэпнагорск Прэзідэнту МА, відаць, палічыла за лепшае змаўчаць».
Са Стэпнагорска расійскія войскі да таго моманту адступілі.

Бясконцае наступленне
Яшчэ ўвосень 2022 года, пасля цяжкай паразы расійскай арміі на ўсход ад Харкава, брытанскі гісторык і вайсковы эксперт Крыс Оўэн адзначаў, што афіцэры расійскай арміі часта хлусяць свайму начальству пра рэальны стан спраў і статус свайго падраздзялення.
«Наступствы гэтай хлусні, верагодна, былі вельмі цяжкімі для расійскіх вайскоўцаў. Камандныя рашэнні — дзе і калі атакаваць і абараняцца — прымаліся відавочна на аснове хлуслівай інфармацыі. Гэта прывяло да шматлікіх непатрэбных ахвяр і ваенных няўдач», — пісаў Оўэн, прыводзячы шмат пацвярджэнняў сказанаму.
Штодзённыя даклады афіцыйнага прадстаўніка Мінабароны Расіі генерала Канашэнкава літаральна разыходзіліся на мемы ўжо ў 2022 годзе. Напрыклад, 26 чэрвеня 2022 года Канашэнкаў даў справаздачу аб знішчэнні ўкраінскай вайсковай тэхнікі, якая перавышала яе колькасць на пачатак вайны — нават з улікам магчымых паставак.
Канашэнкаў больш не з’яўляецца на тэлеэкранах, але ўяўленне вышэйшага расійскага кіраўніцтва пра тое, як складваецца сітуацыя на лініі фронту, прынцыпова не змянілася.
Вывучэнне штабных дакументаў 58‑й і 5‑й армій паказвае, што вайсковая бюракратыя не толькі нікуды не дзелася, а стала яшчэ больш патрабавальнай у частцы рапартаў аб дасягненнях. Расійскія вайскоўцы павінны даваць справаздачу за кожны выпушчаны снарад — абгрунтаваць неабходнасць стрэлу і далажыць пра яго вынікі. Можна выказаць здагадку, што нікому не хочацца сумленна пісаць у справаздачы — «прамахнуліся» або «не ведаем, куды трапілі». У большасці адпаведных граф стаіць адзнака: цэль падавілі/паразілі/знішчылі. Такія справаздачы сумуюцца па ўсіх франтах, а выніковы даклад кладзецца на стол высокаму начальству.
Пры гэтым даклады па выкарыстанні БПЛА выглядаюць куды больш сціпла: адзнака «цэль паразілі» ставіцца рэдка, часцей — «БПЛА збіты/падаўлены РЭБ праціўніка/страчаная сувязь» і г. д. Верагодна, у выпадку з беспілотнікамі расійскае вайсковае начальства адным словам не верыць — патрабуецца візуальнае пацвярджэнне паспяховай атакі.
«Сцягаўтык» (на вайсковым слэнгу так называецца геалакаванае фота— або відэазапіс пранікнення ў тыл праціўніка) — гэта якраз адзін са спосабаў візуальнага пацвярджэння поспеху. Нягледзячы на тое, што такі поспех можа быць спрэчным або часовым, кадры з дэманстрацыяй сцяга служаць дакументальнай фіксацыяй прасоўвання штурмавых груп і выкарыстоўваюцца ў якасці справаздач, на падставе якіх перамалёўваюцца карты.
«Спробы прыхарошыць рэальную абстаноўку з дапамогай «сцягаўтыкаў» выглядаюць як мінімум недарэчна. Шкоды ад падобных «антыкрызісаў» было б менш, калі б яны заставаліся выключна ў сеціве, — піша z-блогер Анатоль Радаў. — На практыцы ж яны часта каштуюць жыццяў байцоў, адпраўленых у адзін канец для здымкі відэа і ўтойвання хлуслівых дакладаў».
«Закрасы» карт дзеля справаздач даюць скажоную карціну сітуацыі на полі бою. Дапусцім (пра гэта пішуць многія расійскія вайскоўцы), у штабах падраздзяленняў, якія ваююць, ёсць розныя карты — для справаздач і з рэальнай лініяй баявога сутыкнення. Але адным гэтым праблема не вырашаецца.
Ёсць і іншыя непрыемныя для расійскай арміі наступствы:
- парушаецца каардынацыя дзеянняў. Напрыклад, камандаванне авіяцыяй мае важкія прычыны для адмовы ад нанясення удараў па «сваёй» тэрыторыі, то-бок пазначанай на картах як такая, што ўжо знаходзіцца пад расійскім кантролем. А сухапутныя падраздзяленні, толькі што перакінутыя на гарачы ўчастак і яшчэ не знаёмыя з рэальным размяшчэннем сіл на полі бою, рызыкуюць нечакана нарвацца на праціўніка;
- заявы пра ўзятыя «ў крэдыт» населеныя пункты даюць УСУ інфармацыю пра кірункі, на якіх расійскія войскі будуць засяроджваць намаганні, што палягчае агнявое супрацьдзеянне, дае магчымасць ладзіць засады на маршрутах пранікнення;
- у расійскай арміі згушчаецца атмасфера ўсеагульнага недаверу. Як піша вядомы праваенны канал «Два майора», праз няведанне высокім начальствам рэальнай абстаноўкі «асобныя людзі спрабуюць змагацца не з праціўнікам, а са сваімі ж інфармацыйнымі рэсурсамі». У сваю чаргу, у інфармаваных вайскоўцаў і z-блогераў нарастае сумнеў у адэкватнасці высокага начальства.
Падобна на тое, расійскую вайсковую бюракратыю цяперашні стан спраў задавальняе. Ва ўсякім разе, за бессэнсоўныя «сцягаўтыкі» і ілжывыя «закрасы» ў расійскай арміі караюць рэдка (калі наогул караюць). А вось заахвочванні за рапарты пра чарговае «ўзяцце» чарговага населенага пункта адбываюцца рэгулярна.
«Асабліва тупа выглядае, як мы бясконца «наступаем», а карта рухаецца то ў адзін, то ў іншы бок. А самае сумнае, што ў гэтых геніяў некаторыя крыніцы сядзяць на вярхах. І карты ў ГШ і Мінабароны замалёўваюцца па тым жа прынцыпе» — бядуюць у чарговым Z-канале.
Пуцін заявіў, што Украіна перадала Расіі новыя прапановы па перамовах. Сярод іх — спыненне ўдараў углыб тэрыторыі
Пуцін памераў кіламетрамі, колькі расійскай арміі яшчэ засталося да перамогі
«А цар жа несапраўдны!» У Расіі нарастае раздражненне Пуціным
Расійскі вайсковец, які ваяваў ва Украіне, запісаў зварот да Пуціна і папярэдзіў пра мяцеж. Яго арыштавалі
Асноўнай рэакцыяй на Пуціна, Лаўрова, Пяскова ў расійскім тэлеграме стаў клоўн
Каментары
Цікава, ці назіраўся такі эфект у папярэдніх войнах і аперацыях РФ, СССР, РІ.
Тады магчымасцей незалежнай пераправеркі зводак было менш і гістарычных крыніц захавалася таксама менш.