Аляксандр Лукашэнка 19 кастрычніка падпісаў указ № 367 «Аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Дакумент прадугледжвае змены ў арганізацыі працы НАН, яе структуры і дзейнасці падпарадкаваных устаноў. Заяўленая мэта — умацаванне навуковага і вытворчага патэнцыялу, павышэнне практычнай скіраванасці і эфектыўнасці даследаванняў, піша БелТА.

Указ прадугледжвае ліквідацыю, рэарганізацыю і пераўтварэнне шэрагу дзяржаўных навуковых устаноў і навукова-практычных цэнтраў Акадэміі навук. На думку ўладаў, гэта павінна дапамагчы пазбавіцца ад дублявання функцый і засяродзіць рэсурсы на вырашэнні прыярытэтных для дзяржавы прыкладных задач у галіне тэхналогій і тэхнікі. Таксама зацверджаны новы варыянт статута НАН.
Для ўзмацнення кіраўнічай вертыкалі і персанальнай адказнасці кіраўніцтва статус дзяржаўных цывільных службоўцаў атрымаюць старшыня Прэзідыума НАН, яго намеснікі і галоўны вучоны сакратар. Старшыня Прэзідыума таксама атрымае паўнамоцтвы прызначаць і вызваляць ад пасад кіраўнікоў падпарадкаваных арганізацый, іх намеснікаў і вучоных сакратароў.
Паўнамоцтвы Прэзідыума і яго бюро пашыраць за кошт перадачы ім часткі функцый Агульнага сходу. Гэта павінна дазволіць хутчэй прымаць рашэнні, звязаныя з дзейнасцю Акадэміі навук. Акрамя таго, з улікам аптымізацыі будзе вызначаная максімальная штатная колькасць апарату НАН.
Зменіцца і парадак выбараў сапраўдных членаў Акадэміі навук — акадэмікаў — і членаў-карэспандэнтаў. Для кандыдатаў увядуць дадатковыя крытэрыі ацэнкі навуковых дасягненняў і ўзроставыя абмежаванні на момант вылучэння: да 70 гадоў для акадэмікаў і да 60 гадоў для членаў-карэспандэнтаў.
Кандыдаты павінны будуць мець навуковую ступень доктара навук і вучонае званне прафесара, кіраваць навуковымі, навукова-тэхнічнымі і галіновымі праграмамі, а таксама мець значны ўклад у развіццё навукі і навуковыя ды практычныя работы па заяўленай спецыяльнасці.
Акрамя таго, Лукашэнка атрымаў права сваімі ўказамі прысвойваць акадэмічныя званні асобам, якія зрабілі значны ўклад у развіццё нацыянальнай эканомікі, беларускай і сусветнай навукі.
Каментары
Адамке Дыраву?